Кныровіч лічыць, што «Новая Беларусь» была б здаровай, калі б прыйшлі Пазняк, Усаў, Кавалеўскі, Саннікаў, Цапкала і Радзіна
Пост бізнэсмена Аляксандра Кныровіча, у якім ён заявіў, што ідэя аб’яднаных дэмсілаў і адкрытай дыскусіі фактычна памерла, выклікаў жорсткі адказ Франака Вячоркі. Публікуем сам допіс, які стаў падставай для палемікі.

«Святы прайшлі, нас дагналі будні…
Ідэя беларускіх калектыўных дэмакратычных сіл, нейкага агульнага руху — памерла. Сумна, вядома: гэта была нітачка, што цягнулася яшчэ з 2020 года, з тых вуліц, ад прыгожага жаночага трыа, якое перамагло Лукашэнку.
Але падзеі 7—10 жніўня 2025 года ўнутры саміх дэмакратычных сіл (за якімі адэкватныя людзі, вядома, і не сачылі) не пакідаюць іншых высноў.
Адбыўся імітацыйны справаздачны сход прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета перад Каардынацыйнай радай, падчас якога ніхто з іх не здолеў патлумачыць, як імі кіруе кіраўніца кабінета: якія ставіць мэты і задачы, якія КПІ, рэсурсы і абмежаванні…
Сама кіраўніца кабінета зачытала чарговую кароткую прамову, а ўсе прапановы нашай фракцыі нарэшце арганізаваць паўнавартасныя слуханні (мінула ж пяць гадоў і яшчэ столькі ж наперадзе) натыкаюцца на ціхі сабатаж.
Адначасова прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь». На панэлі, дзе нібыта мелася быць «прамая і бязлітасная» размова пра нашы «перамогі і паражэнні», у радок пасадзілі прадстаўнікоў адной палітычнай сілы — за выключэннем Лізы Прокапчык, якая адна адцяняла гэтае «аднадумства».
Натуральна, найгарачэйшая дыскусія ў гэтых умовах раскруцілася вакол пытання «ці будзе Латушка і далей працаваць па нядзелях»… вельмі, вядома, цікава.
Сапраўды здаровай гэта панэль магла б быць у выпадку ўдзелу Зянона Пазняка, Паўла Усава, Валерыя Кавалеўскага, Андрэя Саннікава, Веранікі Цапкала, Наталлі Радзінай.
Сябе ці Ягорава не называю са сціпласці. Але іх не было. Не прыйшлі. Кажуць, адмовіліся? А чаму раней не адмаўляліся, а цяпер — вось так? Людзі, мабыць, з «гнільцом».
Не знайшлося ахвотных да дыскусіі — і ўсю панэль занялі «свае» (акрамя Лізы). Гэта дрэнна. Вельмі дрэнна.
Мы назіраем працэс «каканізацыі» вакол «нацыянальнага лідара» (прабачце, так на сайце офіса да гэтага часу напісана). Гэта ператварае Святлану Ціханоўскую з аб’яднальнай фігуры ў «адну з».
Адмова ад «канкурэнцыі ўнутры» стварае мнагагалоссе «звонку», і мы коцімся ў стан сённяшняй расійскай апазіцыі. Можна было б гэтага не дапусціць. Але для гэтага патрэбныя свядомыя намаганні, якіх не назіраецца.
Бліжэйшыя пяць гадоў нас чакае доўгая «дарога расчараванняў». Пазітыўных сцэнароў для краіны няма: галоўнае пытанне гэтага перыяду — ступень залежнасці Беларусі ад Расіі, не больш за тое.
А барацьба ўнутры сціснутай дэмакратычнай «бурбалкі» за тое, хто «любімы мамчын піражок», выглядае агідна. Татальная залежнасць ад донарскага фінансавання яшчэ больш узмацняе гэтае адчуванне.
Мы бачым і трансфармацыю самой Святланы Ціханоўскай. Спачатку з «хатняй гаспадыні» ў «твар беларускага пратэсту», у лідара выбарчай кампаніі, у яе пераможцу. Цяпер — у «адну з» палітыкаў, хай нават самую «рукапацісканую» на Захадзе. Далей нас чакае максімальная «фрагментацыя» палітычнага поля з імкненнем «захаваць твар» існуючых структур. Як правесці выбары ў Каардынацыйную раду 4-га склікання — сёння ўявіць немагчыма.
І можна было б зразумець нежаданне нешта рабіць у гэтым кірунку, калі б ключ ад Беларусі сапраўды ляжаў у кішэнях заходніх палітыкаў. Але ён усё так жа — унутры Беларусі, у галовах і сэрцах саміх беларусаў. Там, дзе заўсёды і быў.
Нежаданне, страх дыскусіі, канкурэнцыі «ўнутры» нараджае канкурэнцыю «звонку».
Ёсць частка беларусаў, у тым ліку і маіх чытачоў, якія лічаць, што канкурэнцыя, дыскусія разбурае «лідарства» Святланы і шкодзіць усім, значыць — «не час». Маўляў, трэба шыхтавацца ў рад і рухацца за офісам, не задаючы пытанняў, бо часы такія, суровыя. Я разумею такі погляд. І я лічу яго памылковым. Не асобу маю на ўвазе, а сам падыход.»
Каментары