Латушка: Макею я адмовіў два разы, а Тозік прасіў мяне размаўляць з ім па-беларуску
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка расказаў, як два разы адмовіў Макею стаць яго намеснікам, як аднойчы скінуў 9 кілаграм за тры месяцы і чым дапамог былы віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.

«Я Макею адмовіў два разы на яго прапанову стаць першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі», — згадвае Павел Латушка ў новым выпуску ток-шоу «Перётрём с Халезиным».
«Гэта быў 2008 год. Ён толькі стаў кіраўніком Адміністрацыі. Я сказаў «не». А ён выклікаў яшчэ раз — «падумайце». І я ўсё роўна сказаў «не». Таму што я ўяўляў, што мне трэба будзе адказваць за фальсіфікацыі выбараў, за ўсю гэту…».

Згадваючы Макея, Латушка адзначыў, што чыноўнік жыў пад унутраным ціскам, які адыграў у яго лёсе дрэнную паслугу.
«Гэта якраз такі ўнутраны ціск, калі ён не змог перажыць 2020 год. Ён зразумеў, што ўсё разбурылася. У нейкай ступені ён працаваў і на нейкі вынік у замежнай палітыцы. Ён спрабаваў вывесці Беларусь з ізаляцыі. Але ў яго ўвесь час наступалі гэтыя супярэчнасці.
Калі каманда паступала зверху, ён рабіў так, як трэба было зверху. Гэта значыць, у яго ў гэтым выпадку афіцэрскія пагоны працавалі вельмі выразна. Загад значыць загад. Калі трэба кагосьці прыбіраць, ліквідаваць, закрыць, ціснуць. Ён гэта рабіў. Дзе была магчымасць вольнага манеўру, тады ён рабіў крыху па-іншаму».
Як скінуў 9 кілаграм за тры месяца
Латушка прызнаецца, што і яму самому было вельмі цяжка на пасадзе міністра культуры спраўляцца з унутраным ціскам.
«Я памятаю, дарэчы, калі я стаў міністрам культуры, я дзевяць кілаграм страціў за тры месяцы. Дзевяць кілаграм ад нерваў, таму што я зразумеў дзікую супярэчнасць», — згадвае былы чыноўнік і тлумачыць:
«Беларуская культура, беларуская мова — я выхаваны быў на гэтым маім бацькам. Потым другі вось гэты імпульс, які я атрымаў [працуючы як пасол Беларусі ў Польшчы] ад беларусаў, якія пражываюць у Польшчы. Я прыходжу ў міністэрства культуры і разумею, што я павінен змагацца за беларускасць. Дзе? Унутры краіны!
У Беларусі змагацца за беларускасць. Гэта ж сёмы дзень маёй працы [на пасадзе міністра культуры], калі мяне выклікае Пяткевіч на дыван (тады ў Макея ў выніку была сустрэча). Яе трэсла ўсю. У яе трэсліся рукі. Яна раўла ў прыёмнай кіраўніка Адміністрацыі. «Як вы сабе маглі дазволіць дабівацца, каб на «Славянскім базары» была беларуская мова?» А дзе? А дзе, Наталля Уладзіміраўна? Ну адкажыце мне, калі ласка».

Чаму Пяткевіч і Дрыгу лічыць антыбеларускімі
Як тлумачыць Латушка, такая антыбеларуская пазіцыя Пяткевіч тлумачыцца яе кар'ернымі амбіцыямі.
«Я думаю, на той момант яна ставіла для сябе мэту зрабіць кар'еру. А для таго, каб зрабіць кар'еру, трэба было служыць і выслужвацца перад Лукашэнкам. Рэалізоўваць яго даручэнні з запалам».
Падобным чынам, як заўважае Латушка, паводзіла сябе і Ірына Дрыга — аўтарка «чорнага спісу» артыстаў. У бытнасць Латушкі міністрам культуры Дрыга займала пасаду начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі.

Як быў адменены «чорны спіс» артыстаў
Латушка згадвае, што пра неабходнасць адмены неафіцыйнага «чорнага спісу» ён выказаўся на сустрэчы Лукашэнкі з таленавітай моладдзю.
«Нарада Лукашэнкі з таленавітай моладзі ў нас у [Нацыянальнай] бібліятэцы. І я стаўлю гэтае пытанне аб «чорным спісе». Я памятаю, цішыня ў зале. А мне потым расказвалі, Пяткевіч была за кулісамі. Яна ўскочыла і вымавіла фразу. Яна пракрычала: «Што ён сабе дазваляе?!» А я кажу, што надышоў час. (…) Трэба вырашыць гэтую праблему. Гэта рэальная праблема для беларускай культуры».
Як Тозік спрыяў беларускай культуры
Па словах Паўла Латушкі, за адмену «чорных спісаў» выступаў і тагачасны віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік, які імкнуўся таксама выглядаць дэмакратам.
«Ён мяне прасіў размаўляць на беларускай мове з ім падчас нарадаў у Савеце Міністраў. А нарады ён праводзіў так. Не трэба было ўвесь час сядаць так, [што] віцэ-прэм'ер у прэзідыум садзіцца. Ён сядаў у цэнтры, [астатнія] па правую руку і з тога боку. То-бок ён паказваў такім чынам дэмакратычнасць».
Як згадвае Латушка, менавіта дзякуючы Анатолю Тозіку, была заменена недарэчная «цыбуліна» на вежы Нясвіжскага замка, якая не адпавядала яго аўтэнтычнаму вобразу.

«Яшчэ да мяне зрабілі памылку падчас рэстаўрацыі. Усе гавораць — гэта праблема. (…) ЮНЕСКА можа выключыць Нясвіж з помнікаў ЮНЕСКА (спіса Сусветнай спадчыны. — НН). За бюджэтныя грошы зрабіць нельга. Калі за бюджэтныя, значыць нехта проста растраціў грошы. Крымінальная справа. (…) Пачалі збіраць спонсараў з намеснікам міністра культуры.
Я прыходжу да Тозіка з планамі. Паказваю: «Вось гэту цыбуліну трэба мяняць. Неабходна яе зрэзаць».
Ён гаворыць: «А аб'ект наколькі гатовы?» Я кажу: «Гатовы на 99%». Кажа: «Разумееце, Павел Паўлавіч, што Лукашэнка заўтра можа прыехаць і адкрываць Нясвіжскі палац».
Я кажу: «Калі мы адкрыем, мы ўжо потым гэтую цыбуліну ніколі не зрэжам. А будзе праблема з ЮНЕСКА». І ведаеш, што ён мне гаворыць? «Зразайце».

Я кажу: «Хадземце да прэм'ера». (Мясніковіч тады быў). Ён кажа: «Не, зразайце, я бяру адказнасць разам з вамі». І мы гэта прыбралі і зрабілі так, як правільна».
Каментары