Хто быў нулявым пацыентам на круізным лайнеры, дзе ўспыхнуў хантавірус, і як ён заразіўся
Экспедыцыя ў пошуках рэдкай птушкі каштавала жыцця мужу і жонцы.

Нулявым пацыентам падчас успышкі хантавіруса на круізным лайнеры лічаць арнітолага з Нідэрландаў Леа Схілперурда, расказвае The New York Post.
70‑гадовы мужчына і яго 69‑гадовая жонка Мір’ям знаходзіліся ў пяцімесячным падарожжы па Паўднёвай Амерыцы. Яны прызямліліся ў Аргенціне 27 лістапада, наведалі Чылі і Уругвай, а 27 сакавіка вярнуліся ў Аргенціну, дзе адправіліся ў экспедыцыю для назірання за птушкамі.
Яны наведалі сметнік недалёка ад горада Ушуая. Гэтае месца мясцовыя жыхары абыходзяць, але яно з’яўляецца пунктам паломніцтва для арнітолагаў з усяго свету, якія шукаюць рэдкую птушку — белагорлую каракару, празваную «каракарай Дарвіна» ў гонар знакамітага эвалюцыйнага біёлага Чарльза Дарвіна, які першым апісаў гэты від.
Аргенцінскія ўлады мяркуюць, што менавіта на сметніку Ушуаі пара ўдыхнула часціцы фекалій доўгахвостых рысавых пацукоў, якія пераносяць небяспечны штам хантавіруса (андэс) — адзіную форму, здольную перадавацца ад чалавека да чалавека.
1 красавіка пара ўзышла на борт судна MV Hondius ва Ушуаі разам з 112 іншымі пасажырамі, многія з якіх таксама былі навукоўцамі або аматарамі птушак. 6 красавіка Леа паведаміў пра ліхаманку, галаўны боль, боль у жываце і дыярэю. Ён памёр на караблі праз пяць дзён.
Мір’ям сышла з карабля разам з целам Леа 24 красавіка падчас запланаванага прыпынку на востраве Святой Алены ў Атлантычным акіяне. Яна вылецела ў Яханесбург (ПАР) і павінна была перасесці на рэйс KLM да Нідэрландаў, але так і не трапіла дадому. Экіпаж палічыў яе стан занадта цяжкім для палёту і зняў з рэйса. Яна страціла прытомнасць у аэрапорце і памерла на наступны дзень.
Каментары
што б мы рабілі без навукі і навукоўцаў?
Прабачце засумныя разважанні.