Грамадства

«Я тут кожны дзень». Дар'я Лосік пра тое, як днюе пад сценамі СІЗА, дзе судзяць мужа

Суд у справе блогера і кансультанта «Радыё Свабода» цягнецца ўжо больш за два месяцы. Блізкія палітвязьня ня ведаюць ніякіх падрабязнасьцяў аб працэсе.

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году. Суд у яго справе пачаўся амаль роўна праз год пасьля затрыманьня, 24 чэрвеня 2021-га. Ігара судзяць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзьмітрыем Паповым. Працэс ідзе за зачыненымі дзьвярыма на тэрыторыі гомельскага СІЗА № 3, дзе трымаюць усіх абвінавачаных. Ніхто зь іхных блізкіх ня можа на яго трапіць, усе адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні, яны ня могуць расказваць ня толькі аб падрабязнасьцях справы, але і пра тое, хто судзіць Ігара і іншых і хто прадстаўляе дзяржаўнае абвінавачаньне.

Жонка Ігара Дар’я Лосік ад самага пачатку суду кожны дзень працэсу знаходзіцца побач з будынкам СІЗА ў Гомелі. Ёй адмовілі ў праве прысутнічаць на працэсе, аднак Дар’я ўсё адно чакае вынікаў працэсу там.

«Я тут кожны дзень, з аўторка па пятніцу, як ідзе суд, — расказвае Дар’я. — Прыяжджаю з Баранавічаў у Гомель у панядзелак увечары. Ужо больш за два месяцы так.

Але па-ранейшаму нічога невядома ні пра ход працэсу, ні пра тое, калі ён скончыцца. Ніякіх тэрмінаў не называюць. Я нават ня ведаю, на якім этапе працэс. Мяне тут людзі ўжо пазнаюць часам. Калі надвор’е дазваляе, я тут на лавачцы сяджу, дзе перадачы прымаюць. Людзі падыходзяць пагаварыць, спытаць, як справы.

Я ўжо шмат каго ведаю, хто прыносіць перадачы сваім родным. Ня толькі «палітычным», абсалютна розным людзям».

Па словах Дар’і, у апошнія тыдні сувязь з Ігарам празь лісты наладзілася. Яны вельмі дрэнна даходзілі пасьля пачатку працэсу і прыкладна да 9 жніўня. Але цяпер усё значна лепш.

«Раней альбо адзін ліст даходзіў на тыдзень, альбо ўвогуле нічога, — расказвае Дар’я. — Цяпер стала лепш. Ад 2 да 5 лістоў мне за тыдзень прыходзіць. Я іх атрымліваю, калі вяртаюся з Гомля ў Баранавічы ў пятніцу.

Настрой у Ігара мяняецца вельмі, калі меркаваць па лістах. Піша, што стамляецца ад таго, што нехта вырашыў вось так усё зрабіць. Каб чалавек сядзеў бязь нейкай віны. Піша, што назваць гэта судом у прынцыпе немагчыма, называе працэс «зьдзекамі». Піша, што так і ня змог зразумець падчас працэсу, у чым ён вінаваты. Калі піша пра суд, то само гэтае слова заўсёды бярэ ў двукосьсі. Сама я б назвала гэта ўсё цыркам, але думаю, што цэнзура такі выраз не прапусьціць».

У чым абвінавачваюць Ігара Лосіка, дакладна не вядома. Адвакат ня можа назваць усіх артыкулаў, паводле якіх абвінавачваюць яго падабароннага. Такія ўмовы падпіскі аб невыдаваньні, якую даў абаронца. Вядомыя толькі два з трох артыкулаў абвінавачваньня — частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»), а таксама артыкул 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У канцы жніўня Юры Васкрасенскі заявіў, што ўключыў Ігара Лосіка ў сьпіс першых ста палітвязьняў, якіх ён мае намер прапанаваць вызваліць Лукашэнку. Родныя Лосіка і ён сам гэтай інфармацыі не камэнтуюць. Сяргей Ціханоўскі на пачатку верасьня паведаміў з-за кратаў, што ніхто з абвінавачаных у яго справе прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі не пісаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?1

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

«Флагшток» склаў карту начных пралётаў дронаў над Гомельшчынай. Сітуацыя незвычайная6

Памёр былы прэзідэнт Румыніі, які адыграў ключавую ролю пры звяржэнні Чаўшэску

Зяленскі расказаў, як вайна паўплывала на яго здароўе5

Прэзідэнтку Швейцарыі абвінавачваюць у нанясенні краіне мільярдных стратаў, бо не ўмела размаўляць з Трампам7

Вячорка адказаў Кавалеўскаму, які «нечакана развярнуў свае пазіцыі на 180 градусаў»: Ні ў якім разе самім не паніжаць стаўкі13

На eBay прадаюць беларускую манету за 2750 даляраў

Германія перад вучэннямі «Захад-2025» перакідае свае знішчальнікі ў Польшчу

Саша Філіпенка пасля забароны продажу «Слана» ў Беларусі выклаў яго ў інтэрнэт5

Лукашэнка сваім указам абмежаваў хуткасць электрасамакатаў на тратуарах да 10 км/г24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?1

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць