«Праца прапагандыстаў наўрад ці чысцейшая за нашу». Экс-палітвязні адкрылі ў Варшаве свой клінінг — як пайшло?
Павел Лукаянаў валодаў у Беларусі сэрвісным цэнтрам па рамонце тэхнікі, Дзмітрый Канапелька быў уладальнікам і дырэктарам IT-кампаніі. Абодвух асудзілі па артыкулах аб масавых беспарадках пасля выбараў-2020. У бабруйскай калоніі яны і пазнаёміліся. А пасля адбыцця пакарання амаль адначасова, не згаворваючыся, пераехалі ў Варшаву.

У канцы 2025 года Дзмітрый і Павел запусцілі ў эміграцыі ўласны бізнэс — клінінг «BoberDober» — свой праект стаў адказам на немагчымасць хутка ўладкавацца на працу ў чужой краіне без ведання мовы.
З таго моманту ў хлопцаў з’явіліся сталыя кліенты, а іх паслугі прарэкламавала Святлана Ціханоўская. Пагутарылі з імі пра складанасці ў бізнэсе, канкурэнцыю, самыя брудныя заказы і прапагандысцкую страшылку пра мыццё туалетаў панам.
Дзмітрый Канапелька — фігурант справы валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі. Яго арыштавалі ў верасні 2020 года і абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, прысудзілі пяць год зняволення. Павел Лукаянаў правёў за кратамі чатыры гады. Быў арыштаваны ў чэрвені 2021 года па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках.
«У беларучак мы не гуляем»
Мы сустракаемся ў новым шэлтары для экс-палітвязняў, які ў беларусаў атрымалася займець дзякуючы намаганням Ганны Федаронак і камандзе. Новы домік амаль удвая большы за мінулы, мае ўтульную зялёную зону, месца пад уласны парнік, два санвузлы і дзве кухні, а гэта значыць, тут змогуць з большым камфортам размяшчаць тых, хто вымушана бяжыць ад рэпрэсій на радзіме ці дэпартуецца адразу з турмаў.
Адкрыўшы клінінгавую кампанію, хлопцы адразу захацелі аддзякаваць бясплатнай прыборкай першаму шэлтару, у якім самі жылі першыя, самыя складаныя месяцы пасля пераезду. Але з улікам наваселля «бабры» прыехалі са сваім абсталяваннем і прафесійнай хіміяй ужо ў новы дом.

Як у сапраўднай камандзе, у Паўла і Дзмітрыя пануе размеркаванне абавязкаў. Першы займаецца сацсеткамі і настройкай рэкламы, другі — адказны за сайт і дакументацыю. Але заказы прымае кожны з іх, як і выязджае на іх. Тым больш сёння ў іх камандзе сем чалавек — чатыры клінеры, бухгалтар плюс непасрэдна самі заснавальнікі.
«Хацелася б толькі камандаваць!», — жартуюць суразмоўцы. «Але ёсць рэчы, якія нашым дзяўчатам [пакуль у калектыве толькі жанчыны] складана рабіць — мыццё вокнаў, напрыклад, ці хімчыстка. Ну, ці бывае заказ, дзе трэба памыць дзесяць вокнаў, і ты проста далучаешся і дапамагаеш. У беларучак мы не гуляем. Ды і не такі гэта бізнэс, дзе можна стартаваць з пазіцыі «дырэктара ў пінжаку». Трэба самому зразумець увесь працэс: колькі часу займае прыбіранне, якія сродкі лепш працуюць, праверыць якасць прыборкі».
«Колькі б грошай у цябе не было на старце, усё роўна прыйдзецца ва ўсім разбірацца — ад рэкламы да самога клінінгу. Бо дзе ты знойдзеш дасведчаных клінераў сабе адразу, калі ты на рынку яшчэ ніхто?»
Хлопцы кажуць, што знайсці добрага клінера — гэта, бадай, самы галоўны выклік. Яны б і радыя былі плаціць супрацоўніку сярэдні польскі заробак, але з тых рэзюмэ, што ім дасылаюць, даверыць прыборку па факце можна толькі маленькаму працэнту кандыдатаў. У тым ліку па гэтай прычыне ў іх пакуль чатыры пастаянныя клінеры, прычым усе яны — з Беларусі. Кажуць, у беларусаў самы зразумелы і высокі стандарт чысціні.
Між іншым, частка каманды — таксама з ліку былых палітвязняў.

«Працэнтаў 10‑15 кліентаў складаюць індусы»
Хоць дома Павел і Дзмітрый ад прыбірання ніколі не адлыньвалі, з прафесійным клінінгам гэта і блізка не параўнаць — шмат чаму прыйшлося вучыцца з нуля.
«Напрыклад, з хімчысткай я паглядзеў стос відэа на YouTube — ад рэкамендацый блогераў да навучальных ролікаў. Тэсціравалі ўсё на мэблі і дыванах дома. І з кожным новым заказам ты пашыраеш досвед, — расказвае Павел. — Ужо першы наш заказ хімчысткі быў з пытаннем пра сушку. Канапа пасля яе сохне гадзін дванаццаць, а з вентылятарам — тры-чатыры. Плюс калі паверхня мэблі не высахне своечасова, можа пачаць прэць ці гніць. Таму мы адразу дакупілі вентылятар».
У добры месяц «Бабры» могуць закрываць каля 50‑70 заказаў. Сярод іх стабільна ёсць пастаянныя. Здараецца даваць рады і вельмі аб’ёмным выклікам, куды прыходзіцца ездзіць учатырох.
«Самы складаны заказ для нас пакуль, відаць, быў у грузінскім рэстаране. Раз на месяц мы робім ім генеральнае прыбіранне. У іх днямі працуе кухня, і зразумела, што духоўкі і грыль ніякія «Фэйры» не возьмуць — патрэбная моцная хімія і пацерці актыўна. Увогуле сутыкаешся з такой колькасцю паверхняў, што абмежаванай колькасцю сродкаў не абыдзешся. Мы пачыналі з пяці назваў, а зараз у нас ужо каля 20».

«Быў яшчэ нядаўна заказ пасля рамонту», — згадвае Дзмітрый. «Будаўнікі там усё зацягнулі, мэбля на кухню стаяла запакаваная ў гаражы. А ў кліента жонка цяжарная, ім трэба было заязджаць, а ў доме ўсё ў пыле, пры гэтым рамонт працягваецца. Мы там учатырох цэлы дзень працавалі: і прыбіралі, і мэблю цягалі, і тэхніку. Пральныя машыны, халадзільнік, сушылку на другі паверх неслі. Гэта ўжо больш як дапамога была, а не проста клінінг. Хацелася людзям дапамагчы».
За час працы клінеры паспелі наглядзецца і на моцна забруджаныя кватэры — дзе сметніцы выраслі побач з ложкамі, санвузлы — у плямах, а падлога нібыта пакрытая пластом тлушчу.
«Смецце і бруд — гэта не страшна, але вось пах на падобных аб’ектах, канечне, непрыемны».

Каля 30% кліентаў «BoberDober» зараз — гэта беларусы, украінцы і палякі. Яшчэ каля 30% складаюць «мультымоўныя» — гэта могуць быць, як амерыканцы, так і англічане, розныя рэлаканты з сусветных карпарацый, якім трэба дапамагчы забраць заклад за кватэру пры высяленні.
«Працэнтаў 10‑15 кліентаў складаюць індусы. Нехта звык бачыць іх у дастаўцы, але ў Польшчы жыве шмат высакакласных спецыялістаў з Індыі — айцішнікаў, работнікаў банкаў са сваімі дамамі пад Варшавай».


«Нам не сорамна прызнаць памылку»
У адрозненне ад некаторых канкурэнтаў, «BoberDober» адразу зрабілі стаўку не на колькасць заказаў, а на якасць.
«Так, у нас цэны крыху вышэйшыя за сярэднюю, але мы адказваем за якасць. У нас такое правіла, што ў канцы прыбірання мы ідзем з кліентам і ўсё паказваем, правяраем. Нават калі кажуць: «Ай, ключы ў паштовую скрыню закіньце», — мы просім прыехаць на месца і ўсё праглядзець.
Бо калі нам праз тыдзень патэлефануюць і скажуць, што мы дрэнна прыбралі, то невядома будзе, за кім праўда: за тыдзень можа шмат чаго адбыцца. Для падвышэння якасці мы стараемся пастаянна дакупаць абсталяванне, хімію, імкнёмся заўсёды нешта мадэрнізаваць — карацей, падымаць планку».
Пры гэтым негатыўных водгукаў пазбегнуць усё роўна не атрымліваецца. Месяц таму на гугл-мэпс клінінгу паставілі адну зорку і параілі пазбягаць любой супрацы з кампаніяй.
«Там нават паслуга не была аказаная. Чалавек жыве далёка за горадам, кіламетраў пяцьдзясят. І мы неяк няправільна ацанілі гэтую адлегласць — пацвердзілі спачатку заказ, а потым у апошні момант усё адмянялася. Пакуль мы працуем толькі ў Варшаве і блізкім прыгарадзе — да 30 кіламетраў. Той кліент быў расчараваны, я яго разумею. Нам не сорамна прызнаць памылку — з нашага боку сапраўды быў касяк ва ўзаемадзеянні».

«Мы — аднасядзельцы. Гэта больш, чым сябры!»
Не абыходзіцца і без канфліктаў паміж сабой.
«Агрэсіўныя перамовы ў нас праходзяць увесь час! Крычым, сварымся, спрачаемся, — пасміхаецца Дзмітрый. — Пры гэтым не застаецца нейкай унутранай крыўды, злосці. Гэтаму недзе і турма навучыла. Бо там калі цябе па-сапраўднаму зачапілі, у гэта будуць тыкаць мацней. Таму ты вучышся не эмацыянаваць».
«Калі сябры сварацца, гэта можа надоўга зацягнуцца. А мы — аднасядзельцы, гэта больш! Аднасядзельцы могуць пасварыцца, а далей сядзець футбол глядзець разам. То бок, гэта ўжо іншае стаўленне да сварак», — дадае Павел.
«Наша Ніва»: Што адкажаце прапагандыстам, якія скажуць, што вось паехалі панам польскім унітазы мыць?
Дзмітрый Канапелька: І мы ганарымся гэтым! (пасміхаецца). На мой погляд, усе прафесіі патрэбныя і ўсе важныя. Мы ўсе адзін аднаму аказваем паслугі. Ты прыходзіш да клерка ў банк, і ён аказвае табе паслугу. А клінер пасля прыходзіць да яго. Мы ўсе людзі. І я вось не ведаю, ці з'яўляецца праца прапагандыстаў — накідваць гаўно на вентылятар — больш чыстай за нашу. Наўрад ці.
Пры сённяшніх абаротах бізнэсоўцам хапае грошай на жытло і ўсе побытавыя расходы.
«Гэта не пра багацце, але пра звычайнае забяспечанае жыццё. Бо мы асэнсавана канфіскуем штомесяц частку грошай на глабальнае развіццё — недзе тэлескоп купіць для мыцця вокнаў, недзе новую хімію. І ў нас яшчэ шмат планаў».
Цяпер чытаюць
«Соевыя экстрэмісты павінны адпрацаваць міску клубніц». Скардзіўся на ўмовы працы ў КДБ, а цяпер уцюхвае трэнінгі сілавікам — хто такі Антон Шабуневіч
Каментары