20 гадоў таму, 19 сакавіка 2006 года, у Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, на наступны дзень у цэнтры Мінска ўзнік намётавы гарадок.

Паводле ЦВК, Лукашэнка набраў 82,6% галасоў. Мілінкевіч — 6%, Гайдукевіч — 3,5%, Казулін — 2,3%. Нязгодныя з вынікамі галасавання людзі вечарам, а гэта была нядзеля, выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Па розных падліках, вечарам 19 сакавіка там сабралася ад 10 да 30 тысяч пратэстоўцаў.
У той вечар была моцная завіруха. Мітынг скончыўся шэсцем да Плошчы Перамогі і ўскладаннем там кветак.
А на наступны дзень, 20 сакавіка, моладзь прыняла рашэнне заставацца на Плошчы і паставіла намёты (у выніку іх колькасць вырасла да трох дзясяткаў), вакол намётаў сталі шчыльным колам людзі. Яны патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і ўрада.
Мястэчка пратрымалася тры дні. Спачатку затрымлівалі тых, хто нёс удзельнікам прадукты і адзенне, а таксама тых, хто адыходзіў з Плошчы.
Намётавае мястэчка (яго назвалі Плошча Каліноўскага) пратрымалася да ночы 24 сакавіка, пакуль а 4‑й раніцы не было знішчана сілавікамі.
Каля 300 чалавек былі затрыманыя і адпраўленыя на суткі на Акрэсціна і ў Жодзіна.
Адбылася зачыстка і 25 сакавіка. Шэсце, якое ўзначальваў Аляксандр Казулін (яго ўдзельнікі ішлі на Акрэсціна), было разагнанае. Сам Казулін быў затрыманы і асуджаны паводле крымінальнай справы.
Каментары
- М-і-л-і-н-к-е-в-і-ч!
1-е затрыманне з выкручваннем рук у роднай рускай школе.
1-е знаёмства з малпоўнікам роднага РУУС.
Дзіўны званок з запрашэннем на сумоўе па спецыяльнасці, які зроблены, калі ты вечарам на плошчы.
Нечаканае вызваленне з РУУС без суда, з-за адсутнасці абвінавачвання.
Асцярожнае спатканне з чалавекам, які так і не змог дараваць Мілінкевічу тое ускладанне кветак пасьля Жодзіна і Акрэсціна.