«Такога ад Паўла я не чакаў». Як прайшла прэзентацыя самай асабістай кнігі Севярынца ў Вільні
Пра Беларусь гаварылі ўсе. Але галоўнай тэмай вечара стала любоў.

У вялікай светлай зале візіт-цэнтра Сейма Літвы вечарам 23 чэрвеня сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Перад пачаткам людзі гартаюць свежавыдадзеныя асобнікі кнігі «Беларусь — гэта святое» Паўла Севярынца, разглядаюць акварэльныя выявы беларускіх святыняў.

На сценах — вялікія фотаздымкі Літвы. За вокнамі — сонечная летняя Вільня, якая павольна апускаецца ў цёплы вечар. У залі чуваць шоргат старонак, прыглушаныя размовы і смех людзей, якія даўно не бачыліся.


Сярод прысутных можна заўважыць былых палітвязняў, актывістаў, даўніх паплечнікаў Паўла Севярынца. Сярод іх — Зміцер Дашкевіч, які прыйшоў разам з жонкай Настай і дзецьмі.
Сын Паўла Францішак, у белай кашулі і з матыльком, з дзелавым выглядам папраўляе стосікі кніг на стале. Побач усміхаецца яго мама Вольга.

Пакуль госці толькі збіраюцца, Павел Севярынец ужо падпісвае першыя асобнікі. Хтосьці пытаецца, колькі кніг ён напісаў.
— Чатырнаццаць, — адказвае ён без ценю пахвальбы.

Гэта кніга адрозніваецца ад усіх папярэдніх. Гэта не палітычныя эсэ і не раман, тут няма вялікіх палітычных канцэпцый ці праграмных артыкулаў. Тут — малюнкі беларускіх святыняў і вершы, якія нарадзіліся за кратамі, усё тое, што Павел спрабаваў захаваць, калі ў яго забралі амаль усё астатняе.

Сустрэча пачынаецца з прамоваў літоўскіх палітыкаў. Старшыня парламенцкай групы сяброўства з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Русланас Баранаўскас называе Паўла Севярынца «сапраўдным палітыкам» і чалавекам перакананняў, а Жыгімантас Павілёніс кажа, што беларусам яшчэ давядзецца змагацца за сваю будучыню і што Еўропа павінна падтрымліваць гэты няпросты шлях.
— Найлепшы спосаб гэта зрабіць — развіваць палітычную партыю, якая ўжо існуе — Хрысціянскую дэмакратыю. Мы зробім усё магчымае, каб падтрымаць перамогу БХД на першых вольных выбарах у Беларусі і разам ісці ў Еўропу. Я ўпэўнены, што Беларусь будзе сябрам Еўрасаюза і НАТА, — кажа Павілёніс.
Айцец Георгій Рой называе новую кнігу Севярынца «беларускім Псалтыром».
— Гэта беларускі працяг біблейскага Псалтыра. Бо Псалтыр — гэта кніга, у якой перад Богам выказваюцца ўсе пачуцці чалавека: і радасныя, і светлыя, і цяжкія — уся палітра чалавечых пачуццяў, — кажа святар. — Тут захавана не толькі тое, што перажыў Павел і ўсе тыя, хто прайшоў праз выпрабаванні турмой. Тут захавана тое, што перажываем мы ўсе — радасць, боль, надзея, страх, любоў. Нам ёсць што сказаць пасля ўсяго, што мы прайшлі. І вельмі добра, што гэтая кніга выйшла цяпер, пакуль яшчэ жывыя гэтыя пачуцці і яны не ператварыліся ў адрэдагаваныя ўспаміны.
Слухаючы яго, многія ў зале ківаюць галавой.
А пасля мікрафон бярэ Зміцер Дашкевіч. Ён ведае Севярынца амаль усё дарослае жыццё. Успамінае, што пазнаёміўся з ім каля 25 гадоў таму і што іх сяброўства прайшло праз маршы, палітычныя кампаніі і турэмныя камеры. Дашкевіч шмат жартуе.
— Мы ўжо прывыклі, што Павел раманы піша. Але вершы, малюнкі… Такога ад Паўла я не чакаў, я проста быў у шоку, — разводзіць ён рукамі і дадае: — Такога таленту чалавека сустрэць цяжка — і ў Беларусі, і ў Літве.

А пасля нечакана прапануе адправіць Севярынца на «Еўрабачанне».
— Вось чаго Павел яшчэ не рабіў, дык гэта не спяваў. Думаю, трэба прапанаваць літоўцам, каб Павел паехаў ад Літвы на «Еўрабачанне». Адразу будуць у тройцы лідараў! — жартуе Дашкевіч пад смех залы.
Але самыя цёплыя словы ён адрасуе не аўтару.
— Сёння мы павінны дзякаваць найперш Вользе і Францішку, якія прайшлі гэты шлях разам з Паўлам, — кажа ён. — Нам у турме было цяжка. Але за кожным палітвязнем заўсёды ёсць людзі, якія адбываюць гэты тэрмін разам з ім. Жонкі, якія носяць перадачы і гадзінамі чакаюць навін. Дзеці, якія растуць без бацькоў. Сем'і, на плечы якіх кладзецца ўсё жыццё.
Дарэчы, хутка і сам Зміцер плануе выдаць уласную кнігу ўспамінаў. Яна таксама нарадзілася з турэмнага досведу і шмат у чым пабудаваная на ліставанні з жонкай Настай.

Павел Севярынец выходзіць да мікрафона пад апладысменты. Ён пачынае гаварыць пра беларусаў па ўсім свеце, пра тое, што Бог нездарма раскідаў іх па розных краінах.
— Жыццё ў эміграцыі не павінна быць часам чакання. Беларусы, як пчолы, у розных краінах вольнага свету могуць вучыцца лепшаму і з перамогай прынесці гэты досвед дадому. У Амерыцы беларусы вучацца аптымізму. У Польшчы — пераадольваць наступствы савецкай спадчыны. У Нямеччыне — як будаваць інфраструктуру і індустрыю. У Францыі — прыгажосці. Ва Украіне — ваяваць за свабоду. А ў Літве беларусы павінны навучыцца паважаць сваю мову і сваю гісторыю так, як гэта робяць літоўцы.
Севярынец доўга разважае пра гістарычны момант, які цяпер перажывае краіна, пра магчымыя выпрабаванні, пра адказнасць дыяспары. Прыводзіць прыклады з гісторыі БНР, успамінае братоў Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, якія больш за сто гадоў таму дапамаглі прывесці Беларусь да абвяшчэння незалежнасці. Для Паўла гэтая гісторыя не пра мінулае, а пра сёння.

— Здавалася б, лета, час адпачынкаў, лецішчаў і падарожжаў. Але менавіта цяпер прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі агучвае ўльтыматум Лукашэнку, а навіны прымушаюць усё часцей думаць не пра адпачынак, а пра будучыню краіны. Мы чытаем, што Лукашэнка збіраецца ў далёкую замежную паездку і запэўнівае, што хвалявацца няма пра што. Але я бачу чалавека, які перад магчымай небяспекай нібыта ўжо рыхтуецца да нейкага іншага сцэнару.
І вельмі можа быць, што літаральна праз некалькі дзён мы апынёмся ў сітуацыі, пра якую яшчэ нядаўна думалі як пра малаверагодную. Гэта можа быць вайна. Гэта можа быць калапс рэжыму. Гэта можа быць спроба яшчэ больш глыбокага паглынання Беларусі Расіяй. Сёння ніводны з гэтых сцэнароў ужо не выглядае немагчымым. У найлепшым выпадку нам давядзецца рыхтавацца да таго, каб будаваць сапраўды незалежную Беларусь. У найгоршым — беларусам унутры краіны, магчыма, давядзецца сутыкнуцца з тым, што ўжо перажылі ўкраінцы: з вайной, супрацівам і барацьбой за сваю зямлю.
Але незалежна ад таго, які сцэнар нас чакае — лепшы, горшы ці нейкі прамежкавы, — сёння беларусам патрэбныя дзве рэчы. Па-першае, малітва і ўнутраная стойкасць. Па-другое, гатоўнасць да вялікіх выпрабаванняў і вялікай адказнасці. Бо гісторыя можа пастукаць у дзверы значна раней, чым мы чакаем.
І калі нас чакае вайна, і калі раптам прыйдзе свабода — а гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі, здавалася б, непахісныя рэжымы кшталту пуцінскага ці лукашэнкаўскага абвальваліся літаральна за лічаныя гадзіны, — нам усё адно давядзецца ўзяць на сябе вялікую адказнасць. Прычым мы, беларусы за мяжой, можам зрабіць сёння значна больш, чым часта самі сабе ўяўляем. Тут, у Літве і ў іншых краінах, мы маем больш магчымасцяў для арганізацыі, для падтрымкі адно аднаго, для працы на будучыню Беларусі. І таму адказнасць на нас кладзецца асаблівая. Таму, дарагія сябры, нам цяпер патрэбна больш згуртаванасці і больш адзінства, — кажа Павел.
А пасля ён распавядае гісторыю самой кнігі.
У турме ён рэгулярна пісаў лісты жонцы. Але аднойчы маленькі Францішак убачыў чарговы канверт і заплакаў.
— «Матулі ліст ёсць, а мне няма», — успамінае Севярынец словы сына.
Менавіта пасля гэтых слёз бацька вырашыў кожны тыдзень дасылаць яму асобны ліст. Але трохгадоваму дзіцяці цяжка чытаць вялікія тэксты, таму ён пачаў маляваць. Так пачалася гісторыя будучай кнігі. Спачатку былі лісты для сына, потым — дзясяткі малюнкаў беларускіх святыняў, а пасля і вершы.

Праз нейкі час узніклі праблемы з турэмнай адміністрацыяй. Начальства заўважыла, што малюнкі пачалі з’яўляцца на выставах за мяжой.
— «Северинец, мы посмотрели в интернете. Какие-то непонятные люди делают ваши выставки. Поэтому ваши письма больше никуда не пойдут», — пераказвае ён размову з супрацоўнікамі турмы.
З вершамі было яшчэ складаней — іх проста забаранілі адпраўляць. Тады Павел пачаў вучыць напісанае на памяць.
— Кожны аўторак я паўтараў 22 вершы на памяць. Ведаў: калі забуду хоць адзін радок, верш так і застанецца ў турме, — кажа ён.
Пасля выхаду на волю ён адразу запісаў усё па памяці на паперу.
— І толькі тады мяне адпусціла — усё, больш не трэба паўтараць па 22 вершы, — смяецца Павел.
Нехта з залы цікавіцца, як яму ўвогуле ўдалося ствараць такія дэталёвыя малюнкі за кратамі.
Севярынец усміхаецца і расказвае амаль анекдот.
Падчас адной з праверак намеснік начальніка турмы паглядзеў на ягоныя працы і заявіў: «Северинец, хорошо, что мы вас посадили. Смотрите, вы в тюрьме даже рисовать научились».
— Але маляваць мяне навучылі яшчэ ў мастацкай школе ў Віцебску, — адказаў ён.

Большасць храмаў ён маляваў па паштоўках, якія дасылалі людзі. З некалькіх розных выяваў складаў адну ўласную кампазіцыю, выбіраючы найбольш удалы ракурс і асвятленне.
А пасля пачынаецца самая кранальная частка вечара.
Павел зачытаў свае вершы. Потым да яго выйшла сям'я: верш зачытаў Францішак, затым — Вольга.

Яна выразна з пачуццём зачытала рамантычны верш, напісаны мужам для яе. У зале становіцца асабліва ціха. Увесь гэты час Францішак туліцца да мамы, абдымае яе за пояс.

Павел не адводзіць ад іх вачэй. У гэтым позірку шмат цяпла, пяшчоты і ўдзячнасці чалавека, які занадта добра ведае, чаго каштуе магчымасць проста стаяць побач.
Калі верш заканчваецца, Павел падыходзіць і цалуе жонку. Праз секунду тое самае робіць Францішак.

Зала ўсміхаецца і апладзіруе. Не так гучна, як на палітычных мітынгах, а па-хатняму цёпла, быццам прысутныя сталі сведкамі чагосьці вельмі асабістага.
Пасля заканчэння сустрэчы выстройваецца чарга па аўтографы.
Павел Севярынец кожнаму надае ўвагі: задае пытанні, удакладняе, ці падпісваць кнігу асабіста чалавеку ці ўсёй сям'і. А потым акуратна выводзіць некалькі радкоў пажаданняў і дадае спасылку на раздзел і верш з Евангелля — каб прачытаць дома.


Пакуль дарослыя абмяркоўваюць палітыку, будучыню Беларусі і апошнія навіны, Францішак дапамагае маме з кнігамі. Час ад часу нешта тлумачыць пакупнікам, прымае грошы, аддае кнігі і выглядае так, нібы займаецца гэтым усё жыццё.

Напрыканцы людзі яшчэ доўга не разыходзяцца. Фатаграфуюцца, размаўляюць, абдымаюцца.
А кніга, якая пачалася са слёз трохгадовага хлопчыка і некалькіх турэмных малюнкаў, працягвае сваё жыццё ўжо на волі. Як і яе аўтар.

Каментары