Грамадства

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель — адзін з палітвязняў, вызваленых і вывезеных з Беларусі 11 верасня. Без пашпарта, але з байкай «Баста!», якую ён пяць гадоў зняволення вазіў з сабой.

Яўген Афнагель. Фота: «Наша Ніва»

«Наша Ніва» распытала яго пра сакрэт захавання байкі, хованкі ад КДБ пад дахам, скандаванне «Верым! Можам! Пераможам!» з клеткі судовай залы, самы цяжкі момант у зняволенні і сапраўднага беларускага лідара.

Яўген Афнагель нарадзіўся ў 1979 у Мінску. Скончыў гістфак Мінскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Танка (2001). У нацыянальным руху з 1996. Быў сябрам «Маладога фронту» (1996—2001). У 2001 быў заснавальнікам «Зубра». На прэзідэнцкіх выбарах-2010 быў у камандзе Андрэя Саннікава, пасля іх вымушаны быў эміграваць — за мяжой правёў пяць гадоў, а потым вярнуўся ў Беларусь. Быў каардынатарам грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

За сваю апазіцыйную дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў: штрафам, адміністрацыйным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.

Апошні раз Афнагель быў затрыманы 25 верасня 2020 года ў межах крымінальнай справы па арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»). Яўген атрымаў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сядзеў у Наваполацкай калоніі №1, а потым — у турме №4 у Магілёве.

«Ужо ў камеры было зразумела, што Статкевіч застаецца»

«Наша Ніва»: Наколькі ведаем, у вас цяпер цягнецца працэс легалізацыі. На якім ён этапе?

Яўген Афнагель: Мы падаліся на дазвол на жыхарства пакуль што, бо гэта самае хуткае, што можна зрабіць. Тое ж уцякацтва можна чакаць як месяц, так і паўтара года. А ў нас фактычна ўвесь легальны пакет дакументаў — адна віза на 15 дзён і больш нічога няма. ВНЖ паабяцалі зрабіць у межах месяца. Можа, удасца і хутчэй.

«НН»: Калі вы бачылі свой пашпарт апошні раз?

ЯА: Пяць гадоў таму. Але я дакладна ведаю, што ён у справе быў, новы, зроблены ўжо падчас адбывання пакарання, дзейны. Пазбавілі пашпартоў акурат тых 13 чалавек, якіх перад дэпартацыяй у ноч на 11 верасня прывезлі ў СІЗА КДБ.

«НН»: Сяргей Спарыш расказаў «Нашай Ніве», што падчас сустрэчы ў СІЗА КДБ змог даведацца пра праблемы Статкевічам з сэрцам. Вам ёсць што дадаць? Пра што вы размаўлялі?

ЯА: Настрой у Мікалая Віктаравіча быў нармальны, баявы, як звычайна. Ён вельмі рады быў сустрэцца нарэшце з сябрамі, паплечнікамі, аднадумцамі — хай сабе і ў камеры СІЗА КДБ. Зразумела, што ёсць вялікія праблемы са здароўем, зразумела, што Статкевіч правёў вялікі тэрмін без сувязі з жонкай і роднымі, без ніякіх навін, у адзіночцы ці ў штрафным ізалятары — то-бок у вельмі цяжкіх умовах.

Мы змаглі паразмаўляць там у камеры, і тады ўжо было зразумела, што ён застаецца. У тым выпадку, калі нас выкідваюць з краіны, ён адмовіцца гэта рабіць. Размова была асабістая, сяброўская, таму што мы не бачыліся пяць гадоў. Было вельмі шмат эмоцый і жартаў. Мікалай Віктаравіч заўсёды па слова ў кішэню не лез, і пачуццё гумару ў яго выдатнае было — гэта ўсё захавалася.

Статкевіч адчувае сваю адказнасць за лёс краіны, за лёс тых людзей, якія выйшлі на пратэсты, у тым ліку і па яго закліку. Ён сапраўдны лідар, які разумее, што яго месца на тэрыторыі Беларусі. Ён паламаў гульню Лукашэнку, вярнуў суб'ектнасць беларускай апазіцыі, беларускім палітвязням і агулам беларусам. Мы ж былі таварам — нас абмянялі на зняццё санкцый ЗША з «Белавія». У тавару суб'ектнасці няма. Але ён зрабіў так, што цяпер усе бакі, якія ўдзельнічаюць у гэтым гандлі, павінны ўлічваць як мінімум магчымасць паўтору падобнай сітуацыі.

«НН»: У вас самога не праскоквала думка пайсці за Статкевічам?

ЯА: Не, мы гэта абмеркавалі яшчэ ў СІЗА КДБ. Шчыра скажу, сама магчымасць убачыць упершыню за амаль чатыры гады маіх блізкіх для мяне была галоўным аргументам.

«НН»: Як гэта — адчуваць сябе таварам Лукашэнкі?

ЯА: Эмацыйна цяжка, насамрэч. У тым ліку таму, што мы не проста выкінутыя з краіны, мы не проста абмененыя на нейкія санкцыі, мы яшчэ фактычна пазбаўленыя грамадзянства, пазбаўленыя магчымасці вярнуцца ў Беларусь.

Мы доўга думалі, на якой падставе 13 чалавек аб’ядналі ў камеры следчага ізалятара КДБ. І зразумелі, што гэтыя людзі добра ведалі адзін аднаго, яны даўно ў руху супраціву і ў апазіцыі. І менавіта нас пазбавілі пашпартоў. Мабыць, улады больш нас баяцца. Атрымалася пэўная ацэнка нашай дзейнасці, выходзіць.

«Мы выйшлі дзякуючы блакіроўцы рэжыму і санкцыям»

«НН»: Падчас вашага зняволення ўсе гады ішлі дыскусіі наконт таго, што лепш для вызвалення палітвязняў — ціск на рэжым ці выбудоўванне магчымасці дыялогу. Паліна Шарэнда-Панасюк, калі вызвалілася, была за жорсткі ціск. А ў вас які погляд?

ЯА: Мы выйшлі дзякуючы якраз блакіроўцы рэжыму і санкцыям. Тут іншага меркавання быць не можа. Лукашэнка не выпусціў нас, таму што ў яго добрая душа ці таму што (як мы чыталі ў афіцыйнай прэсе) ён хацеў, каб мы ўз'ядналіся з сем'ямі. У многіх выкінутых з краіны сем'і засталіся ў Беларусі, гэта наадварот раз’яднанне.

Калі ўжо гаварыць пра дыялог, пра нейкія перамовы, то яны магчымыя толькі тады, калі іх суб'ектам будзе беларуская апазіцыя. Калі ў іх будзе ўдзельнічаць той жа Мікола Статкевіч, тыя, хто былі лідарамі пратэстаў у 2020 годзе. Пакуль мы такога не бачым, уладам прасцей размаўляць з замежнымі дыпламатамі. Чаму — гэта асобнае пытанне. Пра які дыялог можа быць гаворка?

Санкцыі б'юць па рэжыме, пазбаўляюць яго грошай і вымушаюць вызваляць палітвязняў. Тое, што мы бачым зараз — зусім іншае. За пяць месяцаў 170 чалавек выйшлі з турмаў і калоній, у той жа час новых пасадзілі 283. Сітуацыя толькі пагоршала. Гэта ўсё незразумелая гульня, у якой беларускі апазіцыйны, патрыятычны бок амаль ніякай выгады не мае.

«Свабода — найлепшы лекар»

«НН»: Ці вы ўжо паспелі праверыць здароўе? Вы казалі, што ў вас упаў зрок — наколькі ўсё катастрафічна?

ЯА: Наша група, якую ўжо назвалі «групай 11 верасня», яшчэ праходзіць медыцынскі агляд. Па здароўі, зразумела, нейкія хібы будуць.

Зрок мой сапраўды пагоршыўся, але я не хацеў бы прасоўваць наратывы ахвяры. Ва ўсіх ёсць праблемы са здароўем. І ад таго, што мы будзем пра гэта казаць падрабязна, яны не знікнуць. Тым больш, і так шмат было ўжо сказана.

Свабода — яна, ведаеце, найлепшы лекар. Таксама, як і сяброўская падтрымка, салідарнасць, тая цеплыня, з якой нас прыняла Літва, сустрэлі праваабаронцы, журналісты незалежных СМІ, грамадскія актывісты. Мы вельмі ўдзячныя за гэта.

«Цяжкімі былі дні, калі я даведаўся пра смерць таты і пра смерць бацькоў маёй жонкі»

Такую цішотку падарыў Яўгену ўладальнік крамы сувеніраў Kropka ў Вільні Зміцер Фурманаў. Ён гатовы кожнаму з дэпартаваных 11 верасня палітвязняў падарыць па цішотцы, якую яны абяруць.

«НН: Які дзень ці перыяд сталі для вас найбольш цяжкімі цягам пяці гадоў за кратамі?

ЯА: Цяжкімі былі дні, калі я даведаўся пра смерць таты і пра смерць бацькоў маёй жонкі. Складана нават словамі апісаць, як было цяжка, складана проста згадваць, гаварыць пра гэта. Ну і зразумела, я не змог з імі развітацца.

2020 год змяніў рэаліі: 10‑15 гадоў таму палітвязняў маглі адпусціць на пахаванне, а тут улады былі так напужаныя, што нават дробных саступак нам не магло быць.

«НН»: Вы сказалі, што невядома, калі зможаце вярнуцца ў Беларусь. А ў эміграцыі пасля выбараў 2010‑га для вас усё было гэтаксама нявызначана?

ЯА: Сітуацыя заўсёды можа мяняцца вельмі хутка — тады я вярнуўся дадому праз пяць гадоў, бо сам так адчуў. У сённяшніх рэаліях, калі працягнецца ціск на рэжым Лукашэнкі, калі Еўропа, Злучаныя Штаты і ўсе дэмакратычныя краіны праявяць прынцыповасць да гэтага рэжыму, не будуць ісці з ім на гандаль, таксама ўсё можа хутка змяніцца. Уладам цяпер вельмі цяжка, у іх амаль няма прасторы для манеўру, і гэта адна з прычын, чаму працягваюцца рэпрэсіі. Проста няма выйсця — дастаткова крышачку гаечкі адпусціць, і ўсё можа разваліцца. Лукашэнка як быў слабаком і баязліўцам, так і застаўся. 2020 год гэтыя яго рысы толькі ўзмацніў.

Ведаеце, я згадаў, што ў нас на судзе адбыўся цікавы выпадак. У адным са стрымаў ці інтэрв'ю 2019 года, што трапіла ў матэрыялы справы, прагучалі словы кагосьці з нас, што ў 2020 годзе пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў на вуліцы выйдзе мільён беларусаў. Мы гэтага чакалі, мы гэта разумелі. І тады пракурор сказаў: «Ну, раз вы гэта казалі яшчэ ў 2019‑м — значыць, вы гэта рыхтавалі». Гэта было адным з пунктаў абвінавачвання ў наш бок.

Але ж мы сапраўды дастаткова доўга пражылі ў Беларусі, дастаткова доўга змагаліся за яе, змагаліся з дыктатурай, маглі цвяроза ацаніць свае сілы і сілы рэжыму, разумелі, што нас чакае, і дайшлі да гэтага рэвалюцыйнага 2020 года. 

Мы ведалі, што выйдзе вельмі шмат людзей, для нас гэта было чакана. Мы ведалі, што будуць пратэсты ва ўсіх буйных гарадах. Усе гэтыя чаканні спраўдзіліся.

Сёння мы таксама разумеем, што будзе перамога ва Украіне, будзе перамога над дыктатурай у Беларусі, але для гэтага трэба прыкласці пэўныя высілкі. У першую чаргу, трэба вярнуць тую самую суб'ектнасць беларускай апазіцыі, каб рашэнні па Беларусі не прымаліся без удзелу грамадства. Тое самае з Украінай — каб рашэнні пра Украіну не прымаліся без яе ўдзелу. Гэта складаны, цяжкі шлях, але ніхто не казаў, што будзе лёгка.

Яўген гартае «Іліяду» ў перакладзе на беларускую

«НН»: Вы цяпер больш упэўненасці ў пераменах адчуваеце, чым у эміграцыі пасля выбараў 2010-га?

ЯА: Я не магу казаць пра ўпэўненасць пакуль. Цяпер для нас час аналізу сітуацыі, разумення тых працэсаў і падзей, што адбываліся цягам апошніх пяці гадоў. Па Беларусі, хай мы і былі сабе ў турме, але ўсё ж назіралі за тым, што там адбываецца, размаўлялі, бачылі, як сябе паводзіць турэмная адміністрацыя.

Разуменне таго, што сітуацыю можна змяніць, ёсць. Але як гэта рабіць канкрэтна, пакуль што казаць рана, трэба даведацца больш пра сучасны свет. 

«НН»: Раскажыце, як у вас падчас вобшуку ў 2010‑м атрымалася схавацца ад КДБ у падвеснай столі?

ЯА: У прыватным будынку, дзе я жыў, праходзіў вобшук. Так атрымалася, што я ўбачыў супрацоўнікаў, якія пераскоквалі праз плот і паспеў падняцца на паддашша. Там, паміж дахам і столлю было месца, каб схавацца. Асаблівай надзеі, што гэта спрацуе, не было, хутчэй нейкія аўтаматычныя дзеянні. Але пашанцавала, мяне не заўважылі.

Пра скандаванне на судзе «Верым! Можам! Пераможам!» і байку «Баста»

«НН»: У 2020‑м ужо не было шанцу паўтарыць трук?

ЯА: Рэч у тым, што ў 2010 годзе да мяне прыйшлі, калі пратэст як такі скончыўся. У 2020‑м жа мы не маглі хавацца, таму што мы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы акцый, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» суправаджалі калоны да цэнтра Мінска, забяспечвалі іх гукаўзмацняльнай апаратурай, сцягамі, каардынавалі дзейнасць розных групаў, рабілі шмат іншай працы, пра якую, думаю, яшчэ ранавата казаць. Нашы людзі былі ў дваравых камандах, якія арганізоўвалі пратэсты ў спальных раёнах.

Мы разумелі, што калі мы б хаваліся, гэтага б не зразумелі людзі, якія да нас прыслухаліся, якія за намі пайшлі.

Зразумела, мы рабілі ўсё магчымае, каб нас не затрымалі, але хавацца і ігнараваць тое, што адбываецца ў Мінску і іншых гарадах, мы не маглі.

«НН»: Але ж і магчымасці, відаць, не было, бо вам хутка вынеслі дзверы?

ЯА: Спачатку мне заглушылі сувязь — стала ўжо больш-менш усё зразумела. На выломванне дзвярэй яны дзесьці хвіліны 3‑4 выдаткавалі, наколькі я памятаю.

Праз тое, што я не мог ні пазваніць, ні напісаць, я проста дапіваў кубак кавы і пераправяраў камп'ютар — пасля проста зламаў вінчэстар на ўсялякі выпадак.

Затрымлівалі, як трэба: са зброяй, чалавек 8-10. Першае, што я ўбачыў — гэта дула пісталета, накіраванае на мяне, а потым — удар кудысьці ў плячо. Мяне кінулі на падлогу, і пасля я назіраў толькі ступні гасцей.

«НН»: Хочацца спытаць пра ваш суд і той момант, калі вы ў клетцы хорам крычалі «Верым! Можам! Пераможам!» і «Беларусь будзе вольнай». Вы дамовіцца паспелі ці гэта была імправізацыя? І ці прыляцела вам за гэта нешта пасля?

ЯА: Усіх дэталяў я не памятаю ўжо, усё ж пяць гадоў прайшло. Памятаю, што мы пабачылі сваякоў, якіх не бачылі дзевяць месяцаў. Гэта былі эмоцыі. Але ж таксама мы разумелі, што людзям, якія працягваюць пратэставаць, трэба падтрымка, бо ведалі, што на волі барацьба ідзе. Ну, і настрой быў нармальны: калі табе сем гадоў даюць — на той момант гэта яшчэ здавалася вялікім тэрмінам — значыць, ты ўсё рабіў правільна.

Ніякіх дадатковых пакаранняў для нас не было. Ды і куды ўжо было горш?

«НН»: Па прыездзе ў Вільню вы былі ў байцы «Баста!» — яна што, была з вамі ўсе пяць гадоў зняволення?

ЯА: Так, яна ўвесь час ездзіла са мной ад моманту затрымання (як яна ездзіла, я не скажу пакуль што). Я планаваў у ёй выходзіць на волю. У прынцыпе, план амаль так і спрацаваў, і я ў ёй апынуўся на свабодзе, але, на жаль, не ў сваёй краіне.

Частка палітвязняў, вызваленых 11 верасня. Фота: Дзяніс Кучынскі

«Вялізны здабытак 2020‑га года — гэта карэннае змяненне стаўлення да Расіі»

«НН»: Ніколі не было адчаю, што вось вы з калегамі і супраць інтэграцыі з Расіяй пратэставалі, і супраць ядзернай зброі ў Беларусі, а тут і Расія большы ўплыў на нас пачала мець, і ядзерную зброю зноў дазволілі? Нібыта зноў з нуля змаганне за тое самае?

ЯА: Ведаеце, як кажуць, самы цёмны час — ён жа перад світанкам. І цяпер мы перажываем гэты цёмны час. Як калісьці перажывала Польшча ў часы вайсковага становішча ў 1980‑я пасля масавых пратэстаў.

Вялізны здабытак 2020 года — гэта карэннае змяненне стаўлення да Расіі ў беларускім грамадстве. Сёння, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, ілюзій на яе станоўчы ўдзел у дэмакратызацыі Беларусі ні ў каго не засталося.

Я гэта бачыў нават у калоніі, мог ацэньваць па дзвюх сацыяльных групах — розныя вязні і супрацоўнікі ўнутраных войскаў, якія нас ахоўвалі. Першыя маглі казаць больш шчыра, другія маглі сваё стаўленне пэўным чынам паказваць (не расказваю падрабязна, каб таксама нікому не нашкодзіць). І ў агульнай масе было бачна, што стаўленне да Расіі ў беларусаў змянілася ў горшы бок.

Мы не пачынаем з нуля. Шмат людзей у турмах, але той мільён беларусаў, які выйшаў на пратэсты ў 2020-м, нікуды не дзеўся. Яны засталіся — хтосьці ў Беларусі, хтосьці за мяжой. Гэта той здабытак, які мы маем, якога не было раней. Нават у калоніі і турме я перасякаўся з вязнямі, якія казалі пра тое, што яны далучыліся да супраціву дзякуючы прыкладу тых, хто змагаўся за свабоду раней. Мяне ў сваю чаргу заўсёды натхнялі і гэтыя людзі, і ўсе беларусы, якія зрабілі 2020 год, якія дапамагалі палітвязням і іх блізкім, падтрымлівалі, пісалі лісты.

«НН»: Ці звязваліся з вамі вашы паплечнікі — Андрэй Саннікаў, у камандзе якога вы былі ў 2010-м, Ірына Халіп Наталля Радзіна? Пытаю да таго, што цяпер з іх боку вялікая хваля крытыкі Святланы Ціханоўскай і каманды. А вы ў якім лагеры?

ЯА: Так, многія мае сябры ўжо звязаліся са мной, а хтосьці яшчэ звяжацца. З Андрэем Саннікавым, Ірынай Халіп, Наталляй Радзінай, Змітром Бандарэнкам мы ўжо размаўлялі і не адзін раз.

Пытанне пра лагеры для мяне незразумелае.

Я выдатна ведаю, хто і як рыхтаваў 2020 год. На жаль, ужо тады аб’яднаны штаб, з якім мы вялі перамовы, выступаў супраць абвяшчэння забастоўкі, якая ёсць абавязковым элементам негвалтоўнага супраціву ў падобнай сітуацыі, супраць санкцый і ціску на рэжым. Былі б гэтыя складнікі ў жніўні 2020 году, а можа быць, яшчэ раней, пасля арышту Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Мікалая Статкевіча, была б іншая зусім сітуацыя. Можна было дабіцца і іх вызвалення, і спынення махавіка рэпрэсій. Сотні тысяч людзей на вуліцах, агульнанацыянальны страйк і моцны ціск з боку Захаду — згадзіцеся, што шанец быў. 

Сёння я разумею, хто ёсць лідарам для беларусаў. Я бачыў учынак Міколы Статкевіча. Чалавек, які свядома, ахвярна, ведаючы, што яго чакае, ведаючы, што яго могуць забіць, здзейсніў такі ўчынак, гэта і ёсць лідар.

Што да крытыкі, то кожны, хто хоча быць палітычным лідарам, павінен быць гатовы, што яго будуць крытыкаваць. Тут нічога страшнага няма, гэта палітычнае жыццё. Нейкія дробныя крыўды я не бачу сэнсу абмяркоўваць. Людзі ў Беларусі чакаюць вызвалення ад дыктатуры. Ім таксама не цікава, хто на каго пакрыўдзіўся і праз што.

«НН»: Што калі той Беларусі мары, за якую вы змагаецеся актыўна з 1996‑га, на наш век так і не выпадзе?

ЯА: Выпадзе.

«НН»: Я правільна зразумела, што вы збіраецеся далей заставацца ў палітыцы і актывізме? Працягнеце працу ў межах «Еўрапейскай Беларусі» ці ёсць іншыя планы?

ЯА: Патрэбны час на тое, каб ацаніць сілы, магчымасці, сітуацыю. Таму я зараз не магу дакладна сказаць, чым менавіта і як я буду займацца. Але тое, што я хачу вярнуцца ў Беларусь, хачу каб Беларусь была свабоднай, гэта было, ёсць, і будзе.

Каментары

Цяпер чытаюць

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША анулююць візу прэзідэнту Калумбіі. Ён зараз у Нью-Ёрку1

«У капцюрох ГПУ». Стагоддзе небяспечнай наіўнасці і дарэмных мараў беларускай эміграцыі34

Навукоўцы высветлілі, чаму некаторыя людзі ніколі не займаюцца сэксам5

Лукашэнка назваў сябе трампістам21

Назвалі прычыну аварыі грузавога цягніка на Смаленшчыне3

Рыбак на Мінскім моры злавіў двух здаравезных самоў. Адзін важыў 70 кілаграмаў, другі — крыху менш2

Артура Сянько пакінулі пад вартай у ЗША. Яму па-ранейшаму пагражае дэпартацыя6

Кампанія-аднарог з беларускімі каранямі заплаціць мільёны даляраў за злоўжыванне асабістымі данымі

У Мінску затрымалі «групу нацыстаў». На відэа ў асноўным украінская сімволіка9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Яўген Афнагель расказаў, што было пасля суда, дзе скандавалі «Верым, можам, пераможам!» І назваў, хто для яго сапраўдны лідар Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць