Рыбак на Мінскім моры злавіў двух здаравезных самоў. Адзін важыў 70 кілаграмаў, другі — крыху менш
Рыбалка на Мінскім моры для жыхара Оршы Мікалая Кітаева завяршылася сур’ёзным уловам. Мужчына злавіў дзве салідныя рыбіны агульнай вагой каля 140 кілаграмаў. Як расказаў рыбак у інтэрв’ю Onliner, ён ніколі раней такіх буйных самоў не бачыў.

На Мінскае мора (Заслаўскае вадасховішча) Мікалай паехаў рыбачыць у канцы жніўня. Яго мэтай быў сом: улетку на іншую рыбу ён не палюе.
— У мяне быў выходны, і я вырашыў з’ездзіць на рыбалку. Першага злавіў а 19:30. Ваяваў з ім да наступлення цемры каля гадзіны. Ён быў велізарны, хапіў мяне за руку так, што нават дрыжыкі пайшлі па целе. Падумаў: а раптам назад у ваду пацягне — але ўсё абышлося, — распавядае Мікалай.
— Потым я пераначаваў у бацькі ў Мінску і гадзіне а шостай раніцы зноў прыехаў на Мінскае мора. Побач на вадаёме ўжо было каля васьмі лодак, з якіх лавілі на квок [калатушка, якая стварае бульканне пры ўдары па вадзе. Сом адчувае гук, выходзіць з ямы і рухаецца да месца, дзе адбываецца шчаўчок]. Клёў адбыўся каля восьмай гадзіны.
Сіл змагацца з ім практычна не засталося: напярэдадні рукі вельмі моцна «забіліся». Давялося выкарыстоўваць навыкі барацьбы. Я рукамі і за кошт уласнай вагі паваліў яго ў лодку і яшчэ дадаткова дапамагаў сабе нагамі. Усё сапраўды нагадвала барацьбу.
Паводле слоў рыбака, вага першага склала 70,5 кг, другога — 69,5 кг. Даўжыня кожнага — 220 і 225 сантыметраў
Аднаго Мікалай адпусціў, а другога забраў з сабой. Ён прызнаецца, што такога ўлову не чакаў. Тым больш Мінскае мора — вадасховішча, а сомы любяць праточную ваду.
— Не думаў, што змагу злавіць такую вялікую рыбу. Але, як бачым, такая рыба там жыве. Мяркую, што гэтым сомам па 22—23 гады. Да заснавання вадасховішча тут працякала рака Свіслач, у якой вадзіўся сом. Думаю, ёсць тут рыба і буйнейшая, — лічыць рыбак.
Яго папярэдні рэкорд — 52 кілаграмы, а літаральна днямі, ужо пасля ўдалага выезду на Мінскае мора, ён злавіў каля Оршы 54‑кілаграмовага сома.
Мікалай Кітаеў — вядомы ў Оршы футбаліст. Рыбалкай захапляецца з дзяцінства. Практычна ўсю сваю футбольную кар’еру ён правёў у родным горадзе, а летась стаў галоўным трэнерам мясцовай каманды, што выступае ў Д2 чэмпіянату Беларусі. Праўда, вынікі сёлета не вельмі: калектыў займае 16‑е месца з 18 удзельнікаў першай лігі. «Каб яшчэ каманда так у футбол гуляла!» — пад пастом у Instagram, прысвечаным улову, напісаў адзін з гульцоў ФК «Орша».

Мікалай лічыць рыбалку аддушынай і рыбачыць пераважна па выходных у вольны ад футбола час.
— Не разумею, што сёлета адбываецца. Нам удалося захаваць касцяк каманды, з якой у мінулым годзе непасрэдна выступалі. Калі б мы тады выйгралі хаця б 6 з 12 матчаў, што скончыліся ўнічыю, былі б у шасцёрцы лепшых. А цяпер змагаемся за выжыванне. Але аднаму цяжка нешта выправіць [у Мікалая няма трэнерскага штаба — Onliner]. Я адзін, а футбалістаў — трыццаць. Хоць як трэнер, мабыць, даю камандзе нават больш, чым у мінулым годзе. Рыбалка цяпер дае хоць нейкія станоўчыя эмоцыі.
Каментары
здаравенны = здоровенный
огромный =
вялікі
велізарны
вялізны
велічэзны
аграмадны
агромністы;