Ажаніўся ў 50 гадоў, яму прысвяцілі рэп… 11 фактаў пра Зянона Пазняка, якому спаўняецца 75 гадоў

24 красавіка святкуе 75-годдзе Зянон Пазняк. Правільна ён дзейнічаў ці памылкова — пра гэта спрачаліся аналітыкі і будуць спрачацца гісторыкі. Адно бясспрэчна: без Пазняка немагчыма ўявіць беларускую гісторыю найноўшага часу
Старэйшае пакаленне памятае раскацістае «Дэпутат Пазняк!» у зале Вярхоўнага Савета, шматтысячныя акцыі на мінскіх праспектах. Пазняк дагэтуль палярызуе: адны лічаць яго прарокам, да якога нацыя яшчэ не дарасла, другія — папулістам і дэмагогам, трэція — этнічным нацыяналістам-фундаменталістам. Пазняк ужо чвэрць стагоддзя не жыве ў краіне, але нават Лукашэнка згадваў яго, не называючы імя, у апошняй «Вялікай размове».
Для маладзейшага пакалення Пазняк — больш легенда, чым рэальная асоба. НН прапануе некалькі фактаў пра Зянона Пазняка.
Ніколі не бачыў бацькі
Зянон Пазняк нарадзіўся ў вёсцы Суботнікі (цяпер Івейскі раён Гродзенскай вобласці) ў 1944-м, яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Ягоны бацька, Станіслаў Янавіч Пазняк, прызваны ў савецкае войска, загінуў на фронце ў снежні 1944-га, праз 8 месяцаў пасля нараджэння сына. А ў 1945-м згарэў у танку і яго дзядзька Ясь, мацерын брат.

Зянона выхоўвала маці Ганна Яўхімаўна, ён быў вельмі блізкі з ёй усё жыццё.
У школе быў непаслухмяны
«Яго дырэктар за рукаво цягнуў у настаўніцкую, а Пазняк ўчапіўся за парту і разам з партай ехаў. Яго тады нават выключылі на два тыдні… Вучыўся ён, вядома, вельмі добра. Чытаў і Маркса, усё чытаў. Але не слухаўся», — успаміналі ў размове ў «Нашай Нівай» аднакласніцы Зянона.
Як згадваў сам Пазняк, у пасляваенных заходнебеларускіх Суботніках мала хто з вучняў па добрай волі ішоў у піянеры, а ў камсамол ён падаў заяву толькі каб атрымаць атэстат. Паступіўшы ва ўніверсітэт, адразу выкінуў камсамольскі білет.

Мог стаць кінаакцёрам
Зянон марыў вучыцца на астранома — зоркі захаплялі яго. І пасля школы паехаў у Маскву паступаць на гэтую спецыяльнасць. Але не вытрываў чужога моўнага і ментальнага асяроддзя, вярнуўся ў Мінск. Ён паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут, адкуль яго двойчы выганялі за перакананні. Першы раз — на другім курсе з акцёрскага аддзялення. Другі раз — з мастацтвазнаўчага аддзялення, перад самым выпускам. Аднавіцца ўдавалася дзякуючы, сярод іншага, заступніцтву народнага паэта Беларусі, камуніста, былога палітвязня Максіма Танка.
Пазняк не шкадуе, што не ўдалося стаць акцёрам: «Акцёр — чалавек несвабодны».
Блізка ведаў Караткевіча
Беларускі інтэлектуальны асяродак у Мінску 1960-х быў зусім малы — цяжка было знайсці «сваіх». Гісторык Міхась Чарняўскі ўспамінаў, напрыклад, што Пазняк пазнаёміўся з ім, пачуўшы выпадкова беларускую мову з яго вуснаў.
Зянон блізка ведаў Уладзіміра Караткевіча: на яго 35-годдзе адшукаў у архівах невядомае раней фота Каліноўскага, павялічыў і падарыў пісьменніку з дарчым надпісам: «Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці». У дзённікавых запісах Караткевіч называў Пазняка «маладым здольным хлопцам».

Класны фатограф
«Я — фатограф. Калі мяне звольняць з працы, я пайду, пад касцёл сяду, буду рабіць фотаздымкі бабак, яны мне будуць за гэта яйкі з салам даваць. Я пражыву», — казаў Пазняк Міхасю Чарняўскаму, калі яны, маладыя навукоўцы-дысідэнты, мелі праблемы з працаўладкаваннем.
Мы часта глядзім на здымкі, якія склалі класіку беларускай фатаграфіі і не ведаем, што яны — Зянона. Вось напрыклад:




Прыдумаў слова «Курапаты», каб выкрыць фальсіфікацыі
Гісторыя нацыянальнага некропаля пачалася ўлетку 1988-га, калі Пазняк з інжынерам Яўгенам Шмыгалёвым апублікавалі ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Курапаты — дарога смерці».

Той факт, што каля самага Мінска знаходзіцца вялізная брацкая магіла ахвяраў сталінскіх злачынстваў, ускалыхнуў грамадства. Спецслужбы скора «знайшлі» дакументы, згодна з якімі расстрэльвала ў «Курапатах» не НКВД, а нацысты ў час вайны. У адказ Пазняк дастаў доказы, што сапраўдных дакументаў са словам «Курапаты» быць не можа: ён першы так назваў гэтае ўрочышча. У 1930-я лясок паміж вёскамі Зялёны Луг і Цна Ёдкава, дзе расстрэльвалі людзей энкавэдысты, не меў назвы.
А пры канцы 1988-га, на Дзяды, урочышча Курапаты стала месцам першай масавай акцыі пратэсту.

Стварыў Народны Фронт і павёў барацьбу за незалежнасць
У тым самым 1988-м Зянон Пазняк узначаліў Беларускі Народны Фронт — БНФ. І на доўгія гады гэтая абрэвіятура стала імем назоўным для любой непадкантрольнай уладам апазіцыйнай дзейнасці ў Беларусі.

Менавіта Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання ўтварыла ценевы ўрад, якім кіраваў Пазняк. Яна раскалыхвала дэпутацкае «балота» і дамаўлялася з камуністамі, прабіваючы законапраекты пра незалежнасць, дзяржаўны статус беларускай мовы, змену савецкай сімволікі на нацыянальную.
Ажаніўся ў 50 гадоў
У 1994-м, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Зянон Пазняк заняў трэцяе месца, ён ажаніўся з аднапартыйкай Галінай Вашчанка. Для 50-гадовага Пазняка гэта быў першы шлюб.

Чаму раней не знайшлося пары? Гэта было абумоўлена спецыфічнымі ўмовамі, у якія трапілі беларускія патрыёты ў 1960—70-я: «Практычна ўсе маладыя жанчыны з вышэйшай і сярэднеспецыяльнай адукацыяй (савецкі клас інтэлігенцыі) стоадсоткава былі зрусіфікаваныя. Ніхто з іх не гаварыў па-беларуску, — успамінаў Пазняк. — Для нас, маладых інтэлігентаў, гэта была сапраўдная жыццёвая трагедыя, банальная і прымітыўная — проста немагчыма было дабраць сабе пару. Пасля першага яе пытання — «почему разговаріваете по-белорусскі» — было другое: «зачем этот белорусскій язык?» Пасля другога трэцяе, такое ж. А потым пачынаўся галаўны боль».
Хоць сімпатыі, вядома, былі. Так, аднакласніцы згадвалі гімнастку Ядзю, якую ён кахаў у школе, а сябры ў маладосці хацелі яго ажаніць з дачкой Максіма Танка.
Выйграў суд у Лукашэнкі
Гэта адбылося ўжо ў часы, калі Аляксандр Лукашэнка быў прэзідэнтам. У студзені 1995-га, пасля ўварвання расійскіх войскаў у Чачню, Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выступіла ў падтрымку народа Чачні. Лукашэнка ў адказ заявіў, што Пазняк заклікае беларусаў ехаць ваяваць. Пазняк злавіў яго на слове і падаў у суд. Вярхоўны Суд прызнаў рацыю Пазняка і абавязаў Лукашэнку абвергнуць сказанае і выбачыцца. Зроблена гэта не было.

Зянон з Галінай выехалі з Беларусі ў 1996-м, калі ўзнікла пагроза жыццю лідара БНФ. Яны ўжо чвэрць стагоддзя жывуць у Варшаве.


Яму прысвяцілі рэп
Іранічны «Зянон-хоп» з’явіўся ў 2006-м, пасля разгону Плошчы і разгрому апазіцыйных асяродкаў, на тле ўсеагульнай дэпрэсіі. Ён быў апублікаваны ў ананімнай старонцы ў інтэрнэце і дагэтуль невядома, хто яго склаў. Напісаны па-расейску, перасыпаны мацюкамі, ён ствараў каларытны і пазітыўны (наколькі можа быць пазітыўны ў рэпе гангстар) вобраз Зянона — супермэна, які прыйдзе і выратуе Беларусь ад дыктатуры:
— Руки за голову! — Как бы не так!
Врагу не сдается гордый Пазняк.
Предъявить документы? Да … я вас в рот!
Цель визита? Государственный переворот.
Какое гражданство? … совсем?
Что с собой? Так, …: два АК 47.
На стволах гравировка: «Радзіма. Свабода».
Резко валит с двух рук всю бригаду уродов,
Пять секунд, …, и цуд некранутай прыроды,
тишина и спокойствие на границе.
… и гэбня, начинайте молиться.
і г.д.
Сам прататып такога рэспекту ад маладога пакалення не ацаніў. Пазняк сказаў, што каментаваць «Зянон-хоп» у культурным таварыстве немагчыма дзеля мацюкоў.

Што трэба, каб вярнуўся ў Беларусь?
На гэтае пытанне Зянон адказвае каротка: «Ён павінен сысці».

-
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
-
«Нават калі на чэрапе будзе напісана «Вітаўт», мы не паверым». У Вільні пачынаюць свідраваць сцяну катэдры ў пошуках магілы вялікага князя
-
«Чаму беларусы нас не абаранілі?» Шукеловіч расказаў малавядомую гісторыю сям’і Багушэвіча
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары