Спорт55

Нямецкі эканаміст, які паспяхова прадказаў трох апошніх чэмпіёнаў свету па футболе, зрабіў свае стаўкі на 2026

Ёахім Клемент апублікаваў даныя свайго новага даследавання, якое грунтуецца на распрацаванай ім матэматычнай мадэлі.

Мікі ван дэ Вэн, футбаліст зборнай Нідэрландаў, 27 сакавіка 2026. Фота: AP Photo / Peter Dejong

Калі падчас чэмпіянату свету 2010 года ў Паўднёвай Афрыцы васьміног Пауль праславіўся тым, што правільна прадказаў усе вынікі матчаў зборнай Германіі, то цяпер ролю самага вядомага футбольнага прадказальніка ўзяў на сябе нямецкі эканаміст Ёахім Клемент. Як піша BBC, яго статыстычная мадэль ужо тройчы запар беспамылкова вызначала будучага чэмпіёна свету — у 2014 годзе гэта была Германія, у 2018‑м Францыя, а ў 2022‑м Аргенціна.

Сёлета мадэль Клемента аддала перавагу Нідэрландам. Калі нідэрландская зборная сапраўды заваюе тытул, гэта стане чацвёртым запар паспяховым прагнозам эканаміста.

Распрацаваная ім сістэма не толькі вызначае імавернага пераможцу, але і мадэлюе ход усяго турніру.

Паводле разлікаў Клемента, адной з галоўных сенсацый можа стаць перамога Японіі над Бразіліяй у другім раўндзе плэй-оф. На гэтай жа стадыі турніру, на яго думку, выбудзе і зборная Шатландыі, якая саступіць Паўднёвай Карэі.

Мадэль таксама прагназуе выхад Англіі ў паўфінал. Аднак там англічане могуць саступіць Партугаліі, якая зноў перакрые ім шлях да фіналу — падобна да таго, як гэта адбылося на чэмпіянаце свету 2006 года.

Сам Клемент ставіцца да сваіх поспехаў значна больш стрымана, чым многія яго прыхільнікі. Ён падкрэслівае, што першапачаткова ствараў мадэль не для заробку на стаўках і не для таго, каб дакладна прадказваць будучыню. Наадварот, яго мэтай было паказаць, наколькі самаўпэўненымі часам бываюць эканамісты, калі спрабуюць прагназаваць падзеі, на якія ўплывае занадта шмат выпадковых фактараў.

Пасля таго як прагноз на перамогу Германіі ў 2014 годзе спраўдзіўся, Клемент меркаваў, што наступныя разлікі пакажуць выпадковы характар гэтага поспеху. Але мадэль зноў аказалася правільнай у 2018 і 2022 гадах. У выніку многія пачалі ўспрымаць яе амаль як беспамылковы інструмент.

Ад чаго залежыць перамога?

Пры гэтым эканаміст нагадвае, што поспех нацыянальнай зборнай сапраўды залежыць ад шэрагу фактараў, якія можна ўлічыць у разліках. Сярод іх — колькасць насельніцтва краіны, узровень яе эканамічнага развіцця, кліматычныя ўмовы і пазіцыя ў рэйтынгу ФІФА. Аднак гэтыя паказчыкі, паводле Клемента, тлумачаць толькі частку выніку.

Не менш важную ролю адыгрывае ўдача. У матчах паміж камандамі падобнага ўзроўню ўсё можа вырашыць форма гульцоў у канкрэтны дзень, спрэчнае судзейскае рашэнне або выпадковы эпізод — напрыклад, ці трапіць мяч у штангу, ці апынецца ў сетцы варот. Такія моманты практычна немагчыма прадбачыць загадзя.

Сёння Клемент жыве і працуе ў Вялікабрытаніі, дзе займае пасаду стратэга ў інвестыцыйным банку Panmure Liberum. Ён прызнаецца, што напярэдадні кожнага чэмпіянату свету футбольныя прагнозы становяцца для яго своеасаблівым адпачынкам ад асноўнай працы і магчымасцю хоць ненадоўга адцягнуцца ад міжнародных крызісаў, войнаў і іншых трывожных навін.

Разам з папулярнасцю прагнозаў расце і адказнасць. Паводле слоў эканаміста, пасля публікацыі апошняга прагнозу некаторыя яго калегі нават паставілі грошы на перамогу Нідэрландаў. Таму ён жартуе, што калі нідэрландцы вылецяць з турніру раней часу, то на наступны дзень яму, магчыма, давядзецца працаваць дыстанцыйна з дому.

Каментары5

  • Fed
    03.06.2026
    Teddy, Марадона трапіў на ЧС 1994 і забіў нават гол ў першай гульні, А ў другой зрабіў галявы пас. Але потым пасля Другой гульні яго дысквалікавалі за допінг. Памятаю як тады ўсе казалі што гэта нібы та немцы падставілі Марадону каб ен выбыў з гульні, бо без яго ў Аргенціны шансаў на золата не было. Без Марадоны сапраўды Аргенціна прайграла апошнюю гульню ў групе і матч ў 1/8 фінала. Пасля паразы казаў тады Радонда, поўабаронца зборнай Аргенціны што ўсю гульню шукаў Дыега Марадону на полі каб даць таму пас, але не мог знайсці.
  • Жвір
    03.06.2026
    А я прадказваю перамогу Бразіліі ! Таму, што я так хачу, вось і ўся мая мадэль...
  • Brobbey
    03.06.2026
    Вiдавочна только нападникi не самы top, астатнiя - вельмi моцныя, але ўсё роўна не перамогуць)

Цяпер чытаюць

Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм16

Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм

Усе навіны →
Усе навіны

Азіяцкі жук-забойца прайшоў праз Расію і Украіну да Еўропы. Яго ўжо выявілі ў Беларусі — пад ударам ясені7

У Мінску прадаюцца ягады па 150 рублёў за кілаграм1

Пад Бабруйскам раніцай заўважылі смерч1

Прэзідэнтам Венгрыі можа стаць вядомая шахматыстка Юдзіт Полгар6

Украінскае выданне патлумачыла сутнасць прэтэнзій да галоўнакамандуючага Сырскага13

Стаў вядомы прысуд падпалкоўніку Чарамных, якога абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве і ў «распальванні варожасці» пры гэтым6

Выйшла па-беларуску кніга пра Тадэвуша Кандрусевіча. У загаловак вынесены словы яго маці1

«Адчула плявок — і ўсе смяюцца». У польскім Быдгашчы сям'я напала на мужа і жонку з Беларусі26

Жыхары Нароўлі б’юць трывогу, што ў мясцовай бальніцы закрылі дзіцячае аддзяленне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм16

Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць