Латушка: У Пяткевіч трэсліся рукі, галава, яна тупала, крычала: «Вы насаджаеце нацыяналізм»
Былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка згадвае пра свае кантакты з Наталляй Пяткевіч і даводзіць, што яна не любіць Лукашэнку.

Госцем новага выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» стаў былы міністр культуры Беларусі (2009-2012 гады) а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Згадваючы свае адносіны з Наталляй Пяткевіч, якая ў 2009-2010 гадах была першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, палітык і былы чыноўнік адзначыў, што меў з ёю вельмі шмат канфліктаў і праблем, і згадаў асобныя.
Змены ў праграме «Славянскага базару»
Першы канфлікт, па словах Латушкі, быў звязаны з праграмай адкрыцця «Славянскага базару»:
«Калі я толькі стаў міністрам культуры, я еду на рэпетыцыі дня адкрыцця «Славянскага базару». І мяне выклікаюць у Адміністрацыю, я вымушаны хутка вяртацца ўначы, і ўраніцы а 8-й гадзіне я ў кабінеце.
І Пяткевіч мне закатвае істэрыку, калі ў яе трэслася ўсё: рукі, галава. Яна крычала, яна проста тупала. Столькі негатыву выплёўвалася на мяне. (…) Там эмоцыі проста зашкальвалі. Яна такі чалавек».
Латушка патлумачыў, што стала прычынай канфлікту:
«За тое, што я сказаў: «А што, у нас няма беларускіх пісьменнікаў, творамі якіх мы маглі б адкрыць «Славянскі базар»? Бо «Славянскі базар» у Віцебску, а Віцебск — гэта ўсё ж такі Беларусь, а не Расія».
І яна казала «вы насаджаеце беларускую мову, вы насаджаеце нацыяналізм» і гэтак далей».
Былы чыноўнік сцвярджае, што гэты канфлікт стаў «пачаткам вайны» паміж Пяткевіч і ім як міністрам культуры Беларусі.
«Заўсёды мы ваявалі, бо міністр культуры Беларусі павінен быць за беларускую культуру, за беларускае слова. На якую халеру ты стаў міністрам культуры?»
«Уяўляеце, у Адміністрацыі сядзіць чалавек, які перашкаджае беларускай культуры, беларускасці», — працягвае Латушка і пералічвае забароны, якія ішлі з боку Пяткевіч:
«Нельга святкаваць юбілей Рыгора Барадуліна, нельга ўшаноўваць памяць Васіля Быкава, нельга адкрываць мерапрыемства на беларускай мове і гэтак далей. Нельга, нельга, нельга».

Канфлікт праз спектакль
Павел Латушка згадаў яшчэ адзін канкрэтны выпадак, калі яго выклікала Пяткевіч. Ён звязаны з пастаноўкай у Купалаўскім тэатры рэжысёрам Мікалаем Пінігіным спектакля «Пераклады» (Translations) па п'есе брытанскага драматурга Браяна Фрыла. Прэм'ера спектакля адбылася 23 снежня 2009 года:
«Трэба зняць спектакль Купалаўскага тэатра «Пераклады». (…) Пінігін паставіў [так], што англійскі афіцэр размаўляе з дзяўчынай-ірландкай, у якую ён закахаўся, на рускай мове, а ірландская дзяўчына — на беларускай. Разумееце паралелі?
Мяне выклікаюць у Адміністрацыю, і Пяткевіч кажа: «За гэта ў савецкія часы здымалі з пасады міністраў культуры». Я кажу: «Што ж вы не здымаеце?»
На ўдакладняючае пытанне, ці крычала Пяткевіч на гэты раз на яго, Латушка адказаў:
«Раўла, так. Яна заўсёды павышала голас».
Забарона згадкі Радзівілаў
Яшчэ адзін выпадак, які характарызуе стаўленне Пяткевіч да беларускай культуры, звязаны з Нясвіжскім замкам, у якім з удзелам Лукашэнкі пасля рэканструкцыі ў ліпені 2012 года быў адкрыты музей:
«Уявіце, Нясвіжскі палац, Лукашэнка павінен прыехаць, а яна стаіць і раве на цябе на рускай: «Як вы сабе дазволілі? Чаму я еду з Мінска па трасе да Нясвіжа і стаяць знакі, указальнікі: «Нясвіжскі палац — былая рэзідэнцыя Радзівілаў». Як вы гэта сабе дазваляеце? Якія Радзівілы?»
Я кажу: «Прабачце, Наталля Уладзіміраўна, па-першае, гэты помнік гісторыі так запісаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, такая назва. Па-другое, ну не міністр культуры расстаўляе дарожныя знакі».
Яны за ноч іх памянялі. І няма Радзівілаў. Вось, калі ласка, там проста дурнота».
Заступніцтва Макея
Павел Латушка згадвае, што аднойчы Пяткевіч забараніла ізраільскаму прадстаўніку выступаць на «Славянскім базары». Па яго словах, было разбіральніцтва службы бяспекі Лукашэнкі, і гэта дайшло да тагачаснага кіраўніка Адміністрацыі Уладзіміра Макея.
«Трэба было пісаць справаздачу. Я Макея папрасіў, што напішу закрыты дакумент, дзе сказаў, што [гэта было] прамое ўказанне Пяткевіч — зняць прадстаўніка Ізраіля з адкрыцця «Славянскага базару» па прынцыпе нацыянальнасці.
Яна сказала: «Хопіць нам гэтых яўрэяў! Што тут [іх] возяць на «Славянскі базар» самалётамі». Гэта быў прамы загад.
Слухайце, я не буду адказваць за такую дурноту.
Я пішу Макею, а Макей ведаеце што зрабіў? Ён распісаў гэты дакумент Пяткевіч. То-бок фактычна ён падстаўляе мяне перад Пяткевіч. Яна мне званіць: «Ну што, хацеў прыкрыць…»
Праўда, як згадвае Латушка, пасля гэтага канфлікту Макей яму патэлефанаваў і сказаў, што замест Пяткевіч сам будзе курыраваць міністэрства культуры.
Як змянілася Пяткевіч
На ўдакладняючае пытанне Мелказёрава, ці не сведчаць гэтыя выпадкі аб тым, што Пяткевіч выступае за «рускі свет» і з'яўляецца антысеміткай, Латушка адносна другога заўважыў, што «праявы былі», але ён «не хоча сцвярджаць адназначна».
Што тычыцца «рускага свету», то па словах палітыка, Пяткевіч ніколі не была прыхільніцай беларускага, ніколі не выступала ні за беларускую мову, ні за беларускасць, яе ніколі не цікавіла прасоўванне беларускай ідэі ў грамадстве.
Як даводзіць палітык, Пяткевіч «глядзела на Лукашэнку, які як бы зыходзіў з падыходу, што беларускае — гэта штосьці непатрэбнае для дзяржавы».
Але апошняя інфармацыя ад інсайдараў, якая да яго паступае, як даводзіць Латушка, яго здзіўляе.
«Кажуць, што Пяткевіч стала дзяржаўнікам, што яна падтрымлівае незалежнасць», —
гаворыць палітык і тлумачыць такую ацэнку пэўным тыпам мыслення часткі беларускіх чыноўнікаў, «якія лічаць, што дзяржаўнасць і незалежнасць можа існаваць без каранёў, без уласнай гісторыі, культуры, мовы».
«Вось яна належыць, я думаю, да той кагорты людзей. Магу дапусціць, што гэта так. Яна за дзяржаву, але без нацыянальнай прыкметы. То-бок там не павінна быць нацыянальнага падмурка», — лічыць Павел Латушка.
«Пяткевіч не хоча змагацца за Лукашэнку»
«У Пяткевіч няма любові да Лукашэнкі. Яна прагматык», —
даводзіць Латушка і тлумачыць:
«Паглядзіце на яе выгляд знешні, як яна сёння выглядае, як яна глядзіць на нарадах, выступае. Там няма матывацыі, там няма энергіі, у яе ўнутры нічога няма, разумееце? Яна высахла. І яна не хоча за яго змагацца».
Па словах Латушкі, вяртанне Пяткевіч у вертыкаль улады было добрым рашэннем для Лукашэнкі. Яна паспяхова справілася з «псеўдавыбарамі» і цяпер як віцэ-прэм'ер займаецца сацыяльнай сферай, у якой «праблем вышэй за галаву».
«Яна сістэмны чалавек аўтакратычнай сістэмы, яна будзе выконваць, што ёй кажуць зверху, будзе нават ініцыяваць, але там няма энергіі, там няма любові да яго. Любоў ужо прайшла. Калісьці, можа, і была, а зараз гэта так не выглядае, абсалютна».
***
Наталля Пяткевіч нарадзілася ў 1972-м у Мінску. Яе бацька — стаматолаг Уладзімір Краўчанка. Ён паходзіць з Навасібірскай вобласці Расіі, але пасля Другой сусветнай вайны сям'я асела ў Беларусі.
Чытайце таксама:Пяць фактаў пра Наталлю Пяткевіч — самую ўплывовую чыноўніцу Беларусі да з'яўлення Качанавай і Эйсмант
Цяпер чытаюць
Зніклы Анатоль Котаў быў партнёрам самага высокапастаўленага беларускага разведчыка, які пераехаў у Польшчу. Тут можа быць ключ да разгадкі яго знікнення

Каментары
Петкевич Наталья Владимировна: биография, родители.
Родилась будущий политик в последнюю неделю октября 1972 года в столице Белорусской ССР, городе Минске. Ее отец В. А. Кравченко был врачом-стоматологом. Когда девочке было всего три годика, он стал самым молодым из столичных главврачей. После этого вот уже на протяжении 40 лет он возглавляет 7-ю стоматологическую поликлинику Минска. Родом он не из Беларуси, а из Новосибирской области. Его родители, то есть дедушка и бабушка Петкевич Натальи, были учителями. В Минск они попали после Отечественной войны. Мама Наташи по профессии учительница. Позже Владимир Акимович четырежды избирался депутатом Минского городского совета депутатов, а также возглавил общественную организацию медработников Беларуси. Брак с мамой Натальи был вторым. От первой жены у него не было детей.
Яна расейка?