Агрэсіўны бабёр тры дні тэрарызаваў жыхароў Глушы на Бабруйшчыне. Але яму далі рады
Цэлыя тры дні звычайны бабёр трымаў у страху жыхароў пасёлка Глуша Бабруйскага раёна. Дзікая жывёліна шыпела, кідалася на прысутных і не пакідала аблюбаванага на ўскраіне вёскі месца, піша мясцовае выданне Komkur.info са спасылкай на прэс-службу мясцовага лясгаса.

Каб ліквідаваць небяспеку і для жыхароў, і для самой жывёліны, ляснічаму Ільі Дудалю прыйшлося прымяніць кемлівасць:
«Гэта быў малады бабёр, кілаграмаў пад 12. Хутчэй за ўсё, ён шукаў новае месца для жытла, вось і зайшоў у нізіну на ўскраіне пасёлка. Атрымалася, што з аднаго боку — дамы, з другога — дарога. Жывёліна спалохалася і баялася выйсці. Тут яго і пабачылі мясцовыя жыхары, але не змаглі прагнаць.
Бабры вельмі небяспечныя, яны могуць нанесці сваімі зубамі сур'ёзныя раны. Таму трэба быць асцярожнымі, не палохаць і не правакаваць іх.

Выязджаючы на месца, я ўзяў з сабой дзіцячую ванначку. Такім метадам раней лавіў гусей: памеры гусака і бабра падобныя.
Не губляючы ні секунды, падышоў да бабра і накрыў яго ванначкай. Потым папрасіў мясцовых жыхароў прынесці ліст бляхі і прасунуў пад ніз, атрымалася закрытая пастка.
Разам з ратавальнікамі мы акуратна пагрузілі бабра ў машыну і выпусцілі ў найбліжэйшай рэчцы».

Уся аперацыя, па словах відавочцаў, заняла 10 хвілін.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары