Хашчавацкі паказаў праваабаронцам і крытыкам свой новы фільм.
5 мая рэжысёр Юры Хашчавацкі наладзіў на офісе БНФ інфармацыйны паказ сваёй новай стужкі «Лабатамія», на якія былі запрошаныя праваабаронцы й крытыкі.
Рэжысёр расказаў, што ідэя стужкі з’явілася ў яго ў Вільні, калі ён абмяркоўваў з сябрамі расейска-грузінскую вайну. Знаёмыя прапанавалі творцу самому зняць фільм пра гэтыя падзеі. Хашчавацкі паехаў у Грузію, але фільм атрымаўся шырэйшым. Рэжысёр распавёў пра механізмы прапаганды дый сучасны расейскі рэжым, што правакуе канфлікты.
Карціна перанасычаная невядомымі і забытымі дакументамі.Бойня ў Тбіліся 1989 году, танкі ў Вільні ў студзені 90-ага, разагнаныя Дзяды і дзяржаўная хлусня — як старая гэбоўская практыка.
А вось абхазскі дыктар абвяшчае ўсіх грузінаў закладнікамі дый заклікае да тэрарызму. Расейскія казакі трасуць зброяй, грузінскія жанчыны й дзеці ўцякаюць праз заснежаныя перавалы. Гэта падзеі 20-гадовае даўніны, вытокі сённяшняе трагедыі.
У кадры — канфлікты бліжэйшыя: радасныя гопнікі рабуюць эстонскія крамы, «абараняючы Бронзавага жаўнеры». Расейскія войскі ў Грузіі цягнуць лыжачкі, матрацы, кампутары. Але гэта дробязь: пуцінскае чынавенства крадзе буйней.
Міліярдэрка мадам Батурына шчасна гойсае на кані, з’езд Адзінай Расеі, тоўстыя ідэолагі і адміністратары.
Хашчавацкі называе нацыянальную ідэю нашай суседкі: «крадуць», «ухваляем» — і «мачыць у сарціры».Каб трыяда гэная спрацавала неабходна няспынная прапаганда, лабатамія, каб людзі развучыліся думаць.
Творца з асалодаю і сарказмам прэпаруе тэлевізійную хлусню й ляпы. Асабліва дастаецца «нацыянальнаму расейскаму лідэру Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну», з якім Хашчавацкі зрабіў тое, што калісьці са «Звычайным прэзідэнтам» Лукашэнкам.
Жэсты, усмешкі, гэбоўскія віншаванні дбайна раскладзеныя па палічкам.
Адказваючы на закід, што фільм тэндэнцыйны, рэжысэр зацеміў: кіно не можа не быць суб’ектыўным.
— Ці не баіцеся вы, што Пуцін абвесціць вас асабістым ворагам?
— А чаго мне баяцца? Я буду здымаць кіно.
Фільм вельмі зацікавіў заходніх тэлевізійнікаў. А на канале «Белсат» «Лабатамія» будзе паказаная, падзеленая на тры часткі.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары