Грамадства11

Прынц Гары папіў гарбаты з каралём Карлам. Гэта можа быць першай прыкметай яго прымірэння з сям’ёй

У сераду прынц Гары ўпершыню з лютага 2024 года сустрэўся са сваім бацькам, каралём Карлам, і папіў з ім гарбаты ў лонданскай рэзідэнцыі Кларэнс-хаус. Ці можна гэта лічыць прыкметай таго, што сварка Гары з каралеўскай сям’ёй — і ў першую чаргу з самім брытанскім манархам — пачынае слабець? Падзеі апошніх месяцаў далі мноства падстаў для такой версіі, піша Бі-бі-сі.

Karwai Tang / WireImage / Getty Images

У маі Гары даў інтэрв’ю Бі-бі-сі, у якім тон яго выказванняў пра сваякоў значна змяніўся.

Шмат гадоў у яго словах прасочваліся адкрытыя эмоцыі і жорсткая крытыка каралеўскай сям’і — гэта адносілася і да яго мемуараў пад назвай «Запасны» (Spare), і да дакументальнага фільма вытворчасці Netflix, і да шматлікіх размоў Гары з журналістамі. Але цяпер перад камерамі паўстаў зусім іншы прынц.

«Я вельмі хачу памірыцца са сваёй сям’ёй, — сказаў Гары ў інтэрв’ю. — Няма сэнсу пастаянна сварыцца. Жыццё кароткае».

Такім чынам, прынц даволі выразна абазначыў свае намеры: ён хоча сустрэцца з бацькам. Але ці адчуваў сам кароль Карл тое ж самае?

У ліпені брытанская газета Mail on Sunday апублікавала фатаграфію, на якой была знятая сустрэча супрацоўнікаў прэс-службы прынца Гары з прэс-сакратаром караля. Такім чынам мы даведаліся пра перамовы паміж двума лагерамі, якіх раней лічылі варожымі, і гэтая навіна трапіла на першую паласу буйной брытанскай газеты.

Абодва бакі адмаўлялі, што наўмысна «злілі» фота журналістам, але так ці інакш стала зразумела, што дыялог пачаўся. Абодва бакі пачалі падтрымліваць кантакт.

У апошнія дні як прадстаўнікі Гары, так і караля Карла маўчалі — і гэта маўчанне таксама было даволі шматзначным. Яны не пацвярджалі і не абвяргалі дадзеныя пра меркаваныя дату і час сустрэчы прынца з манархам.

Журналісты тым часам працягвалі здагадвацца, калі менавіта бацька пагаворыць з сынам, вывучаючы іх графікі паездак і прабелы ў раскладзе публічных сустрэч. Пасля сямейнай сваркі, напоўненай недаверам і раздражнёнасцю, як прадстаўнікі Карла, так і прынца Гары не спяшаліся гаварыць пра магчымую сустрэчу. Абодва лагеры маўчалі да самага канца.

На гэтым тыдні прынц Гары прыехаў у Вялікабрытанію, каб узяць удзел у некалькіх дабрачынных мерапрыемствах.

З 2020 года ён жыве ў ЗША і не бачыўся з бацькам тварам у твар з лютага 2024 года. Апошні раз яны сустракаліся адразу пасля таго, як у Карла выявілі рак — тады Гары прыехаў на радзіму, каб атрымаць у бацькі кароткую аўдыенцыю.

Пасля сустрэчы, якая адбылася ў сераду на гэтым тыдні, Букінгемскі палац і супрацоўнікі прынца Гары скаардынавалі сваю рэакцыю: яны патлумачылі журналістам, што не будуць каментаваць падрабязнасці чаявання.

Пазней Букінгемскі палац пацвердзіў, што кароль прыватна сустрэўся з сынам і папіў з ім гарбаты, а таксама што Гары наведаў каралеўскую рэзідэнцыю і прабыў там каля 50 хвілін.

Пасля гэтага, у адказ на пытанне журналістаў пра тое, як сябе адчувае яго бацька, Гары сказаў: «Так, з ім усё цудоўна, дзякуй».

Узнікла адчуванне, што агульны настрой у адносінах Гары і Карла трохі змяніўся.

Калі б на гэты раз Гары з’ехаў з Вялікабрытаніі, так і не сустрэўся з каралём, было б цяжка спадзявацца, што іх адносіны ўдасца наладзіць.

Такі сцэнар пашкодзіў бы абодвум бакам.

Але пакуль незразумела, як падзеі будуць развівацца далей. Да поўнага ўз’яднання сям’і яшчэ вельмі далёка.

На гэтым тыдні не было ніякіх прыкмет таго, што Гары сустрэнецца з братам, прынцам Уільямам: іх працоўныя графікі былі зусім асобныя.

Прынц Гары з’язджае з Вялікабрытаніі ў чацвер, і калі ён вернецца сюды наступны раз, пакуль невядома.

Падчас візіту на радзіму ён упершыню за апошнія паўтара года правёў нейкі час са сваім бацькам у адным пакоі — і папіў з ім гарбаты.

Шлях да прымірэння можа быць доўгім і няпростым — і цяперашнія крокі па ім можна лічыць пакуль што невялікімі, але важнымі.

Каментары1

  • King Charles
    11.09.2025
    Маё імя Чарльз, не "Карл".

Цяпер чытаюць

Офіс пра скандал з Ціханоўскім: Брытанская віза была аплачаная, але ён так і не падаўся на здачу адбіткаў пальцаў3

Офіс пра скандал з Ціханоўскім: Брытанская віза была аплачаная, але ён так і не падаўся на здачу адбіткаў пальцаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Касцюковічах дашкольнікі пад наглядам пракурора «пісалі» лісты ў іншыя краіны пра дзяржаўную сімволіку5

У Расіі загадалі перавесці ўсе дамавыя чаты ў месенджар Max

Украіна спыніла перамовы з Расіяй з-за адсутнасці прагрэсу1

Арына Сабаленка расказала, калі збіраецца нарадзіць і на што траціць прызавыя5

«І за 100 даляраў не аддам, бо гэта памяць бацькоў». У Стаўбцоўскім раёне чалавек 20 гадоў збірае і аднаўляе старыя рэчы2

«Справа дваровых чатаў»: як чаты суседзяў ператварыліся ў крымінальную справу

Наўседа заявіў пра гатоўнасць да перамоў з Беларуссю, але толькі на тэхнічным узроўні8

У Драгічыне раёнка пахвалілася, што школьнікі замест тэлефонаў чытаюць яе. Каментатары крэатыву не ацанілі5

На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пачалі ставіць навагоднюю ёлку ФОТАФАКТ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс пра скандал з Ціханоўскім: Брытанская віза была аплачаная, але ён так і не падаўся на здачу адбіткаў пальцаў3

Офіс пра скандал з Ціханоўскім: Брытанская віза была аплачаная, але ён так і не падаўся на здачу адбіткаў пальцаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць