На «Белсат» вяртаецца Сцяпан Пуціла. А ранішняе шоу будзе весці Святлана Зелянкоўская
Тэлеканал «Белсат» анансаваў, што з новых перадач у іх з'явіцца.
У восеньскім сезоне на тэлеканале будзе чатыры новыя праграмы.
Новая праграма з Пуцілам
На «Белсат» вяртаецца Сцяпан Пуціла, вядомы па праекце Nexta. Ён будзе весці аўтарскую праграму «ПраБел». Nexta на «Белсаце», дзе будзе з іроніяй расказваць навіны.

Праграма пра здароўе з Белавешкіным
«Без рэцэпту з доктарам Белавешкіным» — гэтая новая праграма будзе развенчваць міфы пра здароўе і даваць карысныя ды практычныя парады, як падтрымаць сябе ў добрай ментальнай і фізічнай форме. Весці праграму будуць кандыдат медычных навук Андрэй Белавешкін і трэнерка Надзея Дамкоўская.

«Тут і там» з Алесем Залеўскім і Змітром Міцкевічам
У праграме «Тут і там» будуць абмяркоўваць бягучыя падзеі. Што думаюць, ад чаго пакутуюць і як збіраюцца змагацца з канкрэтнымі праблемамі беларусы, украінцы, расейцы, палякі, літоўцы? Як нам паразумецца адно з адным? Як пабудаваць масты паміж краінамі? Пра гэта будуць гаварыць у праграме «Тут і там».

Перадача з польскімі экспертамі па-польску
У аўтарскай праграме «Эбэргарт і Кацэвіч на Усходзе» польскі палітолаг Адам Эбэргарт і рэдактар польскай рэдакцыі «Белсату» Міхал Кацэвіч абмяркуюць самыя вострыя справы, якія датычаць дзяржаваў на ўсход ад Польшчы — найперш Беларусі, Украіны і Расіі.
Праграма будзе весціся па-польску з перакладам на беларускую мову.

Новыя вядоўцы
У ранішнім шоу «Раніца з «Белсатам» з’явіцца новая пара вядоўцаў: Святлана Зелянкоўская і Алег Ціткоў. Яны далучацца да ранейшых вядоўцаў — Аліны Коўшык і Анатоля Шырвеля, а таксама Кацярыны Раецкай і Дзяніса Дудзінскага.

Што яшчэ
Адбудуцца змены ў праграме «Вусы Скарыны». Яе пераймянуюць у «Вусы сармата». А замест коцікаў праграму разам з гісторыкам Цімохам Акудовічам будзе весці нехта іншы (пакуль не раскрываецца).

Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары