Культура11

Нетыповы апостал з пеўнем. У Беларусі ўратавалі ўнікальны абраз, звязаны з мастацкай школай Балонні

Пасля шматгадовай і надзвычай складанай рэстаўрацыі ўратаваны старадаўні абраз пакаяння святога апостала Пятра. Неўзабаве твор зойме сваё месца ў касцёле ў Новым Свержані. Знаходка ўражвае не толькі майстэрствам рэстаўратара, які літаральна выцягнуў жывапіс з таго свету, але і сваёй нетыповай іканаграфіяй, якая знаходзіцца толькі ў Італіі.

Фрагмент абразу «Пакаянне Святога Пятра» з Новага Свержаня пасля рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах

Пра завяршэнне працы паведаміла парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах, на чале якой стаіць ксёндз Ігар Лашук. Над аднаўленнем палатна шмат гадоў працаваў беларускі рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч. Мяркуючы па фотаздымках «да», твор знаходзіўся ў катастрафічным стане: аўтарскі жывапіс панёс вялікія страты.

Стан абраза з Новага Свержаня да рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах
Твар на абразе падчас рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах

Нетыповы Пётр і сімвал пеўня

Сюжэт абраза адсылае да вядомага евангельскага эпізоду, які ў заходнееўрапейскім мастацтве часта называюць Gallicantu (ад лацінскага — «спеў пеўня»). Ён ілюструе момант найвышэйшага духоўнага пералому апостала Пятра, які тройчы адрокся ад Хрыста да таго, як заспяваў певень, а пасля, успомніўшы прароцтва Настаўніка, горка заплакаў.

«Пакаянне Святога Пятра» працы Жэрара Сегерса. 1625 — 1629. З калекцыі Эрмітажа. Фота: Wikimedia Commons

Аднак найбольшую цікавасць уяўляе не сам сюжэт, бо ён быў даволі папулярны ў эпоху барока, а кампазіцыйнае рашэнне. Звычайна ў мастацтве таго часу, напрыклад, на вядомай карціне Жэрара Сегерса, Пятра малявалі ў класічнай позе малітоўнага экстазу: прыпалым на калена або са счэпленымі ў малітве рукамі, паднятымі да грудзей.

Абраз «Пакаянне Святога Пятра» з Новага Свержаня пасля рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах
Рукі апостала, счэпленыя ў замок на калене, а не ў малітоўным эсктазе. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах

На свержанскім жа абразе мы бачым зусім іншага, максімальна чалавечага і нават нефармальнага Пятра. Ён сядзіць, закінуўшы нагу за нагу, яго рукі не ў малітве, а счэпленыя проста на голай назе. Твар святога, пакрыты маршчынамі, звернуты ўгару, у вачах — нямое пытанне да Нябёсаў. 

Балонская школа

Парафія зважае на тое, што падобны па іканаграфіі абраз ёсць у сталіцы Славеніі — Любляне. Сапраўды, у Нацыянальнай галерэі Славеніі захоўваецца палатно першай паловы XVII стагоддзя «Пакаянне святога Пятра», аўтарства якога прыпісваюць невядомаму майстру Балонскай школы, імаверна, паслядоўніку Ладавіка Карачы або Алесандра Тыярыні. 

«Пакаянне Святога Пятра» працы невядомага мастака. Балонская школа (?), першая палова XVII стагоддзя. З калекцыі Нацыянальнага музея Славеніі. Фота: ng-slo.si

Пры параўнанні славенскага экспаната і свержанскага абраза іх сваяцтва становіцца відавочным. Супадае і агульная канцэпцыя: фігура святога ў плашчы, які сядзіць з аголенымі нагамі, счэпленыя ў замок пальцы рук.

Але што самае цікавае, дык гэта твар апостала Пятра: нахіл галавы, выраз вачэй, форма барады, гульня светлацені на шчоках і на шыі — на беларускім палатне яны амаль ідэнтычныя італьянскаму арыгіналу, быццам змаляваныя з яго. 

Адрозненні палягаюць толькі ў дэталях кампазіцыі. На балонскай карціне Пётр закінуў нага на нагу інакш, а певень сядзіць на абломку калоны злева, а не ў ценю справа, як на беларускім палатне. Таксама змянілася драпіроўка адзення.

Твар Святога Пятра на абразе з Новага Свержаня пасля рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах
Падобна, што беларускі абраз не проста мае падобную іканаграфію з італьянскім абразом, але наўпрост паўтарае яго, хоць і менш прафесійна, як у выпадку з тварам апостала Пятра. 

Такія падабенствы — не выпадковасць, але гэта не значыць, што ў Новым Свержані вісіць арыгінал італьянскага майстра. У XVII—XVIII стагоддзях гэты сюжэт мог патрапіць у Вялікае Княства Літоўскае праз гравюры, зробленыя па італьянскіх палотнах. Але рэдкасць менавіта такога варыянту паставы апостала наводзіць на думку, што ў выпадку з абразом з Новага Свержаня пераемнасць магла быць без графічных пасярэднікаў.

Дзякуючы працы рэстаўратара Аляксандра Лагуновіча твор вярнуў свае першапачатковыя колеры і выразныя рысы і неўзабаве вернецца ў касцёл Святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • tf
    22.03.2026
    [Рэд. — Дзякуй за заўвагу]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА4

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

Магчымы мокры снег. Сіноптыкі прагназуюць абвал тэмпературы на 12—15 градусаў1

Кім Чэн Ын сустрэў Лукашэнку ганаровай вартай на белых конях10

Орбан заявіў, што спыняе пастаўкі газу ва Украіну

«Лукашэнка любіць лаяцца матам, ты лаешся ў адказ. А гарэлку я выліваў на падлогу». Коўл распавёў пра візіты ў Мінск42

Вялікая сума наяўных грошай, паўтысячы патронаў. Што вядома пра справу затрыманага ў Харкаве беларуса-добраахвотніка7

OpenAI закрывае Sora — нейрасетку для генерацыі кароткіх відэа

У Запарожжы ўзнагародзілі ваяроў Палка Каліноўскага1

У Жлобіне згарэў МАЗ ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА4

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць