З пачатку года колькасць апублікаваных рассакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі вырасла з 2176 да 6264. У калекцыі з’явіліся новыя рэгіёны і найважнейшыя беларускія гарады. Цяпер гэтыя здымкі — каштоўны матэрыял для гісторыкаў і краязнаўцаў.

У пачатку года Нацыянальны архіў ЗША пачаў выкладаць у свабодны доступ аэрафотаздымкі тэрыторыі Беларусі, зробленыя нямецкімі вайскоўцамі ў 1939—1945 гады. Яны з'яўляюцца часткай велізарнай калекцыі здымкаў тэрыторыі СССР, што трапіла ў ЗША пасля завяршэння вайны. Здымкі доўгі час былі засакрэчанымі, бо выкарыстоўваліся амерыканскай разведкай. У наш час сакрэтнасць знятая, і здымкі можна было заказаць у архіве, але ў свабодны доступ іх пачалі выкладаць толькі цяпер.
Што дадалі
На сёння колькасць даступных здымкаў у параўнанні з сакавіком 2025 года павялічылася ў тры разы — з 2176 да 6264.

Густой сеткай нямецкіх аэрафотаздымкаў цяпер амаль цалкам, за выключэннем Бабруйшчыны, пакрытая Магілёўская вобласць, якая ў пачатку года ўвогуле не была прадстаўлена. Таксама дададзены здымкі суседняй Аршаншчыны і ўсходняя частка Віцебшчыны, якія раней таксама заставаліся «белымі плямамі» на карце. Дапоўнены поўдзень Брэсцкай вобласці і асобныя раёны Віцебскай і Мінскай абласцей.
Гомельская вобласць пакуль застаецца самым непакрытым рэгіёнам: дададзены здымкі аднаго пралёта нямецкага самалёта-разведчыка з захаду на ўсход у бок Мазыра, які праходзіць пераважна над глухімі палескімі лясамі.

Сярод гарадоў, якія можна ўбачыць на новых кадрах, — цалкам разбураныя падчас вайны Віцебск, Полацк, Орша, Горкі, многія мястэчкі, якія ніколі не траплялі на здымкі з паветра, а таксама Магілёў, праўда, яго нямецкія аэраздымкі ўжо былі добра вядомыя даследчыкам.
Дзе глядзець
Шукаць па канкрэтнай мясцовасці на сайце Нацыянальнага архіва ЗША нязручна, таму беларусы стварылі адразу дзве карты, на якія сабралі спасылкі на аэрафотаздымкі і якія дазваляюць знайсці здымкі канкрэтнай мясцовасці ў пару клікаў. Першая карта была створана на аснове Google Maps, другая — на аснове OpenStreetMap.

Нядаўна выкладзеныя тысячы аэрафотаздымкаў можна пакуль пабачыць толькі на апошняй карце. Яна вельмі зручная і дазваляе з выбранай меткі адразу перайсці на поўнафарматны аэраздымак, абмінаючы старонку на сайце архіва. Праўда, у новай версіі карты былі выразаны здымкі Украіны, краін Балтыі і Малдовы, але пакінуты здымкі Смаленшчыны.
Навуковае значэнне
Здымкі ахопліваюць як гарады, так і сельскую мясцовасць і могуць служыць унікальнай крыніцай для вывучэння гісторыі і архітэктуры краю. Разрозненне фотаздымкаў, выкладзеных на сайце Нацыянальнага архіва ЗША, складае 3800 × 3800 пікселаў, чаго дастаткова для таго, каб зразумець планіроўку і апазнаць асобныя будынкі і збудаванні. Здымкі могуць быць вельмі карыснымі для вызначэння дакладнай лакалізацыі невялікіх населеных пунктаў і драўляных храмаў у сельскай мясцовасці, якія не дайшлі да нашага часу.
Да таго ж у архіве можна заказаць здымкі ў разрозненні 14500 × 14500 пікселяў, каб вывучыць усе дэталі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬНацыянальны архіў ЗША апублікаваў тысячы раней засакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі часоў Другой сусветнай вайны
Беларусы спрасцілі пошук па тысячах раней засакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі, апублікаваных Нацыянальным архівам ЗША
Мінскі краязнавец расказаў, якім было Замчышча і чаму знікла з карты сталіцы
«Ніколі такога не здарыцца, што можна будзе сказаць: мы ўсё знайшлі». Краязнавец, вымушаны выехаць за мяжу, робіць шыкоўныя знаходкі і там
Каментары