Дальнабойшчыкі зарабляюць шмат, але калі ідуць на пенсію або па крэдыт, то выяўляецца, што не ўсё так радасна
Беларускія дальнабойшчыкі, якія працуюць у Еўропе, зарабляюць сапраўды годна, але ёсць нюанс.

Па факце больш, чым на паперы
Дзясяткі тысяч беларусаў працуюць дальнабойшчыкамі ў краінах ЕС, у асноўным у Польшчы (каля 55 тысяч) і ў Літве (каля 20 тысяч).
Пачаткоўцы, як правіла, атрымліваюць па 85 еўра за суткі працы, больш дасведчаныя — каля 95—100 еўра. Больш маюць кіроўцы аўтавозаў — каля 120—130 еўра за суткі.
Часцей за ўсё яны працуюць кадэнцыямі па 4—6 тыдняў, пасля чаго маюць адпачынак на 2—3 тыдні. Атрымліваецца, што за год такі кіроўца працуе 8 месяцаў, а 4 — адпачывае.
Адпаведна, пры заробку 100 еўра за суткі такі кіроўца атрымае за год 24 тысячы еўра, што адпавядае сярэднемесячнай зарплаце ў 2000 еўра. Гэта прыкметна больш за сярэднюю зарплату ў Польшчы або Літве.
Здавалася б, што пры такіх заробках «на рукі» чалавек мог бы разлічваць на добрую пенсію і вялікую максімальную суму крэдыту. Але гэта не зусім так. Рэч у тым, што з гэтых 2000 еўра часцяком зарплата складае толькі каля паловы ад агульнай сумы, а ўсё астатняе — гэта камандзіровачныя.
Мінімальны заробак = мінімальная пенсія
Праз гэта беларус, які каля 20 гадоў адпрацаваў у Польшчы кіроўцам-дальнабойшчыкам, пры выхадзе на пенсію быў моцна расчараваны яе сумай. Мужчына кажа, што ніколі не паглыбляўся ў пытанні бухгалтэрыі, таму разлічваў на вялікую пенсію, бо атрымліваў высокую зарплату.
«У выніку атрымаў мінімальную пенсію, бо і зарплата ў мяне ўвесь час, аказваецца, была каля мінімальнай», — кажа мужчына, які атрымлівае крыху больш за 400 еўра пенсіі.
Суразмоўца, які цяпер працуе ў польскай фірме і атрымлівае па 95 еўра за суткі працы, прызнаецца, што згодна з працоўным кантрактам ягоная зарплата складае 5000 злотых брута — гэта 3740 злотых на рукі (каля 870 еўра).

«Гэта мая зарплата, якая мне раз на месяц прыходзіць на картку. Усё астатняе даплочваюць ужо па вяртанні з кадэнцыі», — кажа кіроўца.
Аналагічная сітуацыя і ў суразмоўцы, які працуе ў Літве. Мужчына кажа, што мае 100 еўра сутачных, але менавіта зарплата ў яго крыху большая за 1000 еўра, а ўсё астатняе — гэта камандзіровачныя, якія таксама прыходзяць на карту.
Банк адмовіў у іпатэцы
Кіроўца, які пасля працы ў Літве перайшоў на працу ў Польшчу, бо ягоная сям'я вырашыла пераехаць туды жыць, кажа, што ў Літве афіцыйна атрымліваў каля мінімальнай зарплаты і на такія самыя ўмовы ўладкаваўся ў Польшчы.
«Калі выбіраеш жыць у Еўропе, то варта звяртаць на гэта ўвагу, бо ад гэтага залежыць не толькі пенсія, але і, напрыклад, максімальны памер іпатэкі. Сам сутыкнуўся з такой праблемай, калі хацеў узяць крэдыт на кватэру, бо нібыта высокая зарплата для банка з'яўляецца нізкай», — тлумачыць дальнабойшчык.

У выніку мужчыне крэдыт не ўхвалілі, таму ён быў вымушаны шукаць новае месца працы, дзе разлік ідзе больш празрысты і банк будзе бачыць не палову зарплаты, а ўсю.
Што да працадаўцаў, то работнікі з трэціх краін для іх выглядаюць больш выгаднымі за тых, хто жыве ўнутры той жа Польшчы або Літвы, бо замежнікі, як правіла, не звяртаюць увагу на такія акалічнасці: для іх важнейшая фактычная сума заробку.
Працадаўцу нашмат выгадней афіцыйна плаціць мінімум, а ўсё даплочваць асобна, бо тыя грошы ўжо не абкладаюцца падаткамі і іншымі абавязковымі адлічэннямі.
«У сярэднім кіроўца аўтавоза атрымлівае 130 еўра за суткі». Дальнабойшчык з Віцебска апісаў сваю працу
«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі
Дальнабойшчык з Брэста за кантрабанду ў 3,5 мільёнаў даляраў сеў у турму ў Вялікабрытаніі
Каментары