У Расіі арыштавалі экс-намесніка кіраўніка Расгвардыі Віктара Стрыгунова. Паводле звестак тэлеграм-канала Shot, ён адпраўлены ў СІЗА «Ляфортава».

Паводле папярэдніх звестак, крымінальная справа генерал-палкоўніка звязаная з крадзяжамі пры будаўніцтве вайсковага палігона пад Новасібірскам. Яго абвінавачваюць у хабарніцтве і перавышэнні паўнамоцтваў.
Віктар Стрыгуноў у 2016 годзе быў прызначаны на пасаду камандуючага войскамі Сібірскай акругі Расгвардыі. У 2021 годзе ён стаў першым намеснікам кіраўніка, у 2023 годзе быў вызвалены ад пасады.
У ягонай крымінальнай справе, па папярэдняй інфармацыі, фігуруюць крадзяжы на некалькі мільярдаў рублёў.
Пры гэтым палігон пад Новасібірскам, паводле даных Shot, быў пабудаваны з парушэннямі: над гэтым раёнам праходзіць рэгулярны маршрут пасажырскіх авіяперавозак на Далёкі Усход. Вайскоўцы выкарыстоўваць аб'ект цяпер не могуць.
Як паведамляе канал ВЧК-ОГПУ, следства сцвярджае, што ў верасні 2014 года МУС Расіі заключыла з кампаніяй «СУ Ремстройторг» дзяржаўны кантракт на некалькі мільёнаў рублёў для будаўніцтва вучэбнага цэнтра ў Кемераўскай вобласці. За кантроль выканання праекта адказваў Стрыгуноў.
Нягледзячы на тое, што яму было вядома пра праблемы з участкам — ягоная плошча была недастатковай, а размяшчэнне занадта блізка ад аэрапорта, — ён загадаў падначаленым пачаць будаўніцтва. У выніку кантракт не быў выкананы, аб'ект не ўведзены ў эксплуатацыю, а дзяржаве былі нанесеныя маёмасныя страты на суму больш за 2 мільярды расійскіх рублёў (каля 25,5 мільёна даляраў).
Акрамя таго, у 2012—2014 гадах Стрыгуноў атрымаў хабар на агульную суму больш за 66 мільёнаў рублёў (каля 840 тысяч даляраў) ад прадстаўнікоў камерцыйных кампаній за «пратэкцыю» пры выкананні буйных дзяржаўных будаўнічых кантрактаў.
Каментары