Меркаванні3939

У прадмове двойчы цытуецца Пуцін і ні разу Лукашэнка — рэцэнзія на хаатычныя мемуары Мясніковіча

Кніга экс-прэм’ера, а цяпер старшыні калегіі Еўразійскай камісіі Міхаіла Мясніковіча дапамагае зразумець мысленне беларускіх топ-чыноўнікаў, піша Васіль Гарбацюк. У ёй нямала захапляльнага — і смешнага.

Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Турцыю ў якасці старшыні Савета Рэспублікі. 2017 года. Фота Fatih Aktas/Anadolu Agency/Getty Images

«Чалавецтва ўступіла ў ХХІ стагоддзе з надзеяй на ўстойлівае глабальнае развіццё, мірнае суіснаванне краін і народаў без войнаў і насілля…» Так пачынае прадмову да кнігі сваіх мемуараў Міхаіл Мясніковіч, старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі — свайго роду аналага Еўракамісіі, але ў саюзе еўразійскіх аўтакратый.

Кніга была напісаная перад нападам Расіі на Украіну і таму шмат у чым састарэла адразу пасля гэтага нападу. Наўрад ці чалавек з такім тонкім адчуваннем трэндаў, як Мясніковіч, у 2023-м двойчы ў прадмове цытаваў бы Уладзіміра Пуціна, але ў 2021-м, калі кніга пісалася, ён менавіта так зрабіў. Лукашэнку ў прадмове ён не ўзгадаў ні разу.

Прадмове папярэднічае эпіграф з Карла Маркса: «Нам падабаецца гэтая праца — называць рэчы сваімі імёнамі».

Першы раздзел мемуараў называецца «Падзеі, якія ўзрушылі свет». Першы падраздзел у ім называецца «ГКЧП», а другі — «Краіна, якой не стала». Не «Абвяшчэнне незалежнасці» і «Краіна, якая паўстала як фенікс», а гэдак.

У самым пачатку кнігі Мясніковіч апісвае камічны, але, калі ўдумацца, сумны эпізод.

«Вясной 1990 года Кебіч з падачы Шушкевіча прыняў рашэнне накіраваць мяне на нараду кіраўнікоў урадаў балтыйскіх дзяржаў для разгляду, ён сказаў, пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва».

Шушкевіч быў толькі-толькі абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета, гэта здарылася 19 мая 1990-га, Кебіч — старшынём Савета Міністраў стаў 7 красавіка. А сам Мясніковіч быў абраны намеснікам старшыні Саўміна 16 ліпеня. Так што паездка на нараду ў Эстонію найхутчэй што была летам, а не вясною, але не пра тое гаворка.

«Ужо адразу па прылёце мяне насцярожыў фармат прыёму: усё было аформлена па дзяржаўным пратаколе, прымалася наша дэлегацыя як замежная: картэж, дзяржаўныя сцягі і г.д.»

Не парадаваў, а насцярожыў.

«У будынку, дзе праходзіла сустрэча, ля кожных дзвярэй стаялі аўтаматчыкі ў стойцы «ногі на шырыню плячэй». Падкрэсліваю: не парадная форма, не аксельбанты і залатыя гузікі, а баявая амуніцыя».

«Размова ішла пра выпрацоўванне палітыкі непадпарадкавання ЦК КПСС і СМ СССР».

«Актыўна ўцягвалася Беларусь у гэты альянс, гарантаваўся льготны доступ у морскія порты і да берагавой інфраструктуры… Была падрыхтаваная заява, якую прапаноўвалі падпісаць. Немагчыма перадаць той стан, у якім я апынуўся».

Мясніковіч разумеў, што яго ўцягваюць у антысавецкую дзейнасць, скіраваную на разбурэнне Саюза і здабыццё рэспублікамі незалежнасці, але і пакінуць нараду не мог — не меў такога ўказання. Далей — болей.

Начавала беларуская дэлегацыя ў эстонскай дзяржаўнай рэзідэнцыі — гаспадары праявілі да беларускіх чыноўнікаў максімальную павагу.

І вось «позна ўвечары да мяне ў нумар зайшоў чалавек у штацкім і ўскосна прадставіўся, не паказаўшы пасведчання». «Як у шпіёнскім фільме», дадае Мясніковіч.

Хто ж гэта, што ж гэта? 

«Гэты чалавек мне сказаў, што ён калега Веніяміна Георгіевіча Балуева, што яны на аднолькавых пасадах.

А Балуеў быў старшынём КДБ БССР».

Такім чынам, у нумар да Мясніковіча прабраўся кіраўнік савецкага КДБ Эстоніі.

«Гэта значыць, сваю пасаду ён сам не назваў, яе я павінен быў вылічыць самастойна. От так! Гэты візіт мяне яшчэ больш усхваляваў. І гэты наведнік прапанаваў мне ўзяць з сабой на заўтрашнія перамовы мініяцыюрны дыктафон … каб я запісаў усё, пра што будуць гаварыць прэм’ер-міністры дзяржаў і якія прымаць рашэнні. Жах!» — успамінае Мясніковіч і тлумачыць, у чым жах.

«Па-першае, што ты за старшыня КДБ … калі ты не можаш арганізаваць праслухоўванне ў даручанай табе краіне? Па-другое, ці не правакацыя гэта. Па-трэцяе, мне прапаноўвалі місію сексота. Стрэс быў капітальны».

Такім чынам, Мясніковіч не паважае сексотаў.

«Я выправадзіў госця».

Мясніковіч не піша, такі ўзяў ён дыктафон ці не.

«Астроўскі [калега па дэлегацыі з Дзяржплана БССР] наліў сабе гарэлкі, выпіў і адмовіўся ўвогуле абмяркоўваць тэму выхаду з гэтага становішча».

Многія, дарэчы, дзеячы будуць падчас путчу ГКЧП 1991 года дзейнічаць як той нябога Астроўскі. Дый, думаю, у 2020-м тое самае назіралася.

«Што рабіць? Як выбрацца з гэтай фактычна фізічнай і палітычнай пасткі? — працягвае ўспамінаць Мясніковіч.

Мемуары Міхаіла Мясніковіча выйшлі ў выдавецтве «Беларуская навука» накладам 400 асобнікаў. Фота: Наша Ніва

Прайшоў нейкі час. Глыбокай ноччу звоніць тэлефон. На сувязі М.І.Дземянцей — старшыня Вярхоўнага Савета БССР:

— Міхаіл Уладзіміравіч, вам трэба стуль выязджаць. Неадкладна!

— Шаноўны Мікалай Іванавіч! Як вы ўяўляеце? Ноч, лес, аўтаматчыкі… Што скажуць і падумаюць пра нас і наш урад? — кажу я яму.

— Рашайце самі, як вам дзейнічаць у гэтай сітуацыі. Але гэта не толькі мой пункт гледжання. Мне званіў Гарбачоў, пытаўся, што за чалавек Мясніковіч, якіх ён палітычных поглядаў, кіраўнічых якасцей. Я характарызаваў вас, Міхаіл Уладзіміравіч, станоўча, хоць я асабіста вас ведаю слаба».

«Вось мы з вамі ўліплі. Нашто нас было пасылаць?» — кажа Астроўскі».

Праспаўся Астроўскі, выходзіць, хутка.

Няўжо, дарэчы, ім у дзяржаўнай рэзідэнцыі адзін пакой на двух выдзелілі?

«Недзе праз паўгадзіны зноў звоніць тэлефон. Ізноў Дземянцей:

— Міхаіл Уладзіміравіч! Званіў Гаспадар. Вы здагадваецеся хто… З Масквы. Трэба вам выязджаць.

— Але Мікалай Іванавіч! Выязджаць — гэта гучна сказана. Вы прапануеце нелегальна ўцякаць? — пытаюся ў яго.

— Гэта ваша справа! Але Гаспадар распарадзіўся, каб вы выязджалі.

Вось так! ЦК Кампартыі прыбалтыйскіх дзяржаў бяздзейнічаюць. Органы, пакліканыя абараняць канстытуцыйны лад СССР,— бездапаможныя, а ты думай, як выбрацца з Эстоніі і захаваць твар сваёй краіны і яе ўрада», — падсумоўвае Мясніковіч.

«Гаспадар» — гэта хіба старшыня саюзнага КГБ Кручкоў званіў.

Тут для маладых чытачоў трэба патлумачыць, што ў тыя гады не было не толькі інтэрнэту, але і мабільных тэлефонаў. Не было і «Яндэкс-таксі», «Убера» і «Болта». З лесу ў Эстоніі тэхнічна было няпроста выехаць, хіба што папуткі лавіць.

Ранкам Мясніковіч рашыўся: «Заявіў, што мяне выклікае Мінск, папрасіў транспарт у аэрапорт. Просьба была задаволеная эстонскімі кіраўнікамі. З маўклівым дакорам».

Лёгка ўяўляеш сабе 40-гадовага Мясніковіча і маўклівы, суровы эстонскі дакор.

Мясніковіч так аналізуе тую сітуацыю: «…гэта не адзіны выпадак, калі Кебіч прымаў рашэнні без пранікнення ў праблему. Шушкевічу патэлефанаваў ці … Ландсбергіс, ці нехта іншы, той — Кебічу, а Кебіч — Мясніковічу: едзь! З якой мэтай, пра што гаворка?»

Міхаіл Мясніковіч (у цэнтры) з Уладзімірам Пуціным (злева) і Аляксандрам Лукашэнкам. 2018 год. Фота прэс-службы прэзідэнта Расіі.

Успаміны Мясніковіча на першы погляд, калі іх гартаеш з сярэдзіны, з якога-небудзь раздзела «СПК «Сноў» — узор эфектыўнасці», могуць здацца ўбогай кампіляцыяй, выкананай бяздарным літаратурным неграм, які, мусіць, атрымліваў ганарар за колькасць знакаў, таму не пасаромеўся ўставіць туды, між падраздзелам «Актуальныя пытанні фінансавай палітыкі ЕАЭС» і раздзелам «На гістарычным разломе», нават падборку сачыненняў школьнікаў з Нясвіжскага раёна «Міхаіл Мясніковіч — сын зямлі сноўскай».

Але гэты трэшак толькі частка хаатычнай кнігі. У тых раздзелах, якія Мясніковіч надыктаваў ці напісаў сам, ёсць і цікавыя факты, і хлёсткія характарыстыкі сучаснікаў — але толькі тых, якія ўжо не ва ўладзе, не ў фаворы ці ў іншым свеце. Гарбачоў, Ельцын, Краўчук, Прунскене, Шушкевіч… Не адмовіш Мясніковічу і ў назіральнасці, і ў добрай памяці.

Пры гэтым мемуары Міхаіла Мясніковіча выйшлі ў выдавецтве «Беларуская навука» накладам 400 асобнікаў. Гэтая лічба сама сабой паказвае, якую інтэлектуальную дэградацыю перажыла Беларусь пад Лукашэнкам: людзі перасталі нават чытаць новыя кнігі.

Мясніковіч быў не толькі сведкам, а ўдзельнікам тэктанічных працэсаў. Беларусь здабыла незалежнасць, распаўся савецкі блок і Савецкі Саюз. 

Але Мясніковіч з большым гонарам піша пра тое, як змог патлумачыць першаму сакратару ЦК КПБ Слюнькову, чаму ў мінскай бальніцы хуткай дапамогі, каторая на Кіжаватава, аконныя рамы паставілі з дзіркамі памерам з палец (Слюнькоў: «Это же безобразие — щели в окнах такие, что улица видна!». — Мясніковіч: «Не успеваем, не хватает мощностей». — Слюнькоў: «Дело не в мощностях, а в плохой работе кадров, и горком партии этим не занимается по-настоящему!»). …Такую краіну развалілі. 

За камедыяй — драма, драма, нацыянальная наша драма. Чалавек маштабу Мясніковіча публікуе свае мемуары ў наўмысна ўбогай форме, бясконца ўстаючы ў пазіцыю «я не больш чым выканаўца», «мы ж не хацелі, мы не вінаватыя, яно само здарылася». Не абвяшчэнне Беларуссю незалежнасці — гістарычная для нацыі падзеі, не дзеянні беларусаў як суб’екта робяцца адпраўным пунктам мемуараў, а ГКЧП. Беларусы ж, і адпаведна сам Мясніковіч у тым ліку, толькі аб’екты геапалітыкі і гісторыі, яе другасныя персанажы.

Усе мемуары напісаныя з пазіцыі другаснага персанажа — хоць Мясніковіча традыцыйна лічылі зусім не другаснай постаццю, а нефармальным лідарам наменклатуры, дуаенам чынавенскага корпуса. Прэм’ер, кіраўнік Савета Рэспублікі, Адміністрацыі прэзідэнта, Акадэміі навук — няма ў Беларусі чалавека, які прайшоў бы столькі адказных пасадаў. 

Мясніковіч усцяж гаворыць з пазіцыі «мясцовага кадра».

Групавое фота падчас саміта Еўразійскай эканамічнай рады. 25 мая 2023 года, Вялікі Крамлёўскі палац, Масква. Міхаіл Мясніковіч — першы злева. Фота: Contributor/Getty Images 

Пра цытаваны вышэй эпізод у Эстоніі Мясніковіч узгадвае: «Пасля мы са спадарыняй К. Прунскене не раз абмяркоўвалі той выпадак». І дадае: «Кажуць, што, калі Прэзідэнт Расіі У.У. Пуцін даведаўся, што ў Прунскене інсульт, ён прапанаваў сям’і Казіміры Пранаўны паслугі вядомых маскоўскіх дактароў. Відавочна, што Прэзідэнт Расіі бачыць у палітыку ў першую чаргу чалавека, якому трэба дапамагчы ў цяжкі час. Дарэчы, можна прывесці шмат іншых прыкладаў чуйнага стаўлення Уладзіміра Уладзіміравіча да дзяржаўных дзеячоў іншых краін і Расіі, калі з імі здараецца бяда».

Мясніковіч таксама не мінае выпадку адмежавацца ад беларускіх незалежнікаў: «Пасля вяртання з Таліна на наступны ранак да мяне ў кабінет уварвалася група дэпутатаў фракцыі БНФ, а менавіта Беленькі, Навумчык ды іншыя, якія пачалі патрабаваць тлумачэнняў, чаму я не падпісаў дакументаў, якія фактычна прадугледжвалі эканамічны выхад з СССР. Я ў дастаткова рэзкай форме выставіў іх з кабінета».

І гэта той самы Мясніковіч, з якім Зянон Пазняк памылкова звязваў пэўныя надзеі — як з чалавекам маладзейшым і выхадцам з Заходняй Беларусі.

Мемуары Мясніковіча даюць дастатковае ўяўленне пра тое, што ўяўляла сабой беларуская наменклатура ў канцы 1980-х. І ў пачатку 2000-х.

Пра Лукашэнку ў кнізе — або добра, або нічога, з ухілам у нічога.

Аляксандр Лукашэнка (злева) і Міхаіл Мясніковіч. Еўразійскі эканамічны саміт у Бішкеку, 9 лістапада 2022 года. Фота: Contributor Getty Images

У 2020 годзе з Мясніковічам здарылася найлепшае, што магло здарыцца з дзеячом савецкай правінцыйнай наменклатуры: яго забралі ў Маскву. У 69 гадоў яго прызначылі старшынём калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Халуйскае цытаванне Мясніковічам Пуціна паказвае, як лёгка старое пакаленне беларускай наменклатуры вярнулася да звыклага для сябе з савецкага часу стану, калі над першым сакратаром у Мінску мусіць быць безумоўная першаўлада ў Маскве.

Ці можа стацца, што правал спробы Расіі захапіць і расчляніць Украіну прывёў такіх людзей, як Мясніковіч, да пераацэнкі стану свету, Беларусі і сябе ў іх? Сумняюся. Але гэта не адмяняе факта, што Украіна выстаяла, армія ўкраінская выстаяла, Зяленскі не здрыснуў, і Залужны выявіўся на галаву разумнейшы за маскоўскіх алкаголікаў з залатымі пагонамі. Таму так і быць Еўразійскаму саюзу з яго калегіяй недагрызкам Савецкага — і, напэўна, і гэты разваліцца, як толькі нафта і газ перастануць каштаваць столькі, колькі каштуюць цяпер.

Міхаіл Мясніковіч мог упісаць сябе ў беларускую гісторыю, але выбраў Еўразійскі саюз.

Яго мемуары цікавейшыя за кнігі Кебіча і Дземянцея, але да Чэрчыля недацягваюць.

А, яшчэ адзін факцік. Бабуля Мясніковіча, яе звалі Тафіля, так не давярала камуністам, што аж аднойчы здарыўся такі эпізод.

«Скажы, бабуля, а дзе твой другі брат Паўлік? — пытаецца [сястра Мясніковіча] Аляксандра.

Падумаўшы, бабуля задае ёй пытанне:

— А Міша (гэта пра мяне гаворка) камуніст?

— Камуніст! — адказвае мая сястра.

— Не скажу! — кажа бабуля і пераходзіць на іншую тэму».

Мясніковіч з дабрадушнай іроніяй успамінае гэта.

А той Паўлік быў у асабістай ахове імператара Мікалая ІІ і прапаў без вестак. Ізноў — трагедыя за камедыяй.

Каментары39

  • бабруйчанін
    09.12.2023
    Тыповы " мясцовы" кадр ..І нажаль так 200 год апошніх дакладна .Ад " шляхты магнатау" да сакратароу бкп.." губернатарау мєрау"
    Насельніцтва нарот амаль кожныя 30 год адмауляла падобны стан рачэй АЛЕ ...як ні " было нацыанальнааэрэнтаванай бюракраціі дзяржаунай сілавой упрауленчай бізьнісовай так і німа
    Мяркую насельніцтва зноу вырашыць на асабісты розум .." паустанне масс 94" паустанне 2020...
    Працяг будзе
  • бабруйчанін
    09.12.2023
    Бабуля Мясніковіча разумнейшая за унука..
    Ні вельмі яна і ганарылась внучка карьерай
  • Улад
    09.12.2023
    Цікавы артыкул! Дзякуй.

Цяпер чытаюць

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ6

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Выбух у доме ў Маскве — ёсць загінулыя4

Беларуска вярнулася ў вёску пасля 20 гадоў жыцця ў Аўстрыі і робіць казіны сыр9

У Мінску закрылася вядомая пельменная2

Трамп паабяцаў, што не збіраецца балатавацца на трэці тэрмін8

Пасажыры самалёта ўпалі ў балота з алігатарамі і правялі там два дні. Як яны выжылі?1

Пад Магілёвам зносяць недабудаваны храм, які абаранялі расійскія чарнасоценцы11

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва3

Паўднёвы ўсход Беларусі накрывае моцная бура2

Бамбардзіра-кракадзіла і балерына-капучына — адкуль гэта?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ6

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць