Грамадства44

Севярынец: Апоўначы здалося, што прыйшла смерць

Экс-палітвязень у сваім фэйсбуку апісаў адну ноч на Акрэсціна летам 2020 года.

«У ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня 2020 года амаль адразу пасля адбою ў мяне рэзка забалеў жывот і пачало ванітаваць.

Апоўначы здалося, што прыйшла смерць: такога дзікага болю і такой млосьці, мабыць, за ўсё жыццё не прыгадаю. Дапоўз да дзвярэй, грукаўся, патрабаваў доктара. Да самай раніцы лекар не падыходзіў. Ніколі тую ноч не забуду.

Ну ўсё, думаю, капец. Атруцілі, сволачы. Любуюцца, як канаю. Вось табе Пармская абіцель, смярдзючы закуток у падвале Акрэсціна. Так сабе смерць. За тыдзень да «выбараў». Гэта ж няма праблемы падмяшаць нешта ў пайку ці пітво. Малюся, ванітую, курчуся, зноў малюся, грукацца перастаў. Доктара ўжо не прасіў — мо таблеткай якой даб’юць, халера іх бяры.

Што гэта было — дагэтуль не ведаю. 

Адляжаў, ванітуючы ды млеючы, два дні. Не еў, не піў. На трэці дзень дзверы адчыняюцца — пераводзяць. 

Ну, думаю, трымайся. Калі спрабавалі ўгробіць — дык цяпер тады другая серыя.

Але ж вядуць на трэці паверх ізалятара. Адчыняюць кутавую камеру. Авой, а хата даверху заваленая скручанымі матрасамі. Вось, значыць, куды з усяго Акрэсціна «вату» пазапіхвалі! Усе камеры стаяць без матрасаў, а тут — склад.

І два пасажыры. Абодва на дэпартацыю. Адзін бангладэшац, быццам з-за кавіду прыехаў з Масквы без пашпарту і завіс у Мінску на паўгода (у пандэмію такое бывала). Другі — тыпу рускі, які выказаўся супраць Пуціна і чакае дэпартацыю ў Расію (ну, тут ужо мяне ўсміхнула — на тэму Пуціна стукачы тым летам былі накручаныя).

Ну, думаю, труціць ці забіваць пры двух сведках, калі можна гэта зрабіць без сведкаў, дурасць. У абед узяў пайку, паеў. Нармалёва. Выдыхнуў.

Абодва дэпартанты, нібы набобы, на нарах з трыма-чатырма матрасамі. Курорт! Але тут жа, уважліва аглядаючы матрасы, заўважыў вошай. Канечне, лета, «вата» з усяго ізалятара, адмысловы пітомнік. Але мне ўжо было ўсё адно. Лёг адсыпацца.

Раз на два дні да маіх стукачоў прыходзіла тыпу інспектарка з Дэпартаменту міграцыі (альбо апераддзелу), выводзіла ў калідор ці шапталася з імі ля кармушкі. 

І некалькі дзён бангладэшац і «рускі», у якога я ўлавіў лёгкі магілёўскі акцэнт, спрабавалі пераканаць мяне «бросіть палітіку», бо «батьку не взять». Ладна, думаю, таварышы, давайце дачакаемся 9 жніўня.

А 9 жніўня зранку бразгаюць ключамі: 

— Севярынец, галасаваць!

— Самі галасуйце, — кажу. — Выбараў няма, бюлетэні падмяняеце.

Яны нават пакрыўдзіліся.

— Да нет, у нас же коміссія.

Знаем вашы камісіі, ды яшчэ на Акрэсціна.

Удзень у калідоры з’явіліся аўтаматчыкі. «Узмацненне».

А з горада яшчэ з абеду нарастаў нязвыклы гул машын. Аўтамабільныя сігналы. Роў грузавікоў. Відаць, народ масава раз’язджаў па горадзе ў чаканні вынікаў, а сілавікі ўводзілі калоны тэхнікі. 

А ўвечары ўвесь Мінск загуў. І, як пачало цямнець — трэск, як гукі далёкіх стрэлаў, выбухі, гул і свіст, быццам на стадыёне.

Пачалося.

З закратаванага акенца камеры быў відаць кавалачак двара і агністая далячынь Менску, адкуль неслася кананада, якая бывае пад Новы год. Толькі гэты разам няспынная.

Нават у турме было зразумела, што хваля пратэсту надмерная. 

Малюся Богу і слухаю. Дрыжыкі па спіне. 

А некалькі супрацоўнікаў Акрэсціна, паселі ў калідоры са сваімі рацыямі, уключылі гучную сувязь – і нам у камеры было добра чуваць каманды, шум і выбухі з месца падзей.

Якія каманды і што было потым — раскажу наступным разам». 

Каментары4

  • Indrid Cold
    22.06.2026
    Атруціць - атруцілі, але забіць свайго прарока Бог не дазволіў. Ну а хто руку падняў на святога - той сам памрэ.
  • Gar
    22.06.2026
    Ў дадзены выпадак вельмі хочацца пачуць што думае Северынец і Беляцкі наконт магчымага спальвання НПЗ ў Беларусі.
    Не расейскіх рэірансляіараў і іншых вайсковых аб'ектаў. З іх знішчэннем ў Беларусі поўная салідарнасць. А вось менавіта канкрэтна з беларускімі НПЗ.
    Вострае пытанне да іх.
    Тое што лічаць офісы - кабінеты, "расследаваннікі" і "ціскуны" вядома. Там на лбу іх ўсе напісана. Але што на конт НПЗ думае дакладна Севярынец, дакладна Беляцкі не вядома. А людзям хочацца ведаць.
  • імя
    22.06.2026
    Мянчук, там дзіч не спыняецца

Цяпер чытаюць

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі23

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Бяда ў беларускага Z-гурта Skynet: саліст скардзіцца, што ўлады не пускаюць іх на сцэну30

Spotify будзе правяраць праз QR-код, ці жывуць сумесна ўладальнікі сямейных падпісак7

Кая Калас: Амерыканскія перамоўшчыкі ўжо амаль два гады спрабуюць схіліць Украіну да капітуляцыі5

У Бярозаўскім раёне мужчына прайграваў у казіно нават дапамогі на выхаванне дзіцяці

У 46 год памёр віцэ-прэзідэнт EPAM, адзін з кіраўнікоў бізнэсу ў Паўночнай Амерыцы Алег Вільчынскі6

Японія паспяхова запусціла місію да спадарожнікаў Марса1

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка5

Кіраўнік Ryanair прадказаў «найбуйнейшае ў гісторыі» павышэнне цэн на авіяквіткі ў Еўропе1

Замежныя пастаўшчыкі 10 гадоў падкуплялі топ-менеджараў БелАЗа, МТЗ і «Атланта»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі23

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць