«Пасля калоніі людзі забываюцца, як жыць». Ментарка «Вольных» распавяла, як працуе з палітвязнямі
Ініцыятыва «Вольныя» прапаноўвае ўсім ахвотным былым палітвязням працу з ментарам, які дапаможа наноў зарыентавацца на свабодзе. Валанцёры лічаць такое падтрыманне вельмі карысным і патрэбным, асабліва ў чужой краіне.

А як выглядае такое ментарства? Чаго яно патрабуе ад ментара? Што атрымліваюць палітвязні ў такой супрацы? У размове з «Белсатам» пра гэта распавяла валанцёрка Святлана, якая мае пяцёх падапечных.
«Гэта тое, што я магу даць Беларусі»
Святлана чатыры з паловай гады таму прыехала ў Вільню. Праз два гады адчула, што хоча штосьці рабіць для Беларусі і беларусаў, нават з-за мяжы. На вочы трапілася прапанова «Вольных» зрабіцца ментаркаю для былых палітвязняў. Святлана адгукнулася.
«Аднак проста напісаць ім «я хачу» недастаткова, — зазначае жанчына. — Пасля рэгістрацыі трэба вывучыць тэарэтычную частку, прачытаць пра псіхалагічныя асаблівасці працы. Гэта гайд на некалькі старонак, і азнаямленне з ім займае некалькі дзён. Потым здаеш тэст, які паказвае, наколькі ты добра засвоіў матэрыял».
Наступны этап — сустрэча з псіхолагам, які ацэньвае здольнасць валанцёра быць ментарам. Аднак пры першай спробе Святлана не дайшла да гэтага пункту.
«Калі я чытала тады, як працаваць з магчымай агрэсіяй у падапечных, з праявамі ПТСР, як супакойваць, то зразумела, што сама яшчэ на той момант не была дастаткова псіхалагічна ўстойлівай, каб дапамагаць іншым. Таму тады я адмовілася ад гэтай ідэі», — расказвае валанцёрка.
Святлана вярнулася да «Вольных» праз год — у той момант, калі адчула, што ў яе ўжо ёсць рэсурс, і нават на некалькіх падапечных, якіх цяпер у беларускі пяцёра.
«Чаму я гэта раблю? Бо разумею, што магу, што мне гэта па сілах. Гэта тое, што я магу даць Беларусі, беларусам, каб ім было лепш. Гэта мой унёсак у будучыню Беларусі. Людзі, якія выходзяць з калоніі, даволі паламаныя гэтай сістэмай, а я магу так зрабіць, каб ім зрабілася лепш, і каб яны далей рабілі нашае грамадства больш дэмакратычным, інклюзіўным, добрым, паспяховым. Калі мы вернемся назад, будзе вялікая колькасць людзей, якія прайшлі праз катаванні, турмы, калоніі. У такім стане складана будаваць будучыню. Таму я ўжо цяпер раблю так, каб далей нашаму грамадству было прасцей», — тлумачыць жанчына.
«Не памятаюць, як трымаць тэлефон у руцэ»
Першых дзвюх жанчын Святлана ўзяла ў ментарства на пачатку 2025 года. Адна з іх была вызваленая і таксама прымусова вывезеная з Беларусі, другая адсядзела тэрмін разам з мужам, і яны ўдвух пакінулі радзіму пасля вызвалення. Абедзвюм жанчынам было больш за 50 гадоў.
Яшчэ трое падапечных з’явіліся ў Святланы пасля апошняй хвалі вызвалення і выдварэння палітвязняў 11 верасня — гэта мужчыны ва ўзросце ад 30 да 37 гадоў. Самой Святлане амаль 40 гадоў.
З кожным падапечным (менці) ментар выбудоўвае план, стратэгію ягонага вяртання ў вольнае жыццё. Паводле гэтага плану потым вядзецца супраца.
«Пасля калоніі людзі забываюцца, як жыць і як мець кантроль над сваім жыццём. Я назіраю за імі, і бачу, што яны нават інфармацыю развучыліся засвойваць хутка. Яны перапытваюць, і ментар мусіць быць талерантны да паўтарэння адных і тых жа пытанняў. У першыя дні вызваленыя нават не памятаюць, як трымаць тэлефон у руцэ і як напісаць паведамленне. Ім няпроста запоўніць простыя формы заявак. Я сапраўды сутыкалася з тым, што людзі просяць: ты можаш запоўніць, бо я не памятаю, як друкаваць? Але праз 3—4 дні яны ўжо самі здольныя гэта рабіць», — апавядае Святлана.
Са словаў ментаркі, працу ў рэадаптацыі на волі трэба весці маленькімі крокамі, адзначаць, што чалавек зрабіў, што яму ўдалося. Часам людзі спяшаюцца вярнуць кантроль над сваім жыццём — у такіх выпадках іх трэба запавольваць, кажа нашая суразмоўца.
«Трэба ім так і казаць — цішэй, адпачні некалькі дзён, выспіся, вярні свой нармальны графік, каб не прачынацца а 5‑й гадзіне раніцы, як у калоніі, больш гуляць, вярнуцца да нармальнай ежы, заняцца сваім здароўем. Нашыя фонды забяспечваюць так, каб у людзей былі месяц — два спакойна выдыхнуць», — зазначае Святлана.
Вялікая нябачная праца
Супраца ментара і менці адрозніваецца ў залежнасці ад узросту, полу чалавека, ягонай адукацыі і прафесіі, а таксама тэрміну пакарання, месца зняволення і ўмоваў у ім — таго, праз што вязень прайшоў. Таксама ўплывае момант, у які пачалася супраца — адразу пасля вызвалення ці праз некаторы час.
«Мае дзве першыя менці пачалі са мною працаваць, калі ўжо прайшлі легалізацыю з дапамогаю іншых арганізацыяў. Яны ўжо мелі LНЖ, таму я ім дапамагала ў іншых пытаннях — як знайсці жытло, стэлефанавацца з гаспадаром кватэры і пагутарыць з ім па-англійску ці па-літоўску, паглядзець, які раён лепшы, дзе будуць больш прыемныя камунальныя кошты, падказаць, дзе якія крамы, зніжкавыя сістэмы, як устаць на ўлік у цэнтр занятасці і агулам як знайсці працу», — тлумачыць Святлана.
Інакш выглядала праца з палітвязнямі, якіх выдварылі 11 верасня. Іх прывезлі ў тым, у чым яны былі ў калоніі — у тых жа робах, абутку. Найперш іх трэба было адправіць памыцца, «каб змыць турэмны пах», пераапрануцца. Каб яны маглі гэта зрабіць, яшчэ перад сустрэчай, трэба было загадзя купіць вопратку, прадметы асабістай гігіены.
«А ты ж не ведаеш загадзя тых жа памераў. Ніхто не думае, які гэта аб’ём працы для валанцёраў і арганізацыяў, што прымаюць палітвязняў. Гэта не проста з кветкамі сустрэць каля амбасады. Бо трэба людзей памыць, пакарміць, пераапрануць, каб людзі сябе адчулі лепш. Гэта вялікая праца валанцёраў, ментараў, фондаў, што застаецца па-за бачаннем людзей», — падкрэслівае суразмоўца «Белсату».
У палітвязняў у адказ на такую дапамогу часта ўзнікала здзіўленне, што «хтосьці з імі сядзіць трое содняў запар да глыбокай ночы і адказвае некалькі разоў на адны і тыя ж пытанні», купляе ім вопратку, іншыя рэчы, прывозіць лекі, пачастунак, распавядае Святлана. Часам людзі кажуць, што яны ўвогуле не прызвычаіліся за ўсё сваё жыццё, каб ім хтосьці дапамагаў, а ў калоніях пагатоў зусім не сяброўская атмасфера.
,,«Яны казалі, што ў нейкі момант у іх нават узнікаў недавер — маўляў, ты такі добры, а што ты хочаш узамен? Гэта звычка з калоніі, бо там ёсць падсадныя качкі, якія нібы хочуць з табой працаваць, а насамрэч будуць зліваць інфармацыю пра цябе работнікам калоніі», — кажа ментарка.
«Гэтае вызваленне — не пра шчасце»
Гвалтоўна вывезеныя экс-палітвязні сумуюць па Беларусі і хочуць вярнуцца, асабліва тыя, у каго там засталіся сем'і, дзеці. Шмат каму заставалася адседзець некалькі месяцаў, і яны спадзяваліся, што нарэшце ўбачацца з роднымі, але іх і гэтага пазбавілі.
«Кагосьці затрымалі, напрыклад, калі дзіцяці быў год, а цяпер яму ўжо пяць. І канешне, бацькоў у такой сітуацыі вельмі ломіць. Літаральна ў першы дзень быў запыт, як зрабіць так, каб убачыцца з сям’ёй. А калі ім прывезлі мабільныя тэлефоны, здавалася, што першыя двое содняў яны ўвесь час хадзілі з імі і з некім размаўлялі праз відэа — спяшаліся ўбачыць усіх, з кім не сустракаліся некалькі гадоў. Яны вельмі сумуюць. У іх забралі тое, што яны чакалі атрымаць пасля гэтых няпростых гадоў».
Святлана падкрэслівае, што не лічыць выдварэнне за мяжу поўным вызваленнем, бо ў такой сітуацыі не ўсе сем’і здолеюць хутка аб’яднацца. Напрыклад, цяжка будзе ў сітуацыях, калі пакараныя былі двое бацькоў і дзіця цяпер пад апекаю. Вывезці яго з Беларусі, а пагатоў вярнуць апеку бацькам будзе вельмі складана.
«Людзям аднойчы зламалі жыццё, а цяпер яшчэ і яшчэ ламаюць. І гэтае вызваленне — гэта не зусім пра шчасце. У людзей забралі радзіму і сям’ю. Яны на свабодзе фізічна, а эмацыйна ў іх нібы новае пакаранне», — зазначае валанцёрка.
Былыя палітвязні могуць быць не ў самым лепшым псіхалагічным стане. У іх можа ўзнікаць злосць, агрэсія, дэпрэсія. Калі ментар бачыць такія праявы, ён павінен акуратна падвесці свайго падапечнага да неабходнасці звярнуцца да спецыяліста. «Вольныя» могуць падказаць арганізацыі, кантакты. Святлана цешыцца, што вызваленыя не адмаўляюцца ад псіхалагічнай дапамогі і прызнаюць, што яна ім патрэбная.
У выпадку патрэбы ментар таксама падкажа, як запісацца да лекара, калі ёсць праблемы з фізічным здароўем.
Жанчына і мора
Хоць ментары самі не надаюць псіхалагічнага падтрымання, аднак часта ў менці ўзнікае патрэба проста пагутарыць. З некаторымі падапечнымі Святлана стэлефаноўваецца амаль штодня на 30 хвілінаў. З іншымі стала кантактуе праз перапіску — запытваецца, як справы, што ўдалося зрабіць. Агулам жа ў супрацы ментара і менці ўсталёўваюцца правілы — калі можна пісаць і тэлефанаваць, калі не. Звычайна дамаўляюцца, каб не турбаваць на выходных, аднак могуць быць і выняткі.
«Адна з маіх менці ўпершыню за больш чым 50 гадоў свайго жыцця з’ездзіла на мора ў Клайпеду на некалькі дзён. Я тады была на выходных у сяброў. І тут ад яе званок. Я думала, што штосьці здарылася. А яна мне патэлефанавала праз відэа, каб паказаць, як яна ідзе праз сасновы лес да мора. І яна была такая шчаслівая, як дзіця. Я даўно не бачыла дарослых з такімі вачыма і з такой усмешкаю. Я расплакалася — так гэта было кранальна, што яна вырашыла падзяліцца са мной гэтым момантам свайго жыцця. Для мяне гэта быў важны пункт у маёй працы, што людзі гатовыя дзяліцца не толькі праблемамі, але і прыемнымі рэчамі», — кажа Святлана.
Беларуска кажа, што ёй не бывае цяжка ад ментарства, у яе не ўзнікае выгарання нават пасля такой інтэнсіўнай працы, як 11 верасня і ў наступныя некалькі дзён. Цяпер, калі першыя патрэбы вызваленых задаволеныя, на ментарства ў Святланы ідзе 8 — 10 гадзінаў на тыдзень.
Калі жанчына слухае нават жудасныя гісторыі пра зняволенне, у яе ў адказ узнікае злосць, якая мабілізуе яе «рабіць яшчэ больш добрага для гэтых людзей».
«У мяне не апускаюцца рукі. Я наадварот хачу гэтай сістэме, гэтаму злу супрацьпаставіць сваю дабрыню і перакрыць добрымі справамі тое дрэннае, што яны зрабілі», — кажа валанцёрка.
Колькі часу спатрэбіцца на ментарства, таксама залежыць ад стану чалавека, ад таго, што яму давялося перажыць, як доўга ён быў за кратамі. Але ў сярэднім, са словаў Святланы, каля 6 месяцаў. З адной жанчынаю супраца расцягнецца амаль на год: ёй зімой трэба будзе дапамагчы зрабіць пашпарт замежніка ў Літве, бо ў яе сканчаецца беларускі. Супраца з менці сканчаецца, калі падапечны скажа, што ўжо гатовы да самастойнага жыцця ў грамадстве, у новай краіне.
«Вольныя» цяпер рыхтуюцца да магчымых новых масавых вызваленняў палітвязняў. Ахвочых зрабіцца ментарамі запрашаюць запоўніць заяўку на сайце ініцыятывы.
Каментары
Кожны раз чытаючы падобныя аповеды даюся жаху ад таго што зрабіў рэжым.
Ну нічога, спачатку знішчым рэжым унутры, а пасля - і звонку.
“ А калі ім прывезлі мабільныя тэлефоны, здавалася, што першыя двое содняў яны ўвесь час хадзілі з імі і з некім размаўлялі праз відэа — спяшаліся ўбачыць усіх, з кім не сустракаліся некалькі гадоў. Яны вельмі сумуюць. У іх забралі тое, што яны чакалі атрымаць пасля гэтых няпростых гадоў»