Катар лічыўся бяспечным месцам для перамоў. Што будзе пасля ўдару Ізраіля?
На працягу апошніх 20 гадоў Катар быў сусветнай сталіцай перамоў. У Досе дамаўляліся пра вяртанне ўкраінскіх дзяцей на радзіму, пра вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана, пра мірнае пагадненне з паўстанцамі ў Судане і, вядома, пра спыненне агню і вызваленне часткі закладнікаў, захопленых ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Аднак пасля ўдару Ізраіля па Досе незразумела, якая будучыня чакае Катар як пляцоўку для перамоваў і пасярэдніцтва, піша Бі-бі-сі.

У аўторак 9 верасня ў сталіцы Катара Досе прагучалі некалькі выбухаў. Ізраільскія ўлады і вайскоўцы заявілі, што цэллю для атакі былі лідары ХАМАС, адказныя за арганізацыю нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што даў загад аб удары ў адказ на напад палесцінцаў у Іерусаліме 8 верасня гэтага года.
МУС Катара неўзабаве пасля выбухаў пацвердзіла, што ўдар прыйшоўся на «рэзідэнцыю ХАМАС».
Прадстаўнікі ХАМАС заявілі Бі-бі-сі, што ў будынку, які быў цэллю для ўдару, знаходзілася каманда перагаворшчыкаў. Яны абмяркоўвалі апошнюю прапанову Вашынгтона аб спыненні агню ў Газе.

Пакуль незразумела, хто загінуў у выніку атакі. Прадстаўнікі ХАМАС кажуць, што лідары групоўкі, у тым ліку Халіл аль-Хая, выжылі, але загінуў ягоны сын Хумам і адзін з памочнікаў. Ізраіль пакуль не даваў справаздачу пра вынікі аперацыі.
Але ўжо відавочна, што пасля ўдару Ізраіля Катар наўрад ці застанецца галоўнай пляцоўкай для самых розных далікатных перамоў, якой ён быў на працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў.
«Гэта стварае трывожны прэцэдэнт у тым, што тычыцца любых будучых мірных перамоў, — адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі па пытаннях бяспекі Фрэнк Гарднер. — Калі нават Катар, дзе раней праходзілі перамовы паміж ЗША і «Талібанам» да 2021 года, больш не з'яўляецца бяспечным месцам, то дзе тады яно ёсць?» — кажа ён.
Катар як пасярэднік для ўсяго свету
Улады Катара адрэагавалі на атаку жорстка, але пакуль афіцыйна не заявілі пра спыненне сваёй пасярэдніцкай ролі ў перамовах паміж Ізраілем і ХАМАС.
Гэта ўжо другі раз за некалькі месяцаў, калі Катар падвергнуўся прамому ўдару. 23 чэрвеня Іран атакаваў вайскова-паветраную базу Аль-Удэйд, у якой, у прыватнасці, размяшчаюцца ВПС ЗША. Зрэшты, у выніку ўдару ніхто не пацярпеў — амерыканскія вайскоўцы эвакуяваліся загадзя.
Па падліках газеты Guardian, у ліпені 2025 года Катар быў уцягнуты ў 10 працэсаў медыяцыі — некаторыя з іх праходзілі ўнутры краіны, іншыя за яе межамі. Менавіта Катар пачаў перамовы, якія прывялі да мірнай дамовы паміж Дэмакратычнай Рэспублікай Конга і Руандай.
Асабліва Катар славіўся пасярэдніцтвам, калі гаворка ішла пра вызваленне закладнікаў ці абмен зняволенымі. «Як Катар стаў незаменным перамоўшчыкам для ўсяго свету», — пад такім загалоўкам выйшаў матэрыял у часопісе New Yorker у лістападзе 2023 года.
Катар з самага пачатку быў уцягнуты ў перамовы паміж Ізраілем і ХАМАС, якія адбываліся пасля нападу 7 кастрычніка. Пры пасярэдніцтве Дохі бакі пагадзіліся на часовае спыненне агню і абмянялі 105 ізраільскіх закладнікаў на 240 палестынскіх зняволеных.
У лістападзе 2024 года, аднак, Катар вырашыў выйсці з працэсу: ва ўрадзе краіны былі незадаволеныя нежаданнем бакоў весці перамовы. Зрэшты, праз некалькі месяцаў, калі прэзідэнтам ЗША стаў Дональд Трамп, Катар зноў уключыўся ў перамовы і даў пляцоўку для бакоў у Досе.
Удар Ізраіля па Досе ўжо асудзілі многія арабскія краіны, ААН, Францыя і Вялікабрытанія. Папа Леў XIV назваў сітуацыю «вельмі сур'ёзнай». ЗША заявілі, што ведалі пра падрыхтоўку атакі.
«Гэта сур'ёзная эскалацыя канфлікту з боку Ізраіля на тэрыторыі краіны, якая амаль два гады выступала пасярэднікам паміж ім і ХАМАС, — мяркуе карэспандэнт Бі-бі-сі пры Дзярждэпартаменце Цім Бейтман. — На фоне публічнага абурэння кіраўніцтва Дохі — ключавога саюзніка ЗША — адзіны дыпламатычны шлях літаральна ўзарваны, і Трампу давядзецца спраўляцца з наступствамі».
Трамп запэўніў кіраўніцтва Катара, што Ізраіль больш біць па іх тэрыторыі не будзе
Рашэнне аб удары па Досе Ізраіль прыняў пасля тэракта ў Іерусаліме
Больш за 10 выбухаў прагрымелі ў сталіцы Катара. Гэта вынік ракетных удараў Ізраіля
Падчас тэракту ў Іерусаліме загінуў рабін родам з Беларусі
Чатыры чалавекі забітыя, некалькі параненыя ў выніку стральбы ў Ерусаліме
Каментары
Тое, што ён - пляцоўка для Хамас, Хезбалы і іранскай агентуры, як бы відавочна з сённяшніх падзей.
Не такі ён пухнаты і ружовы.