Грамадства

«Бітва за мурал». The New York Times пагутарыла з былой актывісткай «Плошчы Перамен»

Дзіяна Каранкевіч зараз жыве ў Польшчы. Былая палітзняволеная і жыхарка «Плошчы Перамен» апынулася там пасля таго, як збегла з хатняй хіміі — беларуска атрымала два гады абмежавання волі ў жніўні 2021 года. The New York Times звязаліся з актывісткай і пагутарылі пра яе пратэсны шлях і важныя ўспаміны з самага вядомага мінскага двара.

Фота: Yauhen Attsetski

У 2018 годзе Каранкевіч пераехала ў адну з трох ідэнтычных шматпавярховікаў на перасячэнні Сморгаўскага тракту і вуліцы Чарвякова. Дзіяна, 30-гадовы майстар па манікюры, жыла там разам з мамай і пяцігадовым сынам Цімафеем і працавала ў салоне на першым паверсе аднаго з дамоў.

Актывістка была сведкай падзей 6 жніўня, калі на праўладным канцэрце ў гонар чыгуначных войскаў, якіх у Беларусі няма, гукааператары ўключылі песню групы «Кіно» «Перемен». Амаль адразу будучых «дыджэяў перамен», як пазней назвалі гэтых хлопцаў, арыштавалі, а прыкладна праз тыдзень жыхары трох будынкаў, у адным з якіх жыла Дзіяна, пабачылі ў сваім двары іх вялікую чорна-белую выяву.

Пазней Дзіяна даведалася, што мурал не павінен быў з’явіцца ў іх двары. Яго хацелі размясціць на месцы, дзе дыджэі ўключылі песню, але міма праязджалі сілавікі, і аўтары мурала проста пабаяліся. У іх было усё гатова, таму яны проста размясцілі мурал на першым лепшым месцы, дзе маляваць было бяспечней, — на дзіцячай пляцоўцы ва ўласным двары.

Дзіяна лічыць, што, калі б мурал размясцілі ў любым іншым месцы, ён бы не захаваўся. Магчыма, калі б улады вырашылі яго зафарбаваць, як яны гэта рабілі з вялікай колькасцю іншых рэвалюцыйных графіці, ніхто б іх не спыніў. Але жыхары «Плошчы Перамен» — так цяпер назвалі двор — заўважылі мурал.

З 2018 года Дзіяна была актыўнай карыстальніцай тэлеграм-чата свайго дома. Калі пачалася пандэмія, у чаце суседзяў актыўна абмяркоўвалі апошнія навіны. Аднойчы там узнік канфлікт: адны людзі крытыкавалі другіх, тых, якія націскалі кнопкі ў ліфце ключамі, каб не націскаць пальцамі. Да размовы далучыўся Сцяпан Латыпаў, жыхар кватэры на 16 паверсе ў адным з дамоў.

Латыпаў, 41-гадовы арбарыст, расказваў удзельнікам чата пра тое, як краіна перажывае пандэмію: пра шпіталі, дзе не хапала сродкаў, пра высокую колькасць хворых і пра тое, як дактароў прымушаюць маўчаць. Сцяпан размясціў у чаце фота кіслародных балонаў і сказаў, што ў яго дома іх тры, таму, калі нешта здарыцца, можна да яго звяртацца.

Дзіяна расказвае і пра іншага карыстальніка таго чата, 38-гадовага праграміста Васіля Логвінава. Калі мінскія камунальшчыкі ўпершыню паспрабавалі зафарбаваць мурал на «Плошчы Перамен», Логвінаў разам з іншымі жыхарамі пайшоў яго адмываць. У тыя ж дні жыхары дамоў пачалі ўпрыгожваць агароджу каля пляцоўкі БЧБ-стужкамі і ладзіць на Плошчы сустрэчы.

* * *

Каранкевіч была знаёмая і з іншым вядомым жыхаром Плошчы перамен — Раманам Бандарэнкам. Яна пачула пра яго, калі ў чаце пачалі абмяркоўваць, што Бандарэнка нібыта вельмі падобны да ціхара — ён заўсёды апранаў толькі чорнае і насіў капюшон. Аднойчы ў двары актывістка падышла да яго і наўпрост спытала: «Ты ціхар ці не?» Той павярнуўся да яе і паглядзеў на яе сваімі шырокімі вачыма: «Я? Я Рома, я не ціхар!» Мясцовыя жыхары нарэшце ўпэўніліся ў яго шчырасці, калі пабачылі, як Раман вучыць іх дзяцей маляваць у двары.

Вечарам 11 лістапада Дзіяна збіралася адмываць нецэнзурны надпіс, які нехта зрабіў на будцы. Там яна сустрэла Бандарэнку, які радасна паведаміў, што ён сышоў са сваёй працы менеджэра ў магазіне і цяпер будзе прыходзіць на Плошчу кожны дзень. Трохі раней ён паспяхова прайшоў сумоўе на працу сваёй мары ў галіне графічнага дызайну.

Дзіяна Каранкевіч разам з сынам у іх кватэры ў Варшаве. Фота: Emile Ducke / The New York Times

Да іх падышоў Васіль Логвінаў, які папярэдзіў, што да Плошчы пад’язджаюць мікрааўтобусы без нумароў, таму трэба сыходзіць. Дзіяна заўважыла ў двары незнаёмых людзей у масках і капюшонах. Яна напісала ў чаце заклік нікому не выходзіць у двор, але адна жанчына яго не прачытала, бо вярталася з магазіна з дзіцём. Яна сутыкнулася з незнаёмцамі, і да яе далучылася яшчэ адна жанчына, што праходзіла міма.

Бандарэнка напісаў у чаце «Я выходжу» і выйшаў на двор.

Актывістка расказвае, як разам з іншымі жыхарамі «Плошчы Перамен» яна спрабавала знайсці Бандарэнку ў шпіталі, як думала, што яго проста затрымалі, а потым даведалася, што Раман знаходзіцца ў нейрахірургічным аддзяленні, і яго аперуюць ужо на працягу некалькіх гадзін. Ён памёр на наступны дзень у 19:10.

* * *

Вясной 2021 года жыхары «Плошчы Перамен» нарэшце заўважылі, што з яе зніклі сілавікі, якія дзяжурылі там каля пяці месяцаў — з дня разгону пратэстаў, прысвечаных гібелі Рамана Бандарэнкі. Таму актывісты вырашылі аднавіць мурал. Ноччу 8 мая яны сабраліся ў гаражы і накіраваліся на Плошчу. Дзіяна і Васіль аднавілі яго за чатыры хвіліны. Іншыя актывісты вярнулі на пляцоўку БЧБ-стужкі і сцяг.

На наступным тыдні іх схапілі сілавікі. Рэч у тым, што адна з актывістак — жанчына, у якой было дзіця-інвалід, парушыла правілы бяспекі і сышла з Плошчы не тым маршрутам, якім было трэба. Яе твар трапіў на камеры назірання. Той жа раніцай прыйшлі і да самой Каранкевіч, яе тэлефонам скарысталіся, каб напісаць Васілю.

Актывістка спачатку думала, што пойдзе па адміністратыўцы. Калі яна апынулася ў РУУС, сілавікі спачатку добра да яе ставіліся: дазволілі некаму прынесці ёй шаўрму, спыталі, ці згодная яна, калі яе тэлефон забяруць у якасці доказу.

Пазней, у камеры, Дзіяна сустрэла тую самую жыхарку «Плошчы Перамен», што трапіла на камеры відэаназірання. Яна і расказала сілавікам, што менавіта Дзіяна з Васілём аднавілі мурал. Пазней Каранкевіч нават была рада, што іх імёны назвалі: яна кажа, што не ведае іншых людзей, якія б вытрымалі ціск падчас зняволення і нічога б не расказалі сілавікам.

Суд Дзіяна чакала ўжо дома — яе выпусцілі пад хатні арышт. У той жа час з салона, дзе раней працавала Каранкевіч, яе звольнілі — улады ціснулі на дырэктара ўстановы. Дзіяна не мела ні працы, ні магчымасці пагутарыць з сябрамі, на два месяцы яна апынулася ў глыбокай дэпрэсіі. Праз нейкі час ёй пераслалі кантакт чалавека, што дапамагаў ахвярам палітычных рэпрэсій з’язджаць з Беларусі, і Дзіяна ледзьве знайшла ў сябе сілы заняцца ўласным выратаваннем. Рэпрэсіі ў краіне пашыраліся, і ёй стала зразумела, што трэба бегчы.

У канцы жніўня прайшоў суд. Васіль Логвінаў атрымаў два гады хіміі, Дзіяна — два гады хатняй хіміі. Праз некалькі дзён Дзіяна з сынам селі ў мікрааўтобус з хлопцам, якога яны ўпершыню сустрэлі за дзень да таго. Ён давёз актывістку з сынам да дзяржаўнай мяжы, і тады яе сын разам з амаль незнаёмым чалавекам перасеклі мяжу.

Тым часам Дзіяна разам з Васілём і яшчэ адным беларусам чакала сігналу ад Фёдара — чалавека, што арганізоўваў іх эвакуацыю (пазней аказалася, што пад гэтым імем хаваюцца розныя актывісты). Толькі праз паўтара месяца, у кастрычніку 2021 года, былыя жыхары «Плошчы Перамен» нарэшце перабраліся ва Украіну. Васіль і яго сям’я пераехалі ў Гданьск, Дзіяна з сынам цяпер жывуць у Варшаве. Пасля пачатку вайны ва Украіне яна наведвала пратэсты каля беларускай і расійскай амбасад, актывістка таксама дапамагае беларусам, што прыбываюць у Польшчу.

Апошні фрагмент рэпартажу — гутарка з тымі актывістамі «Плошчы Перамен», што ўсё яшчэ застаюцца ў Беларусі. Карэспандэнтка New York Times сустракалася з імі ў канцы 2021 года на ўмовах ананімнасці, яна ведала толькі іх псеўданімы. Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, актывісты адчуваюць толькі яшчэ большы гнеў да рэжыму: «Яны думалі, што здолеюць нас задушыць, але ні ў якім разе, мы ёсць».

«Менавіта тады, калі я больш за ўсё хацела застацца ў Беларусі, я адтуль з’ехала». Споведзь Аляксандры Гушчы — дзяўчыны пад БЧБ-парасонам

Тры гады хатняй хіміі за сем літар. Мінчанку асудзілі за абразу былога міліцыянта

Каментары

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Грузія закрываецца». Гутарка з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі1

Каму першым адключаць гарачую ваду ў Мінску? Спіс

Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць1

«Сёмая ДНК-экспертыза пацвердзіла: Аляксей з беларускай вёскі Рымуцеўцы — бацька Ханса». Як нарвежац знайшоў бацьку-беларуса праз 78 гадоў7

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву, Новамаскоўcк і Тулу

Беларускі блогер, якога летась затрымлівалі за прыколы, разам з сябрам ідзе пешшу з Мінска ў Маскву2

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць7

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць