Мясцовыя ўлады атрымалі даручэнне тэрмінова падрыхтаваць дакументы на пазбаўленне ахоўнага статусу гістарычных аб'ектаў. Патэнцыйна ахоўнага статусу могуць пазбавіць і знесці тысячы помнікаў. На прыкладзе толькі аднаго раёна бачна, што пад нож ідуць амаль выключна шляхецкія сядзібы.


Тэлеграм-канал «Спадчына» апублікаваў дакумент за подпісам намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Ільясевіча, адрасаваны старшыням раённых і гарадскіх выканкамаў.
У першым абзацы дакумента адзначаецца, што праца вядзецца з мэтай «выканання даручэнняў Савета міністраў па пытанні выключэння асобных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей». Гэта паказвае, што скарачэнне спіса помнікаў — цэнтралізаваная ініцыятыва ўрада, а не рашэнне мясцовых чыноўнікаў.


Згодна з дакументам, чыноўнікі Клецкага раёна павінны былі да 10 жніўня 2026 года сфарміраваць пакет дакументаў для выключэння сямі гістарычных аб'ектаў. Ад іх патрабавалася скласці акты абследавання і апісаць страты, каб юрыдычна абгрунтаваць неабходнасць пазбаўлення статусу.
У пералік на выключэнне ў Клецкім раёне трапілі адразу два помнікі 2‑й катэгорыі (рэспубліканскага значэння): драўляны класіцыстычны палац Радзівілаў у Радзівілімонтах (сучасная вёска Чырвоная Зорка), пабудаваны ў 1780‑я гады па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, і фрагменты фальварка Вайніловічаў у Кунцаўшчыне.



Таксама пазбаўляюцца ахоўнага статусу 3‑й катэгорыі гістарычныя сядзібы Яленскіх у Тучы, Вендорфаў у Галынцы, Чарноцкіх у Лецяшыне і Лабоцкіх у Цясноўцы. Сёмы аб'ект у спісе — драўляны шатровы вятрак у вёсцы Шайкі.
Параўнанне спіса на выключэнне з агульным Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Клецкага раёна дэманструе пэўную тэндэнцыю ў выбары аб'ектаў.
Да з'яўлення дакумента ў раёне афіцыйна ахоўвалася 30 аб'ектаў. З іх выкрэсліваюць 7 (23%).


У раёне налічваецца восем брацкіх магіл і савецкіх вайсковых мемарыялаў — ніводны з іх не пазбаўляецца статусу. Пакуль застаюцца пад аховай усе сем аб'ектаў культавай архітэктуры (праваслаўныя і каталіцкія храмы, а таксама будынак былога ешыбота), а таксама два помнікі археалогіі — гарадзішча і курганны могільнік.
Пазбаўленне статусу закранае амаль выключна шляхецкія сядзібна-паркавыя комплексы. З дзевяці такіх аб'ектаў у Клецкім раёне ахоўны статус губляюць шэсць. Гэта значыць, што раён адным росчыркам пяра страчвае дзве траціны сваёй гістарычнай сядзібнай спадчыны.

Цікава, што не абараняе ад выключэння нават статус 2‑й катэгорыі каштоўнасці, гэта значыць помніка рэспубліканскага значэння, які мае гістарычнае і культурнае значэнне для ўсёй краіны. У раёне было ўсяго тры аб'екты 2‑й катэгорыі — царква ў Галынцы, комплекс у Радзівілімонтах і фальварак у Кунцаўшчыне. Два апошнія са спісу плануюць выключыць.

Гэтая беспрэцэдэнтная зачыстка адбываецца на фоне таго, што беларускі пералік помнікаў і так мізэрны ў параўнанні з суседнімі краінамі. Як мы пісалі раней, у Дзяржаўным спісе Беларусі налічваецца ўсяго каля 5600 аб'ектаў (з якіх рэальных гістарычных будынкаў — трохі больш за 3000). Для параўнання, у невялікай Літве пад аховай знаходзіцца звыш 26 тысяч аб'ектаў, а ў Польшчы — каля 80 тысяч у прэстыжным спісе і больш за паўмільёна ў звычайным, які па сваім характары мала чым адрозніваецца да беларускага Дзяржспісу. Аднак беларускі спіс не проста не пашыраецца, яго ўвесь час імкнуцца скараціць або прынамсі не даць дадаць новыя аб’екты.
Загубіць, каб спісаць
Для таго каб юрыдычна абгрунтаваць выключэнне аб'екта з Дзяржаўнага спіса, чыноўнікам неабходна даказаць страту ім гістарычнай каштоўнасці або фізічнае разбурэнне пры немагчымасці навуковага аднаўлення. Аднак гэтае разбурэнне часцей за ўсё з'яўляецца вынікам свядомага шматгадовага бяздзеяння саміх уладаў.
Напрыклад, драўляны шатровы вятрак у вёсцы Шайкі, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы амаль чатыры дзесяцігоддзі (з 1987 года), абрынуўся ад спарахнеласці ў ліпені 2025 года, бо за гэты час мясцовыя ўлады, на чыім балансе знаходзіўся помнік, не зрабілі літаральна нічога, каб яго захаваць.


Падобна сітуацыя адбылася і з сядзібным домам Лабоцкіх у Цясноўцы. У 2017 годзе абрынуўся класіцыстычны порцік на галоўным фасадзе сядзібы, але ні да таго, ні пасля інцыдэнту, мясцовыя чыноўнікі зноў не зрабілі нічога. Цяпер вынік іх бяздзейнасці стане фармальнай падставай для зняцця ахоўнага статусу.
Гэта толькі прыклады, калі развалілася «само», але ёсць прыклады, калі гэтаму разбурэнню дапамагалі. У 2021 годзе мясцовыя гаспадарнікі без перашкод знеслі некалькі будынкаў XIX стагоддзя і спілавалі 52 дрэвы ў гістарычным парку ў Радзівілімонтах, бо межы аховы, распрацоўку якіх мясцовыя ўлады мусілі заказаць у спецыялістаў, не былі распрацаваныя і зацверджаныя.
Згодна з заканадаўствам, давядзенне гісторыка-культурнай каштоўнасці да разбурэння з'яўляецца крымінальным злачынствам. Але каб не выйсці на саміх сябе пры пошуку вінаватых, найлепшае выйсце — пазбавіць аховы тое, што сваімі ж рукамі давялі да ручкі.
Раней хаця б спрабавалі перакласці адказнасць на наіўнага інвестара, які згадзіцца на аднаўленне руін за ўласныя грошы. Так сядзібу Яленскіх у Тучы канца XVIII стагоддзя неаднаразова безвынікова выстаўлялі на аўкцыён за 1 базавую велічыню. Цяпер знайшоўся спосаб прасцей.
Што адбываецца пасля пазбаўлення статусу
Выключэнне з Дзяржаўнага спіса, гэтаксама як і афіцыйная адмова ў наданні статусу, фактычна з'яўляецца смяротным прысудам для гістарычнага аб'екта ў Беларусі. Практыка паказвае, што за адпаведным рашэннем імгненна ідзе праца бульдозераў.


У 2021 годзе ў вёсцы Двор-Гомель Полацкага раёна мясцовыя ўлады знеслі драўляную сядзібу Арліцкіх адразу пасля таго, як абласная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб «недастатковасці падстаў» для надання будынку ахоўнага статусу, нягледзячы на тое, што тая ж рада рэкамендавала мясцовым уладам захаваць гістарычны аб’ект.


Яшчэ больш абуральны выпадак адбыўся з загараднай рэзідэнцыяй уніяцкага мітрапаліта Сестранцэвіча ў магілёўскім Пячэрску, якая пазней стала псіхіятрычнай бальніцай. У 2000‑я гады па ініцыятыве мясцовых уладаў комплекс быў пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пасля чаго большасць гістарычных карпусоў хутка знеслі і расчысцілі пляцоўку.


Летам 2026 года ў Мінску пачалі знос корпуса бальніцы па вуліцы Петруся Броўкі, 5, спраектаванага пад кіраўніцтвам французскага архітэктара-мадэрніста Андрэ Люрса. Улады дамагліся выключэння будынка са Спіса, нягледзячы на яго добры стан. Фармальную падставу для пазбаўлення статусу забяспечылі лаяльныя акадэмікі, якія падпісалі патрэбнае Саўміну заключэнне аб «страце каштоўнасці».



Нават калі гістарычныя будынкі з’яўляюцца часткай сядзібы і ствараюць яе непаўторнае атачэнне, але фармальна не ўнесены ў Спіс асобным радком, іх знішчаюць як звычайныя занядбаныя савецкія баракі. Так у канцы 2023 года ў Вялікай Ліпе Нясвіжскага раёна быў цалкам знесены гаспадарчы двор пры сядзібе Абуховічаў. Ахоўнага статусу ён не меў, а межы самой сядзібы не былі зацверджаныя.
А ў мінулым месяцы Дзяржынскі райвыканкам шукаў тых, хто выкупіць рэшткі ўнікальнага класіцыстычнага храма Святых Пятра і Паўла 1836 года ў вёсцы Старынкі з адной умовай — новы ўласнік мусіць цалкам знесці гістарычны аб’ект, які дагэтуль не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Так што лёс тых аб’ектаў, якія будуць пазбаўленыя ў рамках гэтай глабальнай чысткі, прадвызначаны загадзя — іх проста не стане.


Працяг барацьбы з «польскай акупацыяй»?
Пасля палітычнага крызісу 2020 года беларускі рэжым апынуўся ў татальнай залежнасці ад Расіі. У абмен на эканамічную і сілавую падтрымку спатрэбілася поўная сінхранізацыя з расійскімі імперскімі наратывамі. Любая самастойная, дасавецкая, еўрапейская гісторыя Беларусі — завязаная на Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай — пачала разглядацца як патэнцыйная крыніца нелаяльнасці і прычына па якой беларусы не атаясамляюць сябе з Расіяй. Сённяшняя палітыка беларускіх уладаў сінтэзуе ў сабе розныя пласты варожасці да ўсяго «польскага», пад якім разумеецца ўсё нерасійскае.


Па-першае, гэта спадчына Расійскай імперыі, якая пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на працягу ўсяго XIX стагоддзя жорстка душыла любыя праявы «польскасці» і каталіцтва, якое таксама лічылася польскай верай, на далучаных тэрыторыях. Па-другое, гэта савецкая ідэалагічная траўма. Для бальшавікоў Польшча была галоўным ідэйным ворагам на захадзе, які ў 1920 годзе паспяхова адбіў націск Чырвонай арміі і заняў палову Беларусі. Невыпадкова ў 2023 годзе ўлады прымусілі зафарбаваць роспіс з Варшаўскай бітвай у касцёле ў Солах. Пазней менавіта Польшча адной з першых самастойна скінула ярмо савецкай ідэалогіі, запусціўшы ланцуговую рэакцыю распаду ўсяго Усходняга блока. Урэшце, гэтыя старыя імперскія і савецкія фобіі наклаліся на падзеі 2020 года, калі Польшча стала цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі і найбольш паслядоўным правадніком жорсткіх эканамічных і персанальных санкцый Еўрасаюза супраць беларускага рэжыму.
Уся еўрапейская традыцыя Вялікага Княства Літоўскага ва уніі з Польскім Каралеўствам, а пасля і Рэчы Паспалітай пачала разглядацца як крыніца патэнцыйнай нелаяльнасці. Афіцыйны старт перапісванню гісторыі даў асабіста Аляксандр Лукашэнка 6 студзеня 2022 года на нарадзе па пытаннях «гістарычнай палітыкі». Ён заявіў, што да 2020 года ў краіне было «занадта шмат партрэтаў польскай і літоўскай знаці», і менавіта гэта прывяло да пратэстаў. Была сфармулявана ідэя падаваць перыяд Рэчы Паспалітай у падручніках і музеях «польскай акупацыяй і этнацыдам беларусаў».
Эпоха ВКЛ была апісана як прыватызаваная сучаснымі літоўцамі, але пры гэтым уся мясцовая арыстакратыя была выведзена з паняцця «беларускага народа». Іх прыраўнялі да каланізатараў, якія «мянялі беларусаў на сабак».
Адзінымі бяспечнымі гістарычнымі перыядамі былі прызнаныя Старажытная Русь, знаходжанне ў складзе Расійскай імперыі і, як фінал фарміравання нацыі, — савецкі перыяд і Вялікая Айчынная вайна.

Спачатку па краіне прайшла хваля разбурэнняў помнікаў жаўнерам Арміі Краёвай. Пасля змена гістарыяграфічнай парадыгмы запатрабавала і перапісвання нацыянальнага пантэону.
Галоўны ўдар прыпаў на кіраўнікоў антырасійскіх паўстанняў XVIII—XIX стагоддзяў — Тадэвуша Касцюшку і Кастуся Каліноўскага, таксама закранула і дзеячаў беларускага нацыянальнага руху канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, значная частка якіх належала да каталіцкай шляхты або каталіцкага духавенства, што для беларускіх уладаў раўназначна «палякам», які хацелі адарваць Беларусь ад Расіі.
Так, у дзяржаўных медыя, з вуснаў прапагандыстаў і праўладных гісторыкаў пачаў сістэматычна ўкараняцца наратыў, што Каліноўскі не рэвалюцыянер-дэмакрат, як лічыла савецкая гістарыяграфія, а «польскі тэрарыст» і «рэлігійны фанатык», які нібыта ствараў расстрэльныя каманды і выразаў праваслаўнае сялянства, што не хацела ваяваць за інтарэсы Варшавы. Дадатковым трыгерам стала стварэнне ва Украіне Палка імя Каліноўскага, што дазволіла прапагандзе звязаць імя гістарычнага дзеяча з сучасным узброеным супрацівам. А Касцюшка стаў выключна «патрыётам Польшчы», паражэнне паўстання якога і падзелы Рэчы Паспалітай дазволілі захавацца беларусам як народу.

У 2023 годзе каля чыгуначнага вакзала ў Гродне знеслі помнік паўстанцам 1863 года. Праз год з будынка Новага замка знікла шыльда ў гонар паўстання 1794 года. У абодвух выпадках улады рабілі выгляд, што не маюць ніякага ўяўлення пра лёс мемарыяльных знакаў. У канцы таго ж года яшчэ адзін помнік знік у вёсцы Слабодка Астравецкага раёна.

У маі 2025 года ў Малых Сяхновічах таемна прыбралі бюст Касцюшкі і экспазіцыю пра героя ў мясцовым музеі.
У 2024 годзе ў Кобрыне перайменавалі вуліцу Каліноўскага, а таксама анансавалі змену назвы аднайменнай вуліцы ў Мінску. Гімназіі ў Свіслачы, якая насіла імя Каліноўскага, прысвоілі імя савецкай падпольшчыцы.
Усведамляючы, што еўрапейскае мінулае застаецца папулярным у грамадстве, рэжым пачаў ціск на сферу культуры і турызму. Усё, што звязана са шляхтай, аўтаматычна прыраўноўваецца да «прапаганды пальшчызны».
Цкаванне з боку праўладных прапагандыстаў зведаў папулярны парк гісторыі «Сула». Ім не спадабалася прапаганда «польскага складніка нашай гісторыі», згадкі езуітаў, услаўленне шляхты і караля Стэфана Баторыя, які трыумфальна перамог расійскага тырана Івана Жахлівага ў Лівонскай вайне. Паказальна, што ў выніку юрыдычная асоба «Сялянская (фермерская) гаспадарка «Вялікае княства Сула» змяніла сваю назву на «Сялянская (фермерская) гаспадарка «Краіна Скарбаў».
Сёлета таксама адмянілі фестываль-рэканструкцыю «Наш Грунвальд» — перамога аб'яднанага войска ВКЛ і Польшчы больш не ўпісваецца ў дазволены канон.
На фоне гэтай антынацыянальнай палітыкі, дзе ўсё нерасійскае абвешчана польскім, а значыць прама варожым, пазбаўленне ахоўнага статусу шляхецкіх сядзіб выглядае ўжо не столькі цынічным дбаннем пра добрую справаздачнасць, колькі працягам ідэалагічнай зачысткі Беларусі ад любых прыкмет інакшасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
Каментары