Навукоўцы нанава адкрылі від кавы, які дзесяцігоддзямі ніхто не бачыў у прыродзе. Па іх словах, гэтая расліна можа дапамагчы забяспечыць будучыню кавы, якая зараз знаходзіцца пад пагрозай праз змену клімату.

Даследчыкі, праца якіх была апублікаваная ў часопісе Nature Plants, сцвярджаюць, што вузкаліставая кава — так гучыць назва расліны — лепей вытрымлівае высокую тэмпературу, чым іншыя віды кавы. У прыватнасці, размова ідзе пра аравійскую каву (арабіку) і каву рабуста, якія складаюць адпаведна 56 і 43 працэнты сусветнай вытворчасці кавы. У дадатак, вузкаліставая кава, па словах экспертаў, мае цудоўны водар, падобны да арабікі, піша Reuters.
Шмат фермераў з краін, дзе расце кава, ужо адчуваюць дрэнныя наступствы змены клімату. Напрыклад, ад пацяплення пакутуе арабіка, і даследчыкі лічаць, што сусветная вытворчасць гэтага віда кавы можа паменшаць да сярэдзіны стагоддзя як мінімум у два разы. Для індустрыі, кошт якой ацэньваецца ў шмат мільярдаў даляраў, гэта сур’ёзная пагроза.
Брытанскі батанік Ааран Дэвіс, кіраўнік даследавання, пра якое ідзе гаворка, лічыць, што вузкаліставая кава можа ў такім выпадку забяспечыць нармальнае функцыянаванне індустрыі вытворчасці кавы. Гэта важна, бо індустрыя падтрымлівае эканоміку некалькіх трапічных краін і з’яўляецца крыніцай заробка для больш чым ста мільёнаў фермераў. У будучым, па словах Дэвіса, вузкаліставая кава можа дапамагчы стварыць новае пакаленне ўстойлівых да спякоты кававых раслін з цудоўным водарам.
Але і сама вузкаліставая кава зараз знаходзіцца пад пагрозай. Яна расце ў трох краінах — Сьера-Леонэ, Гвінеі і Кот-д'Івуары, дзе існуе вялікая праблема знікнення лясоў. Таму і вузкаліставай каве як расліне зараз пагражае выміранне.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары