Гісторыя44

Каштэлі, ранэты, пепінкі: усё пра старыя беларускія сады і сарты. І дзе іх купіць

Каштэлі, штрыфель, літоўская ранэта, шарая ранэта, малінаўка, глогераўка, пепінка — пра гэтыя сарты нам расказваў чалавек, які ведаў пра яблыкі больш за ўсіх, — светлай памяці доктар сельскагаспадарчых навук Зоя Казлоўская.

Беларускі сінап лічыцца першым сортам навуковай беларускай селекцыі. Муж і жонка Аляксей і Эма Сюбаравы стварылі гэты гібрыд пепіна літоўскага і антонаўкі.

Раней садоўніцтва для Беларусі мела большае значэнне, чым сёння. Нямецкі садавод А. Янсан, які наведаў Расійскую імперыю ў канцы ХІХ стагоддзя, сцвярджаў, што, калі ў Мінскай і Магілёўскай губернях здымалі яблыкі — цэны на іх зніжаліся па ўсёй Еўропе. Добрае геаграфічнае становішча дазваляла краю быць адным з галоўных пастаўшчыкоў яблык у расійскія сталіцы, асабліва ў Пецярбург. А калі пачынаўся сезон беларускіх паставак — рэзка падала патрэба ў заходніх.

Садовы бум здарыўся ў нас на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. У канцы ХІХ-га на Беларусі налічвалася 11,5 тысячы гектараў саду, а ў пачатку ХХ стагоддзя — ужо 20 тысяч. Пераважалі ў іх антонаўка, цітаўка, баравінка, штрыфель, белы наліў, валошка, пепінка літоўская (англійскі пепін), цукровы літоўскі, святаянскі (на Случчыне). У шляхецкіх сядзібах вырошчвалі і паўднёвыя сарты: бельфлёр жоўты, бойкен, штэцінка чырвоная, данцыгскі рабрысты, крансельскі празрысты, ранэт ландсбергскі.

Адносная блізкасць да паўночнай сталіцы стымулявала прамысловае садоўніцтва нават у не вельмі, здавалася б, цёплых Полацкім, Лепельскім, Аршанскім паветах. Што датычыць паўднёвых Слуцкага, Мазырскага, Рэчыцкага, Магілёўскага, Гомельскага паветаў, дык іх лідарства ў вытворчасці таварных яблыкаў на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў выглядае цалкам лагічным.

Развіццю ў Беларусі садоўніцтва, як і жывёлагадоўлі, даў моцны штуршок сусветны аграрны крызіс 1880­-х, які зрабіў вытворчасць збожжа ў многіх рэгіёнах нерэнтабельнай. У выніку за чвэрць стагоддзя (1888—1913) плошча садоў у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі павялічылася амаль удвая — з 11,5 тыс. га да 20 тыс. га. Пераважна гэта былі вялікія «панскія» сады. Сяляне таксама часта мелі некалькі пладовых дрэваў, але больш для ўласных патрэб. Уражвае і сталы рост паставак: у 1900—1902 гадах з беларускіх губерняў вывезлі 653 тысяч пудоў яблыкаў, а ў 1911—1913 — удвая болей. Апроч расійскіх сталіц, як ні дзіўна, беларускія яблыкі актыўна вывозілі ў Варшаву і Лодзь, а таксама ва ўкраінскія Нікалаеў, Адэсу, Екацярынаслаў (сёння Дняпро) — хоць, здавалася б, куды нашым яблыкам да ўкраінскіх. Найбольш славілася прыдняпроўская антонаўка — з-­пад Магілёва і Гомеля.

На пачатку ХХ стагоддзя памолаг Васіль Пашкевіч даследаваў распаўсюджанне сартоў яблыняў у Беларусі. Самымі папулярнымі на той момант былі антонаўка, цітаўка, баравінка, «штрыфель» (штрэйфлінг), белы наліў, валошка, суйслепскі, віргінскі ружовы, апорт, медунічка, серынка, арабка, пепін літоўскі — ён жа «глогераўка», — цукроўка літоўская, святаянскі, бабушкін. На поўдні Беларусі раслі таксама данцыгскі рабрысты, штэцінка чырвоная, бойкен, бельфлёр жоўты, крансельскі празрысты, ранэт ландсбергскі.

Большасць вядомых гатункаў — прадукт шматвяковай народнай селекцыі. Калі цяжка назваць раён узнікнення сорту, яго вызначаюць па ўскосных прыкметах: раёне і ступені распаўсюджання, даўнасці вырошчвання, назве. Так вызначылі, што антонаўка паходзіць з Цэнтральна-чарназёмнай паласы Расіі. Беларусь і Літва, землі былога Вялікага Княства, — радзіма гатункаў баравінка, гарэцкая, каробаўка буйнаплодная, глогераўка, белы салодкі, серынка, белы наліў, цукровы літоўскі.

Каштэля

Дробныя, але вельмі салодкія і сакавітыя каштэлі — незабыўны з дзяцінства смак. Фота zGarden.

Адзін з самых старых сартоў яблыкаў, здаўна папулярны і ў Беларусі. Гэта чыста дэсертныя яблыкі, якія не надта надаюцца на перапрацоўку. Вялікімі аматарамі каштэлі былі кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі і ягоная жонка Марысенька, якія, паводле папулярнай у сучаснай Польшчы легенды, і далі новую назву сорту, які раней называўся вярбоўкай. Нібыта ў адзін год ураджай яблыкаў аказаўся настолькі малы, што ўражаны кароль выгукнуў: «Кosz tylko?» («Толькі адзін кош?») Прысутныя прыдворныя гэтае выказванне падхапілі і панеслі далей у народ. Так, маўляў, сорт і «перахрысцілі» — зразу ў kosztylki, а потым у kosztеlki. Натуральна, сур’ёзна да падобнай легенды ставіцца наўрад ці выпадае.

Сорту ўласцівая пераменная ўраджайнасць, два гады запар ён ніколі не родзіць. З сучаснага пункту гледжання вялікім недахопам з’яўляецца і доўгі перыяд росту дрэў. Чакаць першага ўраджаю трэба 8—12 гадоў. У Беларусі сёння гэты сорт распаўсюджаны перадусім у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, хоць нярэдка расце і ў іншых рэгіёнах. Каштэля дае салодкія, зялёныя, цвердаватыя яблыкі, якія адносна добра захоўваюцца і могуць даляжаць амаль да вясны, хоць часам пачынаюць гніць з сярэдзіны. Некалі яны былі ці не самым салодкім з масавых сартоў на нашым рынку, часам іх называлі яшчэ «польскі цукровы». Мая жонка, якая родам з Баранавічаў, памятае іх з дзяцінства як самыя смачныя яблыкі з тых, што раслі на падворку.

Цікава, што ў Расіі каштэля зусім невядомая, і ў інтэрнэце лёгка знайсці гісторыі, як беларусы здзівілі яе смакам сваякоў або сяброў з­-за ўсходняй мяжы.

Сорт Памяць Сікоры названы ў гонар селекцыянера з Полаччыны Івана Сікоры, які вывеў 500 сартоў яблынь і 100 — ігруш. Сікора быў таксама актывістам нацыянальнага руху, а ягоны сын Віктар — арганізатарам антысавецкага партызанскага атрада.

Пепін літоўскі, або Глогераўка

Гэты сорт сёння ў нас не такі папулярны, а вось ягоны нашчадак, беларускі сінап, выведзены ў 1929 годзе гібрыд глогераўкі і антонаўкі, афіцыйна лічыцца першым сортам уласна беларускай селекцыі. Вывелі яго муж і жонка Аляксей і Эма Сюбаравы, заснавальнікі селекцыйнай працы ў Беларускім НДІ бульбаводства, пладаводства і агародніцтва ў Самахвалавічах. Сорт атрымаўся ўдалы, устойлівы да пладовых хваробаў. Плады яго буйныя і смачныя, з вялікім утрыманнем пекціну. Гэта цвёрдыя кісла-­салодкія яблыкі акругла-­канічнай формы, зялёныя, з чырванню толькі з сонечнага боку.

Глогераўка. У Германіі яна была вядома пад назвамі Kleiner Steinpepping, Litauischer Pepping.

«Хросным бацькам» глогераўкі быў Ян Глогер, бацька славутага польскага этнографа і гісторыка, аўтара «Старапольскай энцыклапедыі» Зыгмунта Глогера. У сваім маёнтку Ежава на Падляшшы ён вёў узорную гаспадарку, у тым ліку меў невялікі, але славуты далёка за межамі рэгіёна піўны бровар і выдатны сад. Праўда, у 1890­-х Зыгмунт Глогер адмаўляў, што менавіта ягоны бацька сам вывеў новы сорт. Нібыта ён адкрыў яго выпадкова, пакаштаваўшы ў адной з падляшскіх вёсак. У кожным разе, неаспрэчная заслуга Яна Глогера ў распазнанні патэнцыялу сорту і шырокім распаўсюджанні саджанцаў (гаспадар рассылаў іх сябрам і знаёмым). Сорт ад пачатку атрымаў шырокую вядомасць у Германіі, але ў першую чаргу — на Падляшшы і на Віленшчыне.

Белы наліў

Белы наліў — раннія яблыкі.

Адзін з самых вядомых сартоў шырокае распаўсюджанне атрымаў у канцы ХІХ стагоддзя. Яго размнажэннем і распаўсюдам займаўся садоўнік М. Вагнер, уладальнік саду пад Рыгай. У 1850—1860-­я гады ён масава адпраўляў саджанцы ў Германію, Францыю і Англію. Хутчэй за ўсё, менавіта Вагнер быў аўтарам нямецкай назвы яблыка Weisser Klarapfel. Сёння гэта — адзін з найбольш распаўсюджаных у Паўночным паўшар’і яблычных сартоў.

Сучасная расійская назва, паводле якой ведаюць гэты яблык у нас, — не першая. Да рэвалюцыі яго называлі папяроўкай (бо спелы яблык белы, бы папера), а таксама аліўкай інфлянцкай. Інфлянты — гэта тэрыторыя сучасных Латвіі і Эстоніі, некалі землі Лівонскага ордэна, а пасля — супольнае валоданне Польшчы і ВКЛ. У часы Расійскай імперыі частка рэгіёна ўваходзіла ў Віцебскую губерню. Мясцовая шляхта нямецкага паходжання мела высокі ўзровень гаспадарчай культуры і аказвала прыкметны ўплыў на Літву і Беларусь.

Цукроўка літоўская

Была шырока распаўсюджана на Віленшчыне, Ковеншчыне і Віцебшчыне на пачатку ХХ стагоддзя. Селекцыянер Уладзіслаў Смарджэўскі ў 1917-­м пісаў пра вельмі старыя дрэвы гэтага сорту, узростам каля 80-­ці гадоў. Славуты памолаг, прафесар Адам Грабніцкі­-Дактаровіч, ураджэнец Ушаччыны, успамінаў, як малым хлопцам (у 1860-­х) бачыў гэтыя яблыкі ў садзе свайго дзядзькі Антонія ў маёнтку Туросы (сучасны Ушацкі раён) — ледзь не адзінага таварнага саду на тэрыторыі Белай Русі на тыя часы. Магчыма, гэты сорт і выведзены на тэрыторыі Беларусі? І ці не гэтыя яблыні намаляваў Фердынанд Рушчыц на вядомай карціне «Старыя яблыні»?

Фердынанд Рушчыц. «Старыя яблыні».

Старыя сарты: каштэлі, штрыфель, літоўская ранэта, шарая ранэта, малінаўка, глогераўка, пепінка — усё можна купіць у Інстытуце садаводства ў Самахвалавічах. «Мы размнажаем усё, у калекцыях больш за 1000 сартоў!» — з гонарам расказвала «Нашай гісторыі» доктар сельскагаспадарчых навук Зоя Казлоўская.

Шарая ранэта — стары сорт з характэрнай шарай, нібы парэпанай скуркай.

Зоя Аркадзеўна загадвала лабараторыяй генетычных рэсурсаў пладовых, арэхаплодных культур і вінаграду Інстытута пладаводства ў Самахвалавічах. Яна была апошняй аспіранткай легендарнай Эмы Сюбаравай (1897—1983), якая разам з мужам вывела 124 сарты пладовых культур, у тым ліку 24 яблыні, сярод іх страшна папулярныя ў нашай краіне Антэй, Бананавы, Беларускі малінавы.

Патрабаванні да сучасных сартоў высокія: яны маюць быць ураджайныя — не менш за 30 тон з гектара, рана пачынаць радзіць — ужо ў 3—4 гады, яблыкі маюць быць не дробныя — важыць не менш за 150 г і добра ляжаць.

The last but not the least, цяпер усе хочуць яблыкі з дэгустацыйнай адзнакай, не меншай за 4,5. Што такое дэгустацыйная адзнака, як яе вызначаюць? Гэта адзнака смаку. Збіраюцца 10 чалавек, спецыялісты памалагічнай камісіі з розных аддзелаў нашага інстытута, рэжуць адзін плод, другі — і ацэньваюць, расказвае спадарыня Зоя. Але і смак — яшчэ не ўсё. Рынак, фермеры цяпер хочуць сарты, устойлівыя да хвароб, шкоднікаў і замаразкаў.

Найбольш запатрабаваныя беларускія сарты апошняга часу: Алеся, Антэй, Беларускі салодкі, Весяліна, Вербны, Дарунак, Імант, Надзейны, Лучазарны, Заслаўскі, Поспех, Сябрына, Памяць Каваленкі, Памяць Сюбаравай, Чараўніца.

Зоя Казлоўская. 

Дарунак — гасцінец для ўсіх тых, хто любіць яблыкі, Зорка — бо чырвоная афарбоўка і ў значэнні ўсяго добрага. Сорт Надзейны хацелі назваць Надзея, але аказалася, што ўжо ёсць такая капуста, прыйшлося мяняць.

У самой Зоі Аркадзеўны была цудоўная беларуская мова, яна была родам з самага сэрца Беларусі, яе вёска Крапачы знаходзіцца паміж Баранавічамі і Наваградкам. Сваёй вёсцы Зоя Казлоўская прысвяціла новы сорт. «У нас у вёсачцы землі былі камяністыя, людзі вынослівыя, крэпкія, таму і называецца старажытным словам Крапачы. І сорт я назвала ў гонар вёсачкі — Крапач».

Кожны сорт праходзіць дзяржаўныя выпрабаванні гадоў 5 — пакуль здымуць тры ўраджаі. Раней і па 10 гадоў чакалі, расказвала спадарыня Зоя. 

Сарты, якія маюць гены імунітэту да паршы, лічацца самымі надзейнымі. З сучасных сартоў гэта Беларускі салодкі, Белана, Дарунак, Дыямент, Поспех, Надзейны, Нававіта, Сакавіта, Сябрына, Імант. Са старых — гэта антонаўка і штрыфель. Моцна шкодзіць парша ў садах, што ствараліся ў 80-я гады, дзе пераважаюць папулярныя тады гатункі Спартан, Аўксіс, Беларускі малінавы, Айдарэд, Лоба. Цяпер у Інстытуце пладаводства выводзяць сарты, якія здолеюць процістаяць ракавым захворванням кары і драўніны.

Як набыць саджанец, можна даведацца на сайце інстытута belsad.by.

Каментары4

  • Пчалавод
    21.07.2024
    Где эти яблоки продаются? Их нет в рознице
  • Gorliwy Litwin
    21.07.2024
    Пчалавод, дык пра гэта ж і артыкул. Што "забілі" на старыя гатункі, не культывуюць, толькі дзе-нідзе прыватныя сямейныя сады. А гэта ж скарб і культурны і гастранамічны. Ну, зрэшты, Белы Наліў з ліку згаданых то мабыць не рэдкасць
  • Анфиса
    22.07.2024
    Gorliwy Litwin, время прошло, ситуация на рынках сильно поменялась, и былого уже не вернуть. Наибольшее развитие садоводство как отрасль получило уже при советской власти, перед войной. Тогда же впервые была поставлена систематическая работа по товарному садоводству, селекция, агрономия и тд. Сюбаров, кстати, был учеником Вавилова, и первое опытное учреждение по садоводство было открыто в Лошице как филиал российского НИИ, и уже позже стало самостоятельной единицей.

Цяпер чытаюць

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў29

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў

Усе навіны →
Усе навіны

Тром мінчанкам далі па 8‑9 гадоў па справе дваровых чатаў6

Трамп абвінаваціў Зяленскага ў піяры: Украіна нічога не зрабіла на Блізкім Усходзе11

Tesla выводзіць на рынак свой рэвалюцыйны электрычны грузавік Semi. Асабліва здзіўляе кабіна

«Гнюсь пануе над краем». Уладзімір Някляеў прысвяціў верш Кацярыне Андрэевай3

Бензавоз узарваўся ў выніку ДТЗ у Растоўскай вобласці Расіі. Ёсць загінулыя2

Кашалёк з сюрпрызамі. Ці зможа X Ілана Маска стаць супердадаткам для ўсяго?5

Офіс Ціханоўскай чакае пацвярджэння ўкраінскага боку наконт візіту ў Кіеў на наступным тыдні1

Капітан зборнай Марока адмовіўся ад трафею Кубка Афрыкі паcля парады маці2

Рыта Дакота анансавала канцэртны тур для эмігрантаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў29

Сям’я з Расіі ганяла па Беларусі на касмічнай хуткасці, а цяпер ганарыцца колькасцю аплачаных штрафаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць