Беларускія дальнабоі ў Еўропе: гарачая дыскусія ў сацсетках пра тое, у якой краіне яны зарабляюць найбольш і маюць найлепшыя ўмовы працы
Нядаўна «Наша Ніва» расказала пра заробкі беларускіх дальнабойшчыкаў у Польшчы і Германіі. Гэты матэрыял шырока разышоўся ў тыктоку і інстаграме і выклікаў ажыўленыя абмеркаванні. Многія кіроўцы расказалі, колькі зарабляюць яны і якія ў іх умовы працы.

«Наша Ніва» расказвала, што менш за ўсё атрымліваюць кіроўцы бусаў у Польшчы з правамі катэгорыі B: іх дзённы заробак складае 75 еўра. Калі ж катэгорыя C, гэта значыць, машына мае вагу больш за тры з паловай тоны, то заробак вырастае на 5 еўра. А калі грузавік абсталяваныя халадзільнікам, то можна атрымліваць і па 100 еўра за суткі.
Аднак, як адзначаюць аўтары, вопытныя дальнабойшчыкі, якія маюць усе неабходныя дакументы, імкнуцца шукаць працу ў краінах Заходняй Еўропы. У Германіі заробкі пачынаюцца са 120 еўра ў суткі. Пры гэтым аплачваюцца нават выхадныя, праведзеныя ў рэйсе, а веданне мовы можа яшчэ больш павялічыць заробак.
Па словах аўтара, у сярэднім у Германіі выходзіць каля 3 тысяч еўра «на рукі» ў месяц, у Польшчы — каля 2000.
Прыводзіўся прыклад беларуса, які працуе ў Германіі 5 дзён на тыдзень па 8 гадзін і не здзяйсняе далёкіх паездак. Яго заробак складае 115 еўра ў суткі. Мужчына жыве ў катэджы з іншымі кіроўцамі і плаціць за гэта 200 еўра ў месяц. У адрозненне ад Польшчы, нямецкі працадаўца аплачвае водпуск і бальнічны.
На відэа актыўна адгукнуліся карыстальнікі, якія, па іх словах, самі працуюць у сферы грузаперавозак у Еўропе. Яны расказалі, што нашмат больш зарабляюць і ў Польшчы.

«У Польшчы працую. Выхадныя аплачваюцца. Апошні заробак — 3000 долараў», — напісаў кіроўца пад адным з трэдаў.
«Не зусім так. Сярэдні заробак прыблізна зраўняўся — што ў немцаў, што ў замежных кіроўцаў. Заробак складае прыблізна ад 2800 да 3200 нета ў залежнасці ад аб’ёму працы».
«Сярэдні заробак у Польшчы — 90‑-100 еўра за дзень. Колькі дзён адпрацаваў, столькі і заробак. Без гасцініцы і арэндных кватэр. Сон у кабіне аўто і платныя паркоўкі — рэдкасць».
«У Польшчы плацяць ужо нашмат больш. Каля 3000 — сярэдняя «па палаце». Адзінае правільнае [што згадана ў роліку] — заробак на бусы катэгорыі B. Таксама ўсюды аплачваюцца выхадныя. Ніхто паўзу за «дзякуй» стаяць не будзе».
Іншы каментатар заўважае, што ў Польшчы заробкі цяпер большыя, чым у Літве. Мужчына таксама тлумачыць, што з беларускім пашпартам на працу ў Германіі ўладкавацца цяжэй — толькі праз пасярэдніка.
Аднак не ва ўсіх заробкі такія высокія. Знайшоўся і той, хто апісаў значна больш суровыя рэаліі:

«Як дальнабой скажу. Больш за 95 еўра вы не атрымаеце. Таму што вы «мігрыс». У катэджы вы жыць не будзеце пры любым раскладзе. Толькі ў кабіне. Пра 8 гадзін і 5 дзён на тыдзень зусім насмяшыла… Ад 13 да 15 гадзін. Праз тыдзень і па суботах працаваць будзеце».
Дыскусію працягнула заўвага аднаго з карыстальнікаў, які папрасіў расказаць не толькі пра грошы, але і пра побыт: «Апублікуйце, як харчуюцца, дзе спяць і з якім крыміналам сутыкаюцца».
На гэта яму іранічна параілі ўдакладніць, ці не ідзе гаворка пра ўмовы ў Беларусі: «Забыліся дадаць «…у Беларусі да гэтай працы»».

Адзін з карыстальнікаў даў разгорнуты адказ, параўнаўшы ўмовы працы ў Беларусі і ў Еўропе:
«Мне 26 гадоў, і 5 гадоў я ў гэтай [сферы]. Пачынаў з калгаса вялікай [Беларусі] за капейкі… І паехаў у Еўропу. І як бы гэта ні гучала, за людзей не лічаць якраз-такі ў СНД… Ты абавязаны, павінен праехаць 20 000 км+ у месяц. І гэта як мінімум… каб там нешта зарабіць. І ім п**** (не хвалюе — НН), ці спаў ты, ці еў… А ў Еўропе я вось нават цяпер, у гэты вось дзень, папрацаваў дзве гадзіны — і ўсё. На адпачынак… Але свае 100 еўра ў кішэню паклаў…
Крымінал? (…) Максімум за ўвесь час, што было, — гэта тэнт рэзалі, а так і ўсё. (…) Ежа тут — кожнаму сваё. Я ў «мак» заязджаю, ці сам гатую, ці кава (Польшча, Літва) па дарозе. А наконт спаць, як я і казаў, што ў СНД ты ўвогуле не спіш. Табе не дадуць проста. А тут я сплю як забіты. Сказаў бы, што нават лепш, чым дома».
Аднак крытык не супакоіўся і працягнуў наступ:
«Ты забыўся згадаць пра бязмежжа на стаянцы ў кірунку Францыі, тое, што спіш у кабіне і гатуеш на гарэлцы ежу. Праца падвяргаецца вялікай рызыцы, і трэба мець добрае здароўе».
На гэта яму адказаў іншы карыстальнік:
«Харчуюцца як дома, у душ ходзяць кожны дзень на любой запраўцы (у Італіі, Францыі бясплатна, у іншых краінах 3‑-4 еўра). Спяць у машынах, цёплых». Мужчына дадаў, што за сем гадоў працы ён ні разу не сустракаў крыміналу, у той час як у Расіі яго не бракуе.
Яшчэ адзін кіроўца звярнуў увагу на розніцу паміж Еўропай і Расіяй з Беларуссю: «Спіш спакойна на стаянцы з адкрытымі дзвярыма, бакі без замкоў, ніхто паліва не крадзе. Тэнт не рэжуць і не крадуць».
Ёсць і тыя, хто добрыя грошы мае і ў Расіі.
«Чатыры гады на Еўропе працаваў, і начамі таксама ездзіў. За месяц на праекце Amazon адзін аўтавоз — 12‑14 тысяч [кіламетраў]. Заробак — 2200 еўра. Вярнуўся дахаты і, не паверыш, прабег за месяц максімум 14 тысяч, заробак у мінулым месяцы склаў 236 000 рублёў (8700 беларускіх ці 2500 еўра. — НН) + 21 000 рублёў (774 беларускіх ці 223 еўра) сутачныя. Ем у кавярнях, і сам, здараецца, гатую. Раз на тыдзень дадому заязджаю па дарозе».
Пры гэтым сам кіроўца прызнае, што ягоны выпадак, хутчэй, выключэнне, і раіць іншым «лепш шукаць».

Іншы сцвярджае, што жыве ў Іспаніі і «возіць пакункі» на фуры (катэгорыя CE), працуе з панядзелка па пятніцу па 5‑-7 гадзін, з 8‑й раніцы да 4‑й гадзіны дня, але фактычна заканчвае працу раней. Яго заробак складае 1900 еўра за месяц. «Ездзіць далёка нават па Іспаніі няма сэнсу, бо за гэта плацяць не вельмі добра», — піша мужчына і адзначае, што ён грамадзянін Іспаніі.
«А што перашкаджае беларускім перавозчыкам плаціць такі ж заробак?» — задаецца пытаннем адзін з карыстальнікаў.
Паводле яго слоў, у краіне 90% кіроўцаў на грузаперавозках працуюць «па-чорнаму». Афіцыйны заробак складае 700 рублёў, а астатняе — «гатоўкай у канвертах» і «як захачу».

Яму тлумачаць, што працаваць у Беларусі інакш немагчыма: «Адкрый сваю кампанію і паспрабуй плаціць афіцыйны [заробак, паглядзіш] Колькі можаш плаціць і колькі гатовыя за гэта рабіць».
Нарэшце, частка карыстальнікаў абурылася самой тэмай абмеркавання — не варта лічыць чужыя грошы, заробленыя цяжкай працай.
«А навошта вы лічыце грошы чужых людзей, якія зарабляюць сваёй працай? У чым праблема пайсці на тую ж самую працу?»

Некаторыя прапанавалі замест таго, каб лічыць даходы працаўніка, апублікаваць даходы «нашых міністраў, дэпутатаў і дырэктараў!»

Каментары