У Расіі развіталіся з ідэяй стварэння вайсковага «карабля-невідзімкі». Няма ні грошай, ні тэхналогій
Адзін з найбуйнейшых вайскова-тэхнічных праектаў расійскага флоту — будаўніцтва найноўшага «карабля-невідзімкі» па тэхналогіі «стэлс» — скончыўся фіяска. Праграма будаўніцтва ракетных стэлс-карветаў праекта 20386, на якіх планавалі рэалізаваць канцэпцыю малапрыкметнасці, модульны прынцып узбраенняў і магчымасць базавання беспілотнікаў, закрытая, паведаміла ТАСС са спасылкай на крыніцу ў абаронна-прамысловым комплексе.

Карабель, які пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2013 годзе, а будаваць у 2016-м, разлічваючы да 2025 года ўвесці ў склад флоту не менш за тры адзінкі, у цяперашнім выглядзе не ўвойдзе ў склад флоту, як распавёў суразмоўца агенцтва.
Адзіны карабель серыі — карвет «Дзёрзкі», які быў закладзены на «Паўночнай верфі» і ўжо абышоўся расійскаму бюджэту ў 29 млрд рублёў (каля 310 млн даляраў), — са слоў крыніцы ТАСС, будзе перапраектаваны. Больш за 10 гадоў працы над караблём паказалі, што ён тэхнічна занадта складаны, а выдаткі на яго — занадта вялікія. Высокі каэфіцыент навізны і разліковы кошт не дазваляюць наладзіць яго серыйнае будаўніцтва, сказала крыніца ТАСС.
Будаўніцтва флоту было ўключана ў пералік прыярытэтаў маштабнай дзяржпраграмы ўзбраенняў, якая каштавала расійскаму бюджэту 20 трлн рублёў (каля 250 млрд даляраў) за апошнія 10 гадоў. На караблі для ВМФ выдзялялася каля 5 трлн рублёў (каля 55 млрд даляраў), з якіх палова павінна была пайсці на новыя распрацоўкі. Аднак санкцыі, уведзеныя спачатку пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе, а пасля ў выніку развязвання Крамлём поўнамаштабнай вайны з Украінай, фактычна паралізавалі будаўніцтва расійскіх караблёў, у тым ліку грамадзянскіх.
Зрэшты, пра тое, што амбіцыйны праект 20386 у цяперашніх умовах невыканальны, расійскія спецыялісты пісалі яшчэ да пачатку вайны ва Украіне.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары