У штаце Тэнэсі раніцай 10 кастрычніка прагучаў магутны выбух на заводзе Accurate Energetic Systems (AES), які займаецца вытворчасцю выбуховых рэчываў. Пасля першага выбуху адбылася і другасная дэтанацыя.

Па даных тэлеканала Fox News са спасылкай на мясцовыя ўлады, загінулі як мінімум два чалавекі, яшчэ не менш за дзевятнаццаць лічацца зніклымі без вестак. Некалькі параненых былі дастаўленыя ў шпіталь.
На кадрах, якія апублікаваў тэлеканал, бачна, што на месцы выбуху засталася вялікая куча абломкаў, ахопленая полымем. Таксама выбух пашкодзіў і некалькі аўтамабіляў, што знаходзіліся на стаянцы каля завода. Жыхары горада Лобелвіл, які размешчаны прыкладна за 20 хвілін язды ад месца трагедыі, расказалі, што падчас выбуху іх дамы літаральна трэсліся.
Прадпрыемства AES знаходзіцца ў лясістай мясцовасці прыкладна за 80 кіламетраў на захад ад Нэшвіла. Паводле адкрытых крыніц, вытворчы комплекс уключаў пяць будынкаў і лабараторыю для праверкі якасці прадукцыі. Кампанія існуе з 1980 года і спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці, транспартаванні і захоўванні розных відаў выбуховых і энергетычных матэрыялаў, у тым ліку для патрэб абароннай і касмічнай прамысловасці.
Сярод кліентаў завода — Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША. AES пастаўляла арміі дынаміт, супрацьпяхотныя міны і выбуховы порах для снарадаў буйнога калібру. Завод таксама з’яўляецца адным з галоўных працадаўцаў у рэгіёне.
Шэрыф акругі паведаміў, што прычына выбуху пакуль не высветленая, а расследаванне можа заняць некалькі дзён. Медыкі і ратавальнікі не адразу змаглі трапіць на тэрыторыю прадпрыемства, бо там працягвалася дэтанацыя.
Каментары