Грамадства

«Разліў Heineken» з пахам каналізацыі. Чаму ў Лідзе зноў смярдзіць рака?

Жыхары Ліды і Лідскага раёна зноў скардзяцца на непрыемны пах з ракі. Вада выглядае бруднай, на паверхні калыхаюцца здохлыя рыбы, а смурод у некаторых месцах настолькі моцны, што людзі стараюцца не падыходзіць да берага. Гэта не новая праблема: падобныя гісторыі паўтараюцца ўжо не першае лета.

Дзітва цяпер. Фота: сацсеткі

«Разліў Heineken»

Адзін з жыхароў Лідчыны мяркуе ў сацсетках, што праблема можа быць звязаная са састарэлымі гарадскімі ачышчальнымі збудаваннямі і тым, што людзі скідваюць летам адкіды ў рэчку. 

Іншыя жыхары ўдакладняюць, што асабліва моцны смурод ідзе ад Астраўлянкі — невялікай ракі, якая працякае праз Ліду.

— Вось яна вельмі смярдзючая і брудная. Мясцовыя называюць яе «Смярдзючкай», а моладзь — «разлівам Heineken», — расказаў у сацсетках адзін з лідачан.

Жартаўлівая назва, імаверна, з'явілася праз незвычайны колер вады. Але за мясцовым гумарам стаіць праблема, якая цягнецца не першы год.

Рыба гінула, а ад вады пахла каналізацыяй

Дзітва — 93‑кіламетровая рака, большая частка якой працякае па тэрыторыі Беларусі. Яна бярэ пачатак у Літве, праходзіць праз Лідскі раён і ўпадае ў Нёман каля Бярозаўкі.

У рацэ нават водзіцца рачная стронга— гэта найлепшы прыродны сертыфікат якасці вады. У пойме Дзітвы сустракаюцца дзясяткі відаў птушак, у тым ліку рэдкія. Але рака неаднаразова сутыкалася з сур'ёзным забруджваннем.

Яшчэ ў ліпені 2014 года жыхары вёскі Даржы паведамлялі пра мёртвую рыбу і моцны непрыемны пах. Чыноўнікі тады галоўнай прычынай назвалі анамальную спёку: вада прагрэлася, а колькасць кіслароду ў ёй істотна знізілася.

У 2018 годзе было зафіксавана чарговае забруджванне, звязанае са сцёкамі Лідскай ЖКГ. Аднаго з адказных супрацоўнікаў прадпрыемства тады прыцягнулі да адказнасці, але абышоўся ён толькі штрафам.

Але асабліва цяжкай стала сітуацыя летам 2019 года. Вада ў Дзітве пацямнела, стала каламутнай і пакрылася шэрымі шматкамі. На берагах знаходзілі мёртвую рыбу, а мясцовыя жыхары скардзіліся на рэзкі пах каналізацыі і хіміі.

Утрыманне кіслароду ў вадзе тады ўпала да крытычнага ўзроўню. Прычынай называлі тэхналагічны збой на ачышчальных збудаваннях сумна вядомай з яшчэ мінулых разоў Лідскай ЖКГ: праз спёку пацярпеў актыўны глей — мікраарганізмы, якія ўдзельнічаюць у ачыстцы сцёкавых вод.

У выніку ў раку трапілі недастаткова ачышчаныя сцёкі, а канцэнтрацыя некаторых забруджвальных рэчываў перавысіла дапушчальныя паказчыкі.

«Мёртвая Дзітва»

Пікет «Мёртвая Дзітва» каля Лідскага райвыканкама. Фота spring96.org

У 2019 годзе праблему забруджвання Дзітвы публічна ўздымаў грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Каля вёскі Шырокае ён знайшоў месца, дзе ў раку скідаліся адходы.

Разам з Сяргеем Пантусам Ашурак выйшаў да будынка Лідскага райвыканкама з плакатам «Мёртвая Дзітва». За несанкцыянаваны пікет яго аштрафавалі.

Актывіст таксама звяртаўся ў пракуратуру і патрабаваў расследаваць абставіны забруджвання. У 2020 годзе крымінальную справу па факце забруджвання ракі аднавілі.

Вёска Шырокае, месца дзе ў Дзітву скідаліся адходы

У 2021 годзе Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Праз некалькі гадоў праблема, да якой ён спрабаваў прыцягнуць увагу, зноў нагадвае пра сябе.

Прыйшло лета — і ўсё паўтарылася

Цяпер у сацсетках публікуюць відэа з каламутнай вадой, дзе плавае здохлая рыба, і скаргі на смурод. Мясцовыя жыхары кажуць, што каля ракі цяжка знаходзіцца.

«Дапамажыце, калі ласка, неяк вырашыць пытанне з Дзітвай! Які год нехта нешта злівае ў раку, і знаходзіцца побач проста немагчыма!» — звярнуўся да ўладаў адзін з жыхароў.

2 ліпеня ў тэлеграм-канале мясцовага райвыканкама з’явіўся адказ уладаў. Паводле яго, ЖКГ цяпер працуе над ліквідацыяй прычын сітуацыі і лакальна чысцяць рэчышча.

Пры гэтым улады не ўдакладнілі, што менавіта стала прычынай цяперашняга забруджвання і непрыемнага паху.

У Лідзе таксама завяршаецца рэканструкцыя гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Цяпер там ідуць пусканаладачныя работы і комплекснае выпрабаванне новага абсталявання. Улады разлічваюць, што мадэрнізацыя палепшыць якасць ачысткі сцёкавых вод і дапаможа зменшыць забруджванне Дзітвы. Завяршыць усе неабходныя працэдуры плануюць цягам двух месяцаў.

Каментары

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг26

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць