МЗС Беларусі адмяніў жывую чаргу па апастыль у Мінску. Цяпер трэба запісвацца загадзя
З 19 жніўня ў Галоўным консульскім упраўленні ўвялі папярэдні запіс па апастыль, заўважыў devby.io.

Галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС Беларусі з 19 жніўня адмяніла жывую чаргу на падачу дакументаў на апастыль. Цяпер усе наведвальнікі — і тыя, хто прыносіць свае дакументы сам, і тыя, хто звяртаецца па даверанасці — павінны папярэдне запісацца.
У ГКУ апастылююць акты грамадзянскага стану, у тым ліку пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе, а таксама даведкі аб несудзімасці. Гэтыя дакументы часта патрэбныя беларусам для легалізацыі ў іншых краінах.
Сёння ў тэматычным чаце людзі расказваюць, што МЗС раптоўна ўвёў папярэдні запіс. Некаторым пашанцавала — яны змаглі запісацца на 22 жніўня. Але хтосьці атрымаў запіс аж на 20 верасня.
Як расказаў devby.io чалавек, які хадзіў учора ва ўпраўленне, МЗС сапраўды спыніла прыём дакументаў на апастыль па жывой чарзе. Гэты чалавек сам учора паспеў заскочыць літаральна ў апошні вагон.
«Учора была апошняя магчымасць зрабіць апастыль па жывой чарзе. Я прыехаў а 7-й раніцы, ужо было чалавек з 60. Супрацоўнікі МЗС сказалі, што з заўтрашняга дня прымаць дакументы будуць толькі па папярэднім запісе.
Але ўчора яшчэ дзейнічаў ранейшы парадак. То-бок людзі прыязджаюць да 6-7 раніцы і складаюць папяровы спіс. Супрацоўнікі яго забіраюць і потым запускаюць наведвальнікаў па чарзе. Я адстаяў да 12.30, падаў свой дакумент, заплаціў 210 рублёў (збор за апастыляванне аднаго дакумента — 5 БВ). У той жа дзень з 15.00 да 16.00 мне выдалі дакумент з перакладам.
Калі б я прыйшоў сёння, то прыйшлося б чакаць. Так, учора запісвалі на 18 верасня. Не, тут няма блытаніны. Рэч у тым, што папярэдні запіс і раней існаваў — але толькі для тых, хто падаецца па даверанасці. Цяпер жа папярэдні запіс распаўсюджваецца на ўсіх», — расказаў відавочца.
У Галоўным консульскім упраўленні людзям кажуць, што прыём дакументаў цяпер робіцца па папярэднім запісе. Ён вядзецца па буднях, акрамя серады, з 9.00 да 10.00. Прыём дакументаў — з 8.00 да 10.30 (па серадах — з 11.00 да 13.00).
Не выключана, што ўвядзенне папярэдняга запісу звязана з ажыятажам. Яго магла выклікаць сітуацыя у Польшчы, дзе ЗАГСы пасля туманнага ліста ад МУС сталі патрабаваць апастыль на беларускіх пасведчаннях аб нараджэнні і шлюбе. Але ўчора ў МУС патлумачылі, што ЗАГСы няправільна інтэрпрэтавалі ліст, і апастыль па агульным правіле не патрэбны.
МЗС ужо ўводзіў папярэдні запіс на апастыль некалькі гадоў таму, калі каля будынка выстройвалася велізарная чарга з ахвотных. Адзін час людзі нават арганізоўвалі ўласную чаргу — запісваліся ў спецыяльны сшытак. Папярэдні электронны запіс на апастыль дзейнічае ў Міністэрстве адукацыі, дзе апастылююць атэстаты і дыпломы.
Каментарый МУС падзейнічаў: у Варшаве ЗАГС зноў прымае дакументы часоў БССР без апастылю
МУС Польшчы: Апастыль на дакументах для беларусаў не патрэбны ў любым выпадку. ЗАГСы ўсё няправільна зразумелі
Беларусы ў паніцы штурмуюць польскія дзяржаўныя службы — там больш не прымаюць дакументы на савецкіх бланках
Беларусам стала складаней легалізавацца ў Польшчы — там больш не прымаюць выдадзеныя ў БССР дакументы і патрабуюць апастылі
Каментары