Прапагандысты разганяюць фэйк пра выдаленне артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі
Пару гадоў таму тую самую гісторыю той самы чалавек распавядаў зусім пра іншую спаленую вёску. Але артыкулы не толькі не выдалены, але іх нават больш, чым можна было б уявіць. «Наша Ніва» разабрала хлусню, якую транслюе дзяржаўная прапаганда пра свабодную энцыклапедыю.

Прапагандыстка Людміла Гладкая ў сваёй аўтарскай рубрыцы распавяла пра «несвабоду» свабоднай энцыклапедыі, якая быццам бы стала «зброяй масавага паражэння супраць краін постсавецкай прасторы». За аснову для відэароліка ўзятыя яе ж сакавіцкая публікацыя на Sb.by.
Мяккія маніпуляцыі
«Вядома, напрыклад, што амаль 2 мільёны матэрыялаў у Вікіпедыі пішуцца і рэдагуюцца так званым «вашынгтонскім абкамам», а ў тэкстах пра рускіх іх увесь час называюць агрэсарамі і правакатарамі», — уводзіць у сутнасць праблемы прапагандыстка.
Каму вядома? І што гэта за матэрыялы, артыкулы ці фотаздымкі? У тэкставай версіі трохі іншая лічба — «каля 1,8 мільёна», але і такая ва ўвязцы з Вікіпедыяй нідзе не фігуруе. У рускай Вікіпедыі больш за 2 мільёны артыкулаў, у англійскай — падабраліся да мяжы 6 мільёнаў, а калі сабраць усе артыкулы на спрэчныя палітычныя тэмы ва ўсіх моўных раздзелах, то не назбіраецца і дзясятка тысяч. Пра што гаворыць Гладкая, рашуча незразумела.

Гладкая прыводзіць у якасці ілюстрацыі прапанову Ілана Маска перайменаваць Вікіпедыю ў Dickpedia (Хрэнапедыю). Цікава, што дзеючы амерыканскі прэзідэнт даў Маску карт-бланш на тое, каб разваліць той самы «вашынгтонскі абкам», але на змест Вікіпедыі гэта ніяк не паўплывала. Як жа так?
Далей прапагандыстка працягвае, што Вікіпедыю пішуць сотні тысяч аўтараў і ботаў з усяго свету, якіх кантралюе «цэлая армія наёмных адміністратараў». Насамрэч па стане на 2023 год у Вікіпедыі зарэгістравана 109 мільёнаў уліковых запісаў, а за месяц больш чым адну праўку робяць 120 тысяч з іх.
Боты сапраўды існуюць — яны выконваюць руцінныя праўкі, напрыклад, выпраўляюць тыпавыя арфаграфічныя памылкі ці заліваюць артыкулы пра шматлікія камуны Францыі або чыгуначныя станцыі Германіі, інфармацыя ў якіх занадта трывіяльная, каб марнаваць на іх час рэдактараў. А вось навязваць сваё меркаванне ў артыкулах і абмеркаваннях яны не ўмеюць, у адрозненне ад «крэмляботаў», якія робяць гэта ў сацсетках.

На заробку ў Вікіпедыі, дакладней у Фондзе Вікімедыя, які кіруе вікі-праектамі, знаходзяцца больш за 640 супрацоўнікаў (пра што можна даведацца з адкрытай справаздачы на рускай мове), якія адказныя за падтрыманне інфраструктуры сайтаў, бяспеку і развіццё вікі-супольнасці. Усе адміністратары ў больш як 340 раздзелах выбіраюцца тамтэйшымі супольнасцямі з ліку звычайных рэдактараў і выконваюць свае абавязкі на добраахвотнай аснове, не атрымліваючы за гэта платы.
Толькі ў адным англамоўным раздзеле больш за 800 адміністратараў, а агулам іх будзе каля трох з паловай тысяч — двухгадовага бюджэта ў 188,7 мільёна даляраў, якім Гладкая папракае Фонд, яўна недастаткова, каб пракарміць такую «армію наёмных адміністратараў».
Ну і ўзнікае лагічнае пытанне: калі Вікіпедыя задумана як ідэалагічны праект Захаду, то навошта тады падтрымліваюцца раздзелы на мёртвых і выдуманых мовах, як лацінская ці эсперанта, праз якія ні на каго не паўплываеш?
«Беларуская Вікіпедыя пішацца з Польшчы»
У гэтым прапагандысцкім вінегрэце з сумнеўных фактаў знайшлося месца і для шпількі ў бок беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі.
«Беларуская Вікіпедыя рэдагуецца, напрыклад, з Польшчы, расійская — з Украіны, нямецкая і французская — з Германіі і Францыі. Што да карэктараў беларускай старонкі, то асабліва актыўныя ўпісваюць сотні тысяч правак у гэты свабодны даведнік», — сцвярджае Гладкая.
У якасці доказу прыводзіцца скрыншот з «Статыстыкі Вікімедыя» з картай, на якой найбольш яркім колерам для беларускай Вікіпедыі афарбавана Польшча, а для рускай — Украіна.

Вось толькі ў карты ёсць адна асаблівасць — звесткі пра колькасць актыўных рэдактараў з недэмакратычных краін, у тым ліку з Беларусі і Расіі, схаваныя.
Колькасць рэдактараў беларускай Вікіпедыі з Польшчы не перавышае 20, але паколькі статыстыка з Беларусі недаступная, на карце Польшча атрымлівае самы цёмны колер.
На тым жа сайце можна даведацца, што ў Беларускай Вікіпедыі штомесяц больш за 400 рэдактараў, з якіх актыўных (зрабілі больш за 5 правак) каля сотні. Так, Беларуская Вікіпедыя, як і любая іншая, рэдагуецца ў тым ліку і з Польшчы (да прыкладу, 40 рэдактараў з Польшчы пішуць у нямецкі раздзел, а 20 — у французскі), але польскія рэдактары складаюць у ёй меншасць. Гладкая зноў маніпулюе.
Фантомны артыкул пра (не)Хатынь
Самая цікавая частка праграмы Гладкай — гэта гісторыя, пра якую немагчыма маўчаць: нямецкі палітык Олівер Шнееман распавёў у Мінску пра тое, што некалькі гадоў таму нібыта сутыкнуўся ў Вікіпедыі з фальсіфікацыяй гісторыі.

«Спрабаваў апублікаваць у нямецкай Вікіпедыі артыкул беларускага гісторыка пра спаленне Хатыні, але праз тры хвіліны яе выдалілі і забаранілі рэдагаванне. Тры хвіліны!
Гэтага часу не хопіць нават, каб проста прачытаць яго да паловы. Каму спатрэбілася выдаляць артыкул, які змяшчаў толькі факты? Той, хто хацеў выдаліць мой артыкул, па сутнасці хацеў выкрасліць Беларусь з гісторыі», — абураецца немец.
«А ведаеце, як растлумачылі ў выніку выдаленне з той жа пляцоўкі публікацыі пра Хатынь? Такой вёскі, маўляў, больш няма», — дадае Гладкая.
Гісторыя сапраўды агідная — бессаромнай хлуснёй прапаганды.
Олівер Шнееман — кіраўнік карлікавай партыі «Нямецкі цэнтр», якая прытрымліваецца правых пазіцый, прасоўвае тэорыі змовы, настроеная супраць ЗША і Ізраіля. Сам Шнееман стаіць на прарасійскіх пазіцыях, бываў у акупаваным Крыме, рэгулярна ўдзельнічае ў акцыі «Бессмяротны полк» у Кёльне і прапагандысцкіх мерапрыемствах у Беларусі.

Артыкул пра Хатынь, дзе распавядаецца пра злачынства, учыненае ахоўнай паліцыяй і эсэсаўцамі, існуе ў нямецкай Вікіпедыі з 2006 года і ніколі не выдаляўся.
У гісторыі правак артыкула, а Вікіпедыя захоўвае іх усе, сапраўды ёсць праўка, якую адмянілі праз некалькі хвілін — нехта з ананімнага акаўнта спрабаваў упісаць некалькі абзацаў пра злачынствы савецкай арміі на Беларусі. Ніякіх слядоў правак Шнеемана ні ў гэтым артыкуле, ні на старонках-перасылках няма.
Іх і не магло быць, бо гісторыя пра выдаленне артыкула пра Хатынь — свядомая хлусня беларускай прапаганды.

У 2022 годзе Шнееман распавёў для БелТА дакладна тую ж гісторыю пра немагчымасць апублікаваць артыкул у Вікіпедыі. З невялікім адрозненнем — гаворка ішла не пра Хатынь, а пра вёску Драмлёва Жабінкаўскага раёна.
Шнееман быццам бы быў у 2021 годзе быў у Брэсце з сябрамі, дзе даведаўся пра гісторыю вёскі Драмлёва, якая была спалена нацыстамі разам з жыхарамі ў час вайны. Немец быў шакаваны гэтай інфармацыяй, бо ён і ягоныя сябры не ведалі, што падобнае адбывалася падчас вайны на акупаваных тэрыторыях. Пасля гэтага Шнееман заказаў, паводле ягоных словаў, беларускім гісторыкам артыкул пра Драмлёва, які сам пераклаў на нямецкую мову і паспрабаваў апублікаваць у Вікіпедыі. Аднак артыкул быў хутка выдалены, і яго не далі стварыць ізноў.

Гэтую гісторыю мы таксама праверылі. Выявілася, што ў нямецкай Вікіпедыі ёсць артыкулы і пра вёску Драмлёва, які існуе з 2024 года, і пра знішчэнне вёскі, які існуе з пачатку 2023 года, і пра карную аперацыю «Трохвугольнік», у час якой была знішчана вёска. Паказальна, што артыкулаў пра гэтую вёску і яе знішчэнне не існуе нават у рускамоўнай Вікіпедыі. Ніякіх слядоў таго, што нешта з названага Шнееманам было выдалена, у Вікіпедыі няма.

Хатынь — не Хатынь, Драмлёва — не Драмлёва, выдалілі — не выдалілі — якая ў прынцыпе розніца? Гаворка ж зусім не пра гэта, а пра тое, каб данесці да людзей «праўду», нават калі яна моцна разыходзіцца з рэальным становішчам рэчаў.
Прапаганда проста выкарыстоўвае адчувальную тэму вайны і яшчэ больш адчувальную тэму Хатынскай трагедыі ў сваіх брудных гульнях, не несучы за гэта ніякай маральнай адказнасці перад беларусамі.
Разня рускіх
З тэмай выдалення артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі, якога насамрэч не было, запаралелена нядаўная гісторыя пра выдаленне ў лютым гэтага года ў рускай Вікіпедыі артыкула «Резня в Русском Поречном».
Паводле расійскай версіі, украінскія вайскоўцы быццам бы згвалтавалі жанчын і забілі два дзясяткі жыхароў гэтага сяла. Звесткі быццам былі атрыманыя ад аднаго з палонных.
Асабліва Гладкая падкрэсліла, што публікацыя знікла з сайта па рашэнні 17-гадовага ўкраінскага мадэратара, які пражывае ў Аўстраліі.
Артыкул быў выдалены ўдзельнікам з нікам Well very well з прычыны, пазначанай у тлумачэннях — тэкст быў вандальнай пераробкай артыкула пра разню, учыненую расійскімі ваеннымі ў Бучы, у якім былі проста заменены адны назвы, імёны і некаторыя лічбы на іншыя.

У якасці крыніц былі выкарыстаны выключна расійскія прапагандысцкія рэсурсы. У Вікіпедыі па расійска-ўкраінскім канфлікце, па якім розным бакам складана ці немагчыма дамовіцца, дзейнічае прымусовае пасрэдніцтва, якое ў тым ліку забараняе выкарыстоўваць у артыкулах, якія апісваюць ход баявых дзеянняў, не толькі прапагандысцкія рэсурсы, а ўвогуле любыя матэрыялы расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх СМІ, бо яны ангажаваныя.
Артыкул пра падзеі ў Рускім Папярэчным прапанавалі аднавіць, калі яго змогуць напісаць па нейтральных аўтарытэтных крыніцах, але ў іх, акрамя пары кароткіх згадак пра сяло, нічога няма пра гэтую «разню».
Насамрэч артыкулы пра ваенныя злачынствы ўкраінскага боку, калі яны напісаныя па правілах, спакойна існуюць у Вікіпедыі, як, напрыклад, артыкул пра катаванне расійскіх ваеннапалонных у сяле Малая Рогань.
Што тычыцца ўдзельніка, які выдаліў вандальны артыкул, то Гладкая апусціла, што Леў Песін — яўрэй. Ён нарадзіўся і вырас у Аўстраліі, а тое, што ён ведае рускую мову і рэдагуе рускамоўную Вікіпедыю, — вынік расійскай палітыкі русіфікацыі Украіны, адкуль прыбылі яго бацькі. Можна сказаць, што «рускі свет» сам сабе стварыў ідэйных ворагаў.
Песіну сапраўды 17 гадоў, але першую праўку ў Вікіпедыю ён зрабіў яшчэ ў 2015 годзе, ва ўзросце 8 гадоў. Ва ўзросце 10 гадоў вундэркінд пачаў вывучаць матэматыку ва Універсітэце Фліндэрса, пра што пісалі аўстралійскія СМІ. Пасля выдалення артыкула ў рускай Вікіпедыі непаўнагадоваму хлопцу пачалі паступаць пагрозы і абразы з боку зэтнікаў.
Гладкая турбуецца пра школьнікаў, якія могуць прачытаць нешта, што адрозніваецца ад лініі дзяржаўнай прапаганды, але не турбуецца пра булінг аўстралійскага падлетка з боку сваіх калег і нават падлівае масла ў гэты агонь.
Вікіпедыя са знакам якасці
У канцы Людміла Гладкая задае пытанне:
«Вось цікава, а ці можам мы стварыць свой аналаг, заснаваны на навуковых даных і надзейных крыніцах?»
Не, не можаце. І справа тут не толькі ў агульнай бяздарнасці і інтэлектуальнай імпатэнцыі беларускага рэжыму. Спрабавалі, і не раз, стварыць несвабодныя аналагі Вікіпедыі і іншыя рэжымы з куды большымі рэсурсамі і ідэалагізацыяй грамадства. Але ўсе спробы скончыліся нічым.

У Расіі ёсць электронная Вялікая расійская энцыклапедыя, у 2022 годзе запусцілі «Руниверсалис», у 2023 — «Рувики», якая з'яўляецца копіяй рускай Вікіпедыі, вычышчанай ад таго, што супярэчыць дзяржаўнай прапагандзе. І ўсё гэта не стварае ніякай канкурэнцыі свабоднай энцыклапедыі. Наўрад ці шараговы чытач хаця б чуў пра гэтыя рэсурсы.
Тыя энтузіясты, што пішуць Вікіпедыю, не жадаюць укладаць сілы і час у прапагандысцкія праекты, а тыя, хто хоча сваю кішэнную Вікіпедыю з «правільным» кантэнтам, няздольныя пісаць самі. Застаецца толькі наняць штат рэдактараў, якія будуць пісаць артыкулы за грошы.
Праўда, апошні варыянт урэшце вырадзіцца ў фармальнае выкананне офіснымі супрацоўнікамі планаў па колькасці артыкулаў і друкарскіх сімвалаў, артыкулы па некаторых тэмах не будуць з'яўляцца зусім, а артыкулы пра актуальныя падзеі — з вялікай затрымкай.
Ужо больш за год Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі папаўняе сайт «Беларуская энцыклапедыя», але пакуль там нічога няма, акрамя артыкулаў пра вайну і невялікай колькасці артыкулаў пра прыроду Беларусі.
Ізноў гэта не выглядае як хоць нейкі канкурэнт для Вікіпедыі, дзе з'яўляюцца артыкулы пра што заўгодна і за лічаныя хвіліны пасля нейкай падзеі.
І гэта не кажучы ўжо пра «навуковыя даныя» — хіба ўсе вышэй пералічаныя скажэнні, маніпуляцыі і непрыхаваная хлусня, якая прамаўляецца Людмілай Гладкай, маюць нешта агульнае з навукай?

Напрыклад, у выдадзенай дзяржаўным выдавецтвам 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі» Кастусь Каліноўскі названы лідарам беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, а не «польскім тэрарыстам, які хацеў знішчыць беларусаў», як яго прадстаўляе цяпер прапаганда. Асцерагайцеся, прапагандысты, сваіх жаданняў — навуковыя даныя вам не спадабаюцца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬРэдактар беларускай Вікіпедыі: Будучыня праекта — за штучным інтэлектам
У рускамоўнай Вікіпедыі плануюць вярнуць назву Беларусь. Для Белоруссии не засталося аргументаў
Google блакуе Беларускую Вікіпедыю. Як так стала і што зараз будзе?
Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце
Каментары