Як прэзідэнт Фінляндыі з дапамогай гульні ў гольф прымусіў Трампа выслухаць яго наконт Расіі
Выдатная гульня Стуба зрабіла яго для Трампа прыемным суразмоўцам, а для еўрапейскіх сталіц — каштоўным нефармальным каналам сувязі з амерыканскім лідарам перад яго сустрэчай з Уладзімірам Пуціным на Алясцы.

Як піша The Wall Street Journal, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб звычайна ўстае а пятай раніцы — каб патрэніравацца ў трыятлоне, схадзіць у сауну і, з нядаўняга часу, патэлефанаваць Дональду Трампу. Іх ранішнія размовы сталі амаль звыклымі, а кантакт рэгулярным: лісты, паведамленні і званкі ў любы час сутак.
Гольф як дыпламатычны канал
Нягледзячы на адрозненні — Стуб прыхільнік НАТА, свабодна валодае пяццю мовамі і адкрыта папярэджвае пра пагрозу з боку Расіі, а Трамп вядомы сваім скепсісам да еўрапейскіх саюзаў — іх аб’яднаў гольф.
Іх знаёмства пачалося пяць месяцаў таму на полі ў Уэст-Палм-Біч. Выдатная гульня Стуба зрабіла яго для Трампа прыемным суразмоўцам, а для еўрапейскіх сталіц — каштоўным нефармальным каналам сувязі з амерыканскім лідарам перад яго сустрэчай з Уладзімірам Пуціным у Анкарыджы на Алясцы.
Стуб стаў пасрэднікам паміж Трампам і еўрапейскімі лідарамі, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім. Часам яму даводзіцца праводзіць размовы паслядоўна з Трампам, а потым з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, каб адразу перадаць пазіцыю і інфармацыю ад аднаго да другога.
«Людзі ведаюць, што ў нас, фінаў, няма схаваных намераў, і мы таксама даволі прамыя. Я магу данесці да Трампа тое, што думаюць еўрапейцы ці Зяленскі, а потым я магу данесці да сваіх еўрапейскіх калег тое, што думае Трамп», — адзначаў Стуб у інтэрв'ю The Wall Street Journal 31 ліпеня.
Фінляндыя паміж Усходам і Захадам
Падчас халоднай вайны нейтральная Фінляндыя, якая мае каля 1272 км мяжы з Расіяй, часта выступала мастом паміж Вашынгтонам і Масквой. Сёння яна — член НАТА, але яе кіраўнікі захавалі вопыт і каналы камунікацыі з абодвума бакамі.
Стуб мае вялікі досвед перамоў з Расіяй і добра знаёмы з ЗША — яшчэ ў 1980-х ён вучыўся ў Фурманаўскім ўніверсітэце у Паўднёвай Караліне па стыпендыі, якую атрымаў дзякуючы свайму высокаму ўзроўню гульні ў гольф.
Ён выступаў за каманду ўніверсітэта на спаборніцтвах, а ўзамен меў фінансавую падтрымку на вучобу. Жартуючы, ён часта кажа амерыканцам з моцным паўднёвым акцэнтам: «Фін па нараджэнні, паўднёвы амерыканец па Божай ласцы».
Апошнія месяцы Трамп рэзка ўзмацніў крытыку Пуціна і пачаў публічна падтрымліваць ідэю ўзмацнення дапамогі Украіне, у тым ліку праз продаж зброі Еўропе. Ці адыграў у гэтым ролю Стуб, афіцыйна ён не прызнае, але еўрапейскія чыноўнікі адзначаюць, што гэта відавочны зрух у параўнанні з яго ранейшай пазіцыяй.
«Стуб стаў своеасаблівым каналам сувязі, мастом паміж Еўропай і Трампам», — адзначае сенатар ад рэспубліканцаў Ліндсі Грэм, дадаючы, што часта размаўляе са Стубам двойчы на дзень. «Скажу так: Алекс, напэўна, найбольш актыўны штодня — перапісваецца са мной, дзеліцца інфармацыяй пра падзеі, дае парады».
Шлях да прэзідэнта
Стуб вырас у прыгарадзе Хельсінкі Лехтысаары. Яго бацька працаваў галоўным прадстаўніком Нацыянальнай хакейнай лігі ў Еўропе, які шукаў таленавітых хакеістаў для амерыканскіх і канадскіх клубаў. У 13 гадоў Аляксандр разам з хакейнай камандай, у складзе якой ён гуляў, упершыню наведаў Нью-Ёрк, што паклала пачатак яго пажыццёвай цікавасці да ЗША і амерыканскай палітыкі.
Хлопец правёў некалькі сваіх летніх канікул у ЗША і Канадзе, а таксама год па абмене ў Дэйтан-Біч (Фларыда, ЗША), каб мець магчымасць займацца гольфам увесь год.
Маючы намер стаць прафесійным гульцом у гольф, паступіў у Фурманскі ўніверсітэт у Грынвіле (штат Паўднёвая Караліна), дзе паралельна з трэніроўкамі паглыбіўся ў вывучэнне амерыканскай палітыкі і міжнародных адносін.
Папрацаваўшы ў Бруселі ў Еўракамісіі, Стуб у 2004 годзе ўвайшоў у вялікую палітыку як дэпутат Еўрапарламента. Будучы цэнтрысцкім кансерватарам і актыўным прыхільнікам уступлення Фінляндыі ў НАТА, ён хутка прасунуўся па кар’ернай лесвіцы, вярнуўся ў Хельсінкі, дзе заняў пасаду міністра замежных спраў, а пазней — прэм’ер-міністра.
Для Стуба, як і для многіх фінаў, пагроза з боку Расіі мае глыбока асабісты аспект. І яго дзед, і бацька нарадзіліся ў гарадах, якія Фінляндыя была вымушана перадаць Савецкаму Саюзу ў 1940 годзе і якія сёння з'яўляюцца часткай Расіі.
У 2017 годзе ён пакінуў палітыку, каб заняцца фінансамі і навуковай дзейнасцю, часткова з-за свайго расчаравання ў трывалай грамадскай апазіцыі ў Фінляндыі адносна ўступлення ў НАТА.
Праз сем гадоў расійскае ўварванне ва Украіну падштурхнула Фінляндыю далучыцца да альянсу і вярнула Стуба ў вялікую палітыку. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ён адстойваў неабходнасць павелічэння выдаткаў на бяспеку і ўмацаванне сувязяў з ЗША.
Яго ўпэўнены і адкрыты стыль рэзка выдзяляўся на фоне традыцыйна стрыманай фінскай палітыкі. Апаненты абвінавачвалі яго ў фанабэрыстасці, папракалі за з’яўленне на сустрэчах у шортах і лаянку падчас дыпламатычных сустрэч.

Гульня ў гольф з Трампам
Праз некалькі месяцаў пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта ў мінулым годзе Стуб пазнаёміўся з сенатарам ЗША Ліндсі Грэмам, які наведваў Хельсінкі. Іх зблізілі сувязі з Паўднёвай Каралінай, захапленне гольфам і імкненне скаардынаваць палітыку ЗША і Еўропы ў дачыненні да Расіі.
Калі яны сустрэліся ў лютым на канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене, Грэм прапанаваў патэлефанаваць Трампу.
«Алекс калісьці гуляў у гольф у Фурманскім універсітэце», — сказаў ён Трампу, а той у адказ прапанаваў яму і Стубу калі-небудзь згуляць разам.
Стуб, які не браў клюшкі ў рукі ўжо шмат гадоў, пачаў трэніравацца на крытым полі для гольфа, каб аднавіць форму. Праз некалькі тыдняў ён у апошні момант забраніраваў білет на рэйс у Маямі і далучыўся да Трампа на сняданку ў яго гольф-клубе ў Уэст-Палм-Біч разам з Грэмам.

Паводле слоў іншых прысутных, гульня Стуба ў гольф уразіла Трампа. Паміж ударамі яны абмяркоўвалі ўсё: ад студэнцкіх гадоў Стуба ў ЗША да ледаколаў, лясной гаспадаркі і досведу Фінляндыі ў барацьбе з Расіяй падчас Другой сусветнай вайны.
Падчас абеду Трамп запытаў, ці можна давяраць Пуціну. «Нельга», — адказаў Стуб, патлумачыўшы, што расійскі лідар разумее толькі мову сілы, і заклікаў да больш жорсткіх санкцый і ўстанаўлення цвёрдага тэрміну спынення агню.
Трамп падарыў яму новы камплект клюшак замест старога 20-гадовага, з якім той прыехаў. А на здымку, выкладзеным у Truth Social, абодва пазіравалі з шырокімі ўсмешкамі, трымаючы аднолькавыя кубкі, якія заваявалі на турніры паміж членамі клуба і гасцямі.
«Ён вельмі добры гулец», — напісаў Трамп. Стуб дыпламатычна дадаў, што гульня Трампа ў гольф «значна лепшая, чым многія думаюць».
Далейшыя кантакты і ўплыў
Не менш выніковым аказалася і лабіраванне Стуба. Праз некалькі гадзін пасля іх перамогі на турніры Трамп упершыню рэзка раскрытыкаваў Пуціна за зацягванне вайны ва Украіне, заявіўшы ў тэлевізійным інтэрв’ю, што ён «раззлаваны» і «вельмі абураны» адмовай расійскага лідара ад перамір’я.
Пакідаючы Мар-а-Лага, Стуб па дарозе ў аэрапорт патэлефанаваў іншым еўрапейскім лідарам, а потым паляцеў у Лондан на сустрэчу з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам. Пазней ён праінфармаваў Зяленскага, адзначыўшы, што цярпенне Трампа ў адносінах да Пуціна, здаецца, на зыходзе.

Пасля гэтага Трамп і Стуб пачалі рэгулярна перапісвацца і тэлефанаваць адзін аднаму па-за межамі афіцыйных сустрэч. Часам яны абмяркоўвалі вынікі гольф-турніраў, а часам Трамп звяртаўся да Стуба перад размовай з Пуціным.
«Вы разумееце, што я спрабую зрабіць?» — спытаў ён у красавіку, калі яго новыя маштабныя мытныя тарыфы скаланулі сусветныя рынкі.
«Калі Амерыка на першым месцы, зрабі так, каб Фінляндыя была на другім», — адказаў Стуб.
Стуб кажа, што ў асабістых зносінах Трамп аказаўся іншым, чым выглядае публічна: ён «умее слухаць» і здольны весці «вельмі шчырыя размовы». Іх кантакты сталі настолькі частымі, што фінскія дыпламаты ў Вашынгтоне жартуюць: замест таго каб паведамляць у Хельсінкі пра падзеі ў сталіцы ЗША, яны самі даведваюцца пра гэта ад прэзідэнта.
Еўрапейскія чыноўнікі адзначаюць, што Трамп лепш успрымае пазіцыю Еўропы, калі чуе яе ад кіраўніка невялікай краіны. Ён захапляецца фінскімі ўзброенымі сіламі і, паводле іх слоў, паважае шматгадовы досвед Стуба ў адносінах з Масквой.
Па словах украінскіх чыноўнікаў, Стуб стаў неацэнным пасрэднікам для Зяленскага, асабліва пасля напружанай сустрэчы ў Авальнай зале з Трампам. У ліпені ўкраінскі прэзідэнт публічна падзякаваў яму за «дапамогу ў наладжванні кантакту» з амерыканскім прэзідэнтам у крытычны момант.

Сам Стуб прызнаецца, што ніколі не чакаў такой ролі, калі ўпершыню прыехаў у ЗША з марамі стаць прафесійным гальфістам. Ён успамінае, як бацька казаў яму, што ўменне гуляць у гольф можа некалі спатрэбіцца, нават калі ён так і не стане прафесіяналам.
«Я думаў, што гэта яго спосаб намякнуць, што я ніколі не дасягну дастатковага ўзроўню, — расказае Стуб. — Але пасля партыі з Трампам ён даслаў мне паведамленне: «Я ж казаў».
Прэзідэнтам Фінляндыі стаў Аляксандр Стуб. Яго бацька — швед, а жонка — брытанка
Пакуль Вэнс псуе адносіны ў Даніяй, Трамп наладжвае з Фінляндыяй
Як Трамп выкарыстоўвае «тэорыю вар'ята», каб мяняць свет пад сябе. І ў яго атрымліваецца
Еўропа змагла захаваць адзінства з Трампам на выпадак нападу Расіі
Прэзідэнт Фінляндыі інкогніта ўзяў удзел у трыятлоне і фінішаваў другім
Каментары
Трамп ніколі б стасаваўся з марыянеткавымі дзеячамі, бо робіць палітыку толькі з моцнымі і праз сілу.
Ня трэба ўводзіць у зман грамадства праз міты паліттэхнолагаў.