Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»
Яго сапраўдная асоба на працягу больш як дзесяцігоддзя не была вядомая нікому з калег па Вікіпедыі, але гэта не абараніла ад рэальнага тэрміну за вострыя і дыскусійныя выказванні на палітычныя тэмы ў сваіх артыкулах. У Літве ж яго лічаць ледзь не галоўным апалагетам «ліцвінізму».

Днямі Генеральная пракуратура паведаміла пра тое, што 37‑гадовы выкладчык аднаго са сталічных універсітэтаў атрымаў 2 гады пазбаўлення волі і прыкладна 12600 рублёў штрафу за «дыскрэдытацыю Беларусі».
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, мужчына з 2020 па 2025 год размяшчаў у адкрытым доступе на Вікіпедыі 25 паведамленняў, якія ўтрымлівалі, на думку ўладаў, хлуслівыя звесткі. У іх гаварылася пра гісторыю Беларусі, дзяржаўныя сімвалы, прэзідэнцкія выбары, рэферэндумы, дзейнасць улады і прававы стан грамадзян.
Беларускія вікіпедысты пацвердзілі, што гаворка, відавочна, ідзе пра аднаго з адміністратараў і бюракратаў беларускай Вікіпедыі на тарашкевіцы — рэдактара пад нікам Kazimier Lachnovič, які знік 13 сакавіка 2025 года.
Праз тыдзень пасля знікнення Ляхновіча прапагандыстка Людміла Гладкая выпусціла матэрыял, у якім назвала Вікіпедыю зброяй масавага паражэння для постсавецкіх краін і заявіла, што беларускі раздзел нібыта кіруецца з Польшчы. Гэта заведама хлуслівая сцверджанне, бо Вікіпедыя — дэцэнтралізаваны праект.
Хто такі Казімер Ляхновіч
Менавіта Казімер Ляхновіч фактычна аднаасобна напісаў артыкулы пра дзяржаўную сімволіку Беларусі, сімволіку рэжыму Лукашэнкі, рэферэндумы і асобныя прэзідэнцкія выбары ў гэты перыяд. Гэтыя тэксты вылучаюцца рэзкімі фармулёўкамі адносна дзейнай улады. Гэта, дарэчы, парушала правілы Вікіпедыі.
«Чырвона-зялёны сьцяг (ЧЗ-сьцяг) — расейскі каляніяльны сьцяг рэжыму Лукашэнкі, незаконна абвешчаны «дзяржаўным сьцягам Беларусі» ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на фармальнай падставе сфальсыфікаванага псэўдарэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які праводзіўся ва ўмовах тэрору супраць беларусаў. Элемэнт палітыкі русіфікацыі (этнацыду) беларусаў», — гаворыцца ў артыкуле, створаным Казімерам Ляхновічам.

Kazimier Lachnovič прыйшоў у беларускую Вікіпэдыю 17 гадоў таму, у маі 2008-га, і за гэты час стварыў больш за 6700 артыкулаў, а таксама дапрацаваў дзясяткі тысяч іншых. Але найбольш значны яго ўнёсак — у візуальнае напаўненне: менавіта
дзякуючы яму ў свабоднай энцыклапедыі з’явіліся дзясяткі тысяч гістарычных выяў і дакументаў, у тым ліку вельмі рэдкіх. У 2019 годзе ён стаў адміністратарам і бюракратам Вікіпедыі на тарашкевіцы. Такі высокі статус быў толькі ў яго.
Шмат гадоў Kazimier Lachnovič захоўваў ананімнасць, і нават ягоныя калегі-вікіпедысты дакладна не ведалі, хто стаіць за гэтым нікнэймам. Але гэта не ўратавала яго ад крымінальнага пераследу.
Як адзначаюць вікіпедысты, у гэтым часткова вінаваты ён сам: фактычна аднаасобна кіруючы раздзелам, Ляхновіч не схаваў гісторыю правак у артыкулах на палітычна адчувальныя тэмы, па якой і вылічылі датычнасць яго акаўнта да іх стварэння.
Напрыклад, у раздзеле акадэмічным правапісам гэта было зроблена яшчэ ў 2022 годзе, каб абараніць сваіх рэдактараў ад магчымага пераследу.
Вікіпедыст з БДУІР

Мы паспрабавалі высветліць, хто можа стаяць за гэтым нікнэймам. Паводле інфармацыі, сабранай вікіпедыстамі, за кратамі знаходзіўся невядомы рэдактар і дацэнт аднаго з мінскіх універсітэтаў, якому якраз інкрымінавалі дыскрэдытацыю Беларусі — і чыю асобу можна атаясаміць з Казімірам Ляхновічам. Паводле нашых звестак, гэты чалавек таксама мог быць звязаны з БДУІР.
Тэлеграм-акаўнт, звязаны з Казімірам Ляхновічам, у верасні 2020 года быў падпісаны як Ilja B., а пазней — як K. L., Κ Λ, Λ Κ — відавочныя варыяцыі абрэвіятуры нікнэйма Kazimier Lachnovič.
Гэтая інфармацыя прывяла нас да спецыяліста ў галіне радыётэхнікі і сувязі Іллі Барыскевіча. Ён нарадзіўся 19 лістапада 1987 года ў Мінску — узрост супадае з данымі аб асуджаным вікіпедысце-выкладчыку (38 гадоў яму споўніцца праз некалькі дзён).
Вучыўся ў сярэдняй школе № 4 на Чырвонаармейскай вуліцы, у 2010 годзе скончыў факультэт тэлекамунікацый БДУІР, праз год — магістратуру. У 2016‑м абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Пошук аб'ектаў на аснове прасторава-частотнай каварыяцыйнай апрацоўкі аэравыяў».
Да затрымання Ілля Барыскевіч працаваў дацэнтам на кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій факультэта інфармацыйнай бяспекі БДУІР, дзе выкладаў алгарытмы лічбавай апрацоўкі сігналаў, праграмную апрацоўку мультымедыйнай інфармацыі і асновы тэорыі інфармацыі. На той жа кафедры працуе і яго бацька — доктар тэхнічных навук, прафесар Анатоль Барыскевіч.

Звяртае на сябе ўвагу, што ў сацыяльных сетках, у профілі на Google Scholar і ў англамоўных навуковых публікацыях Ілля Барыскевіч выкарыстоўваў не пашпартную лацінку, а класічную беларускую — Baryskievič. Для большасці беларусаў, у тым ліку з акадэмічнага асяроддзя, гэта нетыповы выбар, але характэрны для людзей з моцнай нацыянальнай свядомасцю.
Прозвішча Барыскевіч пашыранае толькі ў ваколіцах Радашковічаў і Лагойска.
А першы файл, загружаны ўдзельнікам Kazimier Lachnovič у 2008 годзе ў Вікісховішча, — гэта мапа Лагойскага раёна.

Усяго ён загрузіў 62,7 тысяч (sic!) выяваў: пераважна гэта гістарычныя малюнкі, фотаздымкі і планы мясцін былога Вялікага Княства Літоўскага, чарцяжы гістарычных будынкаў на Беларусі, партрэты шляхты і іншыя ўнікальныя матэрыялы.
Менавіта дзякуючы яго працы сёння Вікісховішча з’яўляецца найбуйнейшым анлайн-сховішчам медыяматэрыялаў па гісторыі Беларусі да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Аб’ём і паўната сабранага ім графічнага матэрыялу на парадак перавышаюць усё, што маюць у адкрытым доступе суседнія краіны.
Затрыманне Іллі Барыскевіча таксама ўскосна пацвердзілі і яго знаёмыя, аднак яны не змаглі патлумачыць, па якіх прычынах яго маглі арыштаваць.
Канфлікт з літоўскімі нацыяналістамі
За сваю пазіцыю Ляхновіч пацярпеў не толькі ад беларускіх уладаў, але і ў вікіпраектах ад рэдактараў з іншых краін.
У снежні 2022 года Kazimier Lachnovič атрымаў блакіроўку на паўгода ў Вікісховішчы — яе наклаў нямецкі адміністратар расійскага паходжання пасля таго, як Ляхновіч паскардзіўся на выдаленне з назвы загружанага ім файла беларускага слова «Пагоня». Ініцыятарам блакіроўкі выступіў літоўскі рэдактар Pofka, які абвінаваціў Ляхновіча і расійскага ўдзельніка Уладзіміра Лабачова ў нібыта сістэмным тролінгу ў літоўскіх тэмах: перакручванні або «русіфікацыі» назваў, змяненні апісанняў гістарычных сімвалаў, зрыве абмеркаванняў і парушэнні працэдур.

Pofka з’яўляецца фактычна адзіным аўтарам аб’ёмнага артыкула пра «ліцвінізм» у англійскай Вікіпедыі, дзе матэрыял пададзены з выразным палітычным і антыбеларускім ухілам. Тэкст не адпавядае прынцыпам энцыклапедычнай нейтральнасці: у ім выкарыстоўваюцца ненадзейныя крыніцы, эмацыйныя ацэнкі і закіды.
Паказальна, што ў літоўскім і жамойцкім раздзелах Вікіпедыі гэты Pofka з кастрычніка 2022 года атрымаў бестэрміновую блакіроўку за стварэнне артыкула з аналагічным зместам, але ў англамоўнай Вікіпедыі яго погляды, відаць, знайшлі больш спрыяльную глебу і некрытычную аўдыторыю, якая не разбіраецца ва ўсходнееўрапейскіх справах і гісторыі.
Праз месяц Ляхновіча разблакавалі: працяглае паўгадовае блакаванне было прызнанае празмерным, непрапарцыйным і недастаткова абгрунтаваным. Аднак у праект ён ужо не вярнуўся. Калі раней штогод загружаў дзясяткі тысяч гістарычных выяў, пераважна на беларуска-літоўскую тэматыку, то з 2023 года не дадаў ніводнай.
Пакінуўшы Вікісховішча, ён цалкам пераключыўся на працу ў беларускай Вікіпедыі класічным правапісам.
Гэтыя тэксты рэгулярна выклікаюць абурэнне ў літоўскіх суполках і выкарыстоўваюцца нацыяналістычнымі групамі як чарговае «пацвярджэнне» існавання «ліцвінізму» сярод беларусаў.

Цяпер у сацыяльных сетках некаторыя акаўнты заяўляюць, што калі зненавідны ім Kazimier Lachnovič будзе перададзены ў Літву як палітвязень, то ён паедзе назад, або яго паспрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказанасці ўжо ў Літве.
Нагадаем, што Ілля Барыскевіч (Kazimier Lachnovič) — першы з трох адміністратараў беларускамоўных раздзелаў Вікіпедыі, затрыманых гэтай вясной у межах крымінальных спраў. Адміністратар раздзела акадэмічным правапісам Максім Лепушэнка атрымаў хатнюю хімію за ўдзел у пратэстах, а ягоная калега Вольга Сітнік (Хомелка) дагэтуль утрымліваецца ў СІЗА, сутнасць выстаўленых ёй абвінавачанняў невядомая.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬРэдактару «Вікіпедыі» далі два гады калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі»
«Аднавілі грамадскі парадак, не саступіўшы патрабаванням новых выбараў». Што піша Грокіпедыя пра пратэсты, Лукашэнку, мову і як дзеліць спадчыну ВКЛ
Пасля рэпрэсій супраць рэдактараў беларускія раздзелы Вікіпедыі б'юць антырэкорды
Адміністратар беларускай Вікіпедыі Максім Лепушэнка выйшаў з СІЗА, атрымаўшы хатнюю хімію
Спецслужбы шукаюць фатографаў на мітынг Ціханоўскіх праз скрадзены акаўнт арыштаванай рэдактаркі Вікіпедыі
«Дзяржава лічыць, што ў гэтым праекце, як і ў ёй самой, ёсць начальнікі». Як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій
Каментары
И какие кувшинные рыла у всех лукашистких ябатек, реально же тупые,со свинячьими злыми глазками и непередаваемым выражением хитрожопости на физиономии.
Фундаментальный раздел.
- всё что нужно знать о "братьях"-литовцах. Пусть лучше подумают о том, что в случае вторжения рашистов для прокладывания пути на Калининград, беларусы, которые ранее были к ним лояльны, просто отойдут в сторонку, а заодно и нато сделает вид, что ничего не происходит. Может тогда у этих торгашей появится хоть капля уважения к беларусам и их истории.
Tolki tre' było pilnym być...
Ale budučynia(histaryčnaja) krainy nia zhinie!