Свет22

Гарэла знакамітая саборная мячэць у Кордаве: частка скляпенняў абрынулася

Адзін з найвыбітнейшых прыкладаў ісламскай архітэктуры ў Еўропе, ператвораны пасля Рэканкісты ў каталіцкі сабор, нягледзячы на разбурэнні і задымленне, адкрыўся на наступны дзень для тысяч турыстаў, якія хочуць пабачыць гэты ўнікальны помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Пажар у Кордаўскай саборнай мячэці. Фота: сацсеткі, пажарная служба Кордавы

Пажар у Мескіце, былой саборнай мячэці Кордавы (Іспанія), пачаўся позна ўвечары пятніцы ў памяшканні паміж капліцамі Хрышчэння і Духа Святога, дзе захоўваліся ўборачны інвентар, у тым ліку электрычныя падмятальныя машыны.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай мог стаць кароткае замыканне або перагрузка падчас зарадкі адной з машын. Агонь хутка распаўсюдзіўся ўверх, закрануўшы драўляныя канструкцыі даху і пашкодзіўшы некалькі капліц.

Пажар у Кордаўскім саборы, зняты відавочцамі. 

Найбольш пацярпела капліца Дабравешчання, скляпенні якой абрынуліся ў выніку пажару. У гэтай капліцы XVIII стагоддзя знаходзіцца алтарны абраз працы Педра Марэна, скульптуры анёлаў, габелены з цыклу пра Аляксандра Македонскага і іншыя мастацкія каштоўнасці.

Паводле слоў дэкана сабора Хаакіна Альберта Ньевы, пашкоджаны ў асноўны верхняя частка рэтабла — прысценнага алтара — і асобныя элементы дэкору.

Капліца Дабравешчання на ўсходнім баку сабора да пажару. Фота: Wikimedia Commons
Капліца Дабравешчання пасля пажару. Фота: сацсеткі

Пацярпела таксама дах капліца Святога Мікалая з Бары, але гатычныя скляпенні вытрымалі, а капліца Духа Святога, адзін з найкаштоўнейшых рэнесансных помнікаў горада, закурана дымам.

Агулам пацярпела каля 50 квадратных метраў з 13 000 квадратных метраў, якія займае сабор. Значна больш сур’ёзных наступстваў удалося пазбегнуць дзякуючы аператыўным дзеянням пажарных і ўзгодненым захадам уладаў. Пажарная каманда здолела своечасова ізаляваць ачаг узгарання, не дапусціўшы распаўсюджання агню на іншыя часткі помніка.

Тушэнне пажару ўнутры сабора. Фота: пажарная служба Кордавы

Увосень у саборы плануюць усталяваць сучасную сістэму пажаратушэння з водным туманам, аналагічную той, што выкарыстоўваецца пасля пажару ў парыжскім Нотр-Даме.

Пасля першачарговых работ па расчыстцы ад дыму будзе падрыхтаваны праект рэстаўрацыі і кансервацыі, каб вярнуць пашкоджаным часткам гістарычны выгляд. 

Аркады малельнай залы саборнай мячэці Кордавы. Фота: Wikimedia Commons

Саборная мячэць Кордавы — адзін з найвыбітнейшых помнікаў ісламскай архітэктуры ў Еўропе. Яго будаўніцтва пачалося ў 786 годзе пры эміры Абд ар-Рахмане I, а ў X стагоддзі халіф Аль-Мансур ажыццявіў апошнюю вялікую рэканструкцыю, дадаўшы восем нефаў. Пасля захопу горада каралём Фердынандам III у 1236 годзе мячэць была ператворана ў хрысціянскі сабор. За ўсю сваю больш чым тысячагадовую гісторыю будынак перажыў толькі два пажары да сённяшняга: у 1910 і 2001 гадах.

У суботу раніцай сабор зноў адкрыўся для турыстаў, акрамя пашкоджанай зоны, якая застаецца агароджанай. Эксперты падкрэсліваюць, што помнік у цэлым не страціў сваёй архітэктурнай цэласнасці і застаецца бяспечным для наведвання.

Каментары2

  • Барадзед
    10.08.2025
    Это джихад? 13000 квадратных метров как большой торговый центр.
  • А
    11.08.2025
    Барадзед, дык яе ж не проста так у ЮНЕСКА дадалі

Цяпер чытаюць

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары20

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары

Усе навіны →
Усе навіны

Кампанія Disney перазапусціць мультсерыял «Чорны плашч»2

Дрон пацэліў у офісны будынак у Кіеве. Пяцёра загінулых2

18‑гадовы беларускі футбаліст перайшоў у топавы турэцкі клуб1

28‑гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі: «здрада дзяржаве» за перапіску з аднакурснікамі з УСУ17

Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»11

У Мінску пачалі судзіць трох беларусаў, якім павесілі «тэрарызм» і «здраду дзяржаве». Аднаго з іх затрымалі ў Крыме7

Беларус выкладае ў Польшчы робататэхніку і праграмаванне дзецям эмігрантаў

Беларускі музей імя Івана Луцкевіча рыхтуе выставу да 120‑годдзя «Нашай Нівы» і просіць дапамагчы з экспанатамі4

Мінчанка паспрабавала знайсці «тату на гадзіну» для сына праз сацсеткі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары20

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць