На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні
Сёння на свабоду выйшлі больш за 100 чалавек. Большасць з іх выслалі ва Украіну. Вызваленне адбылося пасля двухдзённых перамоў спецпасланніка Трампа Джона Коўла і Лукашэнкі. Коўл паведаміў, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію, беларускі бок — пра вызваленне палітвязняў.

Прэс-служба Лукашэнкі абвясціла пра вызваленне 123 чалавек. «У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійной галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных Адміністрацыяй папярэдняга Прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» Лукашэнкам было прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін. Сярод палітвязняў — пяцёра грамадзян Украіны.
Згодна з паведамленнем, з канца лістапада Лукашэнкам памілавана 156 чалавек (у тым ліку 31 украінец і два каталіцкія святары — Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч). Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі.
Усе вызваленыя палітвязні дэпартаваныя з Беларусі. Большасць з іх вывезлі ва Украіну — 114 чалавек, 104 з іх — беларусы.
У Вільні ўсё было падрыхтавана да сустрэчы, але Лукашэнка ў апошні момант змяніў маршрут выезду палітвязняў, заявіла Святлана Ціханоўская.
Андрэя Пачобута сярод вызваленых няма, паведаміла МЗС Польшчы. Пачобуту выставілі як умову зварот з просьбай да Аляксандра Лукашэнкі — Пачобут адмовіўся.
Першай навіною пра вызваленых палітвязняў стала тое, што Марыя Калеснікава на свабодзе. Яе выслалі ва Украіну.

Каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі, якая стала адным з сімвалаў выбарчых падзей, была арыштаваная 7 верасня 2020 года. Сілавікі спрабавалі выкінуць яе з Беларусі, але Марыя на мяжы парвала пашпарт і засталася на беларускай тэрыторыі — адзін з самых драматычных момантаў 2020 года. Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў зняволення. У турме лукашэнкаўцы ўвялі для яе рэжым інкамунікада, родныя не ведалі нічога пра Марыю і яе стан здароўя.

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі на волі. Старшыня «Вясны» быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Бяляцкі прыбыў у Вільню.
Інфармацыя пра вызваленне Валянціна Стэфановіча, якая з'явілася, не пацвердзілася.
«Валянцін Стэфановіч быў у спісе на вызваленне, але пакуль дакладна не вядома, ці вызвалілі яго», — паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Уладзь Лабковіч, які разам са Стэфановічам і з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, праходзіў па адной справе, паводле праваабаронцаў, вызвалены.

Віктар Бабарыка — у спісе памілаваных. Былы кіраўнік Белгазпрамбанка і прэтэндэнт у прэзідэнты на выбарах-2020 быў затрыманы 6 ліпеня 2020 года. Яму прысудзілі 14 гадоў калоніі.
Віктара таксама адвезлі ва Украіну. Сустрэча Бабарыкі, Знака і Калеснікавай папала на відэа.

Максім Знак — на свабодзе. Максім Знак — адвакат, у 2020 годзе сябра выбарчага штаба Віктара Бабарыкі. Затрыманы 9 верасня 2020 года, 6 верасня 2021 года асуджаны да 10 гадоў зняволення. Сядзеў у зняволенні ў поўнай ізаляцыі, у рэжыме інкамунікада.

Марына Золатава вызваленая. Галоўная рэдактарка партала Tut.by знаходзілася за кратамі з 18 мая 2021 года. У сакавіку 2023‑га яе асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

На свабодзе выбітны літаратуразнаўца, палітолаг Аляксандр Фядута. Гэта апошні вызвалены ўдзельнік «змовы» супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы ў Маскве 12 красавіка 2021 года ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Па гэтай справе, акрамя Аляксандра, праходзілі Рыгор Кастусёў, Юрый Зянковіч. Яму прысудзілі 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Павел Севярынец на свабодзе. Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. Яго асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вызваленая Алена Гнаук — 68‑гадовая палітзняволеная з Берасця.

Вызвалены палітвязень Сяргей Зеляноўскі з «Пеленга».
У спісе вызваленых і дэпартаваных ажно чацвёра супрацоўнікаў «Пеленга», арыштаваных падчас аблавы на прадпрыемства.
Акрамя Зеляноўскага, гэта Карына Праташчык, Вадзім Жукоўскі, Ірына Суржык.

На свабодзе грамадзянка Літвы беларускага паходжання Марыя Батальёнак. Ёй прысудзілі 4 гады за датычнасць да праекта «Гарадскі агарод Марыс Мар».

Сярод вызваленых Раман Галуза. Гэта грамадзянін Польшчы, асуджаны за здраду дзяржаве.

Вызвалены Аляксандр Сырыца, баскетбольны суддзя і грамадзянін Аўстраліі беларускага паходжання.

На свабодзе грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка. Ёй прысудзілі 7 гадоў за «агентурную дзейнасць».

Вызвалены грамадзін Японіі Наканішы Масатосі — блогер, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў шпіянажы. Ён працаваў выкладчыкам у ГДУ імя Скарыны.
Адпусцілі Іллю Князева — гэта 44‑гадовы мінчук, якога асудзілі за ўдзел у пратэстах. Ён грамадзянін Беларусі і Украіны.
На свабодзе грамадзянка ЗША беларускага паходжання Наталля Бельская.
Вызвалены Вячаслаў Папшо, вядомы як блогер «Жыве».
На волі палітвязні Марына Санкевіч, Соф'я Бачурынская, Уладзіслаў Яцэнка, Сяргей Іванцоў, Наталля Малец.

Вызвалены Дзмітрый Празецкі. Яго асудзілі за данаты.

На свабодзе Андрэй Шмай — грамадзянін Украіны, асуджаны за «шпіянаж».

Вызвалены Максім Аўрэньеў. Ён украінец, але жыў у Беларусі. У яго 5 дзяцей.
На свабодзе — Аляксандр Біруля з Салігорска. Яго жонка Таццяна таксама была палітзняволенай, яе вызвалілі па памілаванні ў верасні 2024 года. Аляксандр быў узяты пад варту за распаўсюд пратэсных газет. Яму было прад'яўлена абвінавачванне ў паклёпе на Лукашэнку. Яму прызначылі шэсць гадоў зняволення.
Вызвалены Уладзімір Гарох з Навагрудка.
Уладзімір Гарох быў затрыманы 18 жніўня 2020 года па так званай «Карэліцкай справе» — аб беспарадках, якія нібыта планаваліся ў Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. У снежні 2020‑га яму прысудзілі сем гадоў калоніі.
Вызвалены Сяргей Рудзянкоў з Чачэрска. Яго затрымалі ў канцы 2022 года пасля вяртання з Польшчы.
Уладзіслаў Яцэнка на свабодзе.

Хлопца пасадзілі за данаты Палку Каліноўскага.
Вызвалены айцішнік Аляксандр Яшкін. Яго затрымалі ў маі 2023 года і прысудзілі 4 гады калоніі па цэлым пакеце палітычных артыкулаў.

Выйшаў на свабоду аўдытар Іван Каваленка.

Ён працаваў у кампаніях «вялікай чацвёркі» і з'яўляецца членам брытанскай асацыяцыі прысяжных бухгалтараў ACCA. Яго асудзілі ў 2025 годзе па двух артыкулах — «заклікі да прычынення шкоды Беларусі» і «распальванне варожасці». Дакладны прысуд і сутнасць абвінавачанняў невядомыя.

Вызваленая Крысціна Лапкоўская. Дзяўчыне 29 гадоў, яна лагістка. Крысціну асудзілі за ўдзел у пратэстах і за каментары.

На волі Арцём Макавей. Хлопец мае ўкраінскае грамадзянства, але апошнія 15 гадоў жыў у Беларусі. Хлопцу прысудзілі 6 гадоў за «агентурную дзейнасць» на карысць Украіны.

Абноўлена. Інфармацыя пра вызваленне былой журналісткі Kyky.org Вольгі Радзівонавай не пацвердзілася

На волі Максім Сенік з «Гродна Азот». Яму далі 4 гады за «абразу Лукашэнкі» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Вызвалены Аляксандр Краўчук — палітвязень з Кобрына. Яго асудзілі напрыканцы 2024 года і далі 4,5 года калоніі. На відэа, апублікаваным украінскім бокам, бачна, што Аляксандр ідзе на мыліцах — у мужчыны інваліднасць.
Вызвалены Аляксей Краснагір. Яму прысудзілі за данаты і ўдзел у пратэстах 3,5 года калоніі.

Вікторыя Кульша — на волі. Былую адміністратарку чата «Кіроўцы 97% Мінск» затрымалі 4 лістапада 2020 года. Спачатку ёй далі 2,5 гады калоніі, але потым штогод працягвалі зняволенне паводле 411 артыкула (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Вызвалены Алег Рубец — пінскі падлетак, якога асудзілі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. Яго асудзілі да 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, потым дадалі яшчэ паўтара года зняволення па арт. 411 КК.

Вызвалілі адміністратарку чатаў «97%», якую развялі спецслужбы. Да Таццяны Курылінай уцёрся ў давер агент і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь з Польшчы, абяцаў вырашыць усе пытанні. Але Таццяну затрымалі, паказалі на БТ і далі 4,5 года калоніі.

На волі вядомы перакладчык Сяргей Паўлавіцкі. Яго затрымалі ў 2024‑м і прысудзілі 3 гады калоніі за данаты (іх палічылі «фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці»).

Сярод вызваленых палітвязняў вопытны хірург Лілія Качан. Яна працавала ў 10‑й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску, а таксама ў «Нардзіне». Мае больш за 17 гадоў стажу як урач. Яе судзілі за «удзел у пратэстах» (ч. 1 арт. 342 КК) і «заклікі да санкцыяў ці іншых мер, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК).
Былых беларускіх палітвязняў ва Украіне адправяць у санаторый, да іх будуць прымененыя такія ж працэдуры, як да вызваленых з палону ўкраінцаў. Далейшыя рашэнні плануюць узгадніць з польскімі і літоўскімі партнёрамі.
«Байсол» запусціў экстранны збор для палітвязняў, вызваленых 13 снежня.
Сёння і ўчора ў Мінску адбыліся перамовы спецпасланніка Трампа Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі. Коўл абвесціў, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію.
У папярэднія візіты амерыканцаў былі вызваленыя: 21 чэрвеня — 14 чалавек, 11 верасня — 51 чалавек.
Спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня, глядзіце тут.
Каментары