МУС Польшчы наклала нацыянальныя санкцыі на польскую «дачку» «Беларускай цэментнай кампаніі» (БЦК) — фірму Białoruska Kompania Cementowa — Polska sp. z o.o.. Рашэнне прынята па заяве Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, піша Most.

У заяве сказана, што 100% акцый польскай кампаніі належыць беларускаму холдынгу з офісам у Мінску. А ён, у сваю чаргу, аб’ядноўвае буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, што вырабляюць цэмент.
У снежні 2023 года на БЦК наклалі санкцыі ЗША. У Польшчы кіраўнічую кампанію холдынгу ўнеслі ў санкцыйны спіс 22 ліпеня 2025 года — за супрацоўніцтва з Расіяй. Як адзначана ў заяве, БЦК пастаўляе туды тавары, «якія ў значнай ступені спрыяюць функцыянаванню эканомікі, скіраванай на вайсковую прамысловасць».
На думку падатковага ведамства, дзейнасць польскай кампаніі «непасрэдным чынам спрыяе развіццю і прыбытку яе беларускага акцыянера». Таму ёсць падставы аднесці фірму да ліку суб’ектаў, што падтрымліваюць агрэсію Расіі супраць Украіны.
«Прыняцце абмежавальных мер у дачыненні да Białoruska Kompania Cementowa Polska sp. z o.o. прывядзе да змяншэння эканамічных рэсурсаў Беларусі, з выкарыстаннем якіх вядзецца агрэсія супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі.
Рашэнне аб накладанні санкцый прадугледжвае замарозку ўсіх актываў кампаніі, забарону на перадачы ёй любых рэсурсаў і забарону дзеянняў, скіраваных на абыход абмежаванняў. Таксама польская «дачка» БЦК не будзе дапушчаная да ўдзелу ў тэндарах у Польшчы.
Каментары