Культура2020

Грамадзянін Расіі стварае музей беларускай шляхты: Павел Падкарытаў — мецэнат года

«Наша Ніва» назвала расійскага бізнэсоўца Паўла Падкарытава (Бераговіча) Мецэнатам года.

Павел з жонкай Вольгай.

Бабуля Паўла па кудзелі паходзіць з Віцебшчыны. Пабралася з рускім, падчас вайны эвакуіравала ў Расію, дзе і засталася. Там нарадзіўся і Павел. А калі трапіў у турму, задумаўся пра свае карані. Навучыўся чытаць па-беларуску. Як прыехаў у Беларусь першы раз, то і загаварыў па-наску. А яшчэ далучыўся да падтрымкі беларускамоўных праектаў. Ён — сярод фундатараў беларускіх кніг, заснавальнік літаратурнай прэміі «Дэбют», сярод ахвярадаўцаў на выкуп Статута ВКЛ… Але найбольшы ягоны праект — рэстаўрацыя сядзібы ХІХ ст. у Ваўкавыскім раёне.

«Наша Ніва»: Калі Вы загаварылі па-беларуску?

Павел Падкарытаў: Калі прыляцеў першы раз у Беларусь. Мы сустрэліся з Уладзімірам Арловым, ён спытаў, на якой мове да мяне звяртацца. Я адчуў спакушэнне — па-расійску мне было б прасцей. Але адказаў, каб размаўляў па-беларуску. Цяпер лаўлю сябе на думцы, што нават у расійскамоўным асяроддзі, здараецца, ненаўмысна пераходжу на беларускую альбо ўжываю асобныя беларускія словы.

А месяцы тры таму я прысніў першы сон, у якім прысутнічала беларуская мова. Мне спадабалася, бо мова складае нейкую частку маіх думак: свядома і падсвядома.

«НН»: Для беларуса матывацыя размаўляць на роднай мове зразумелая. А чым аргументуе сваю пазіцыю расіянін?

ПП: Калі я пачаў цікавіцца Беларуссю, пачаў чытаць па-беларуску. Матывацыя простая: па-беларуску пра Беларусь пішацца найбольш цікава. І не паўстала пытання, на якой мове размаўляе мая Беларусь.

«У мяне сялянскі карані…»

«НН» Расійскі бізнэсовец купіў сядзібу ХІХ стагоддзя ў Беларусі. Проста так?

ПП: Акрамя таго, што мне спадабалася гэтае месца, я заўсёды адчуваю боль, калі цікавыя мясціны, будынкі знаходзяцца ў заняпадзе, руйнуюцца. Але галоўнае, відаць, тое, што праз гэты аб’ект я хачу выказаць свой погляд на тое, якой павінна быць гісторыя Беларусі: ужо не чужая мне, а мо і бліжэйшая нават за расійскую. Гісторыя Беларусі павінна ўключаць у сябе такі складнік, як гісторыя шляхты, прасякнутая духам годнасці. Таму я і музей шляхты хачу зрабіць у адрэстаўраванай сядзібе. Паспрабаваць паспрыяць адраджэнню пачуцця годнасці ў людзей, якія не адносяць сябе да высокага саслоўя, як і я — маю ў Беларусі сялянскія карані.

«НН»: Выдаткавалі 120 тысяч даляраў і яшчэ больш патраціце на рэстаўрацыю без прыкідак атрымаць прыбытак у будучым?

ПП: Стварэнне Музея беларускай шляхты як нейкага артэфакта — справа цалкам дабрачынная. Але мяркую, можна будзе пабудаваць гатэль, кавярню, турыстычны цэнтр з пэўнымі паслугамі адчыніць.

Цяпер мы робім толькі першы крок. Але ўсведамляю, што гэта не павінен быць звычайны музей: памяшканне з шафамі з пыльнымі экспанатамі, дакументамі. Трэба рабіць музей цікавым сучаснаму чалавеку, які валодае інфармацыйнымі гаджэтамі.

«НН»: Мінуў роўна год, як купілі сядзібу ў Падароску. Што за гэты час удалося зрабіць?

ПП: Мы не маем права нічога рабіць, пакуль не зацверджана дакументацыя па рэканструкцыі/рэстаўрацыі. Становішча такое, што ў студзені працу скончаць інжынеры, якія даследавалі стан падмуркаў, сцен, дахаў усіх будынкаў. Мы правялі невялікую кансервацыю.

Мяркую, што вясной пачнём рэстаўрацыю. Спачатку гэта будуць маленькія будынкі. А за палац ужо, відаць, возьмемся нават не ў наступным годзе — праз год.

«Я адшукаў сваю ідэнтычнасць у Беларусі»

«НН»: Вы сябе адчуваеце рускім?

ПП: Як казаў Генрых Гейне, чым больш спазнаю людзей, тым больш люблю сабак.

Я не з’яўляюся прыхільнікам афіцыйнай ідэалогіі маёй радзімы. Гэта стварала для мяне заўсёды пэўныя складанасці. Я пачаў адчуваць унутраную нязгоду з тым, што адбывалася навокал, годзе ў 1987-м. Я ў той час вучыўся ў вайскова-палітычнай вучэльні. Быў перыяд, калі, так бы мовіць, я быў у згодзе з Расіяй. Дзесьці пасля таго, як абрынуўся СССР, пачала будавацца незалежная Расія на чале з Барысам Ельцыным. Але гэта было не вельмі доўга. У гады «позняга» Ельцына я расчараваўся ў ім і яго палітыцы. А калі ў 2000 прыйшоў да ўлады Уладзімір Пуцін, я адразу да яго паставіўся варожа. Чалавек, які не толькі працаваў у КДБ, але і лічыць гэта за гонар, нічога добрага для дзяржавы не прынясе. І сёння я таксама ўпэўнены, што тая палітыка адраджэння расійскай імперскасці, той думкі, што Расію павінны баяцца, — тупіковы шлях.

Я не жыву ў Расіі. Складана адчуваць роднасць з дзяржавай, якая не адказвае тваім памкненням. Можа, спроба адшукаць у сабе беларускія карані ёсць формай эміграцыі з Расіі? Я пра гэта думаў. Я пачаў шукаць сабе іншую ідэнтычнасць і знайшоў яе ў Беларусі.

Можна запярэчыць, што Беларусь не адрозніваецца ад Расіі ў плане дзяржаўнай палітыкі. Але гэта пры ўсіх палітычных недахопах — не імперыя, а яна ўвесь час змагаецца з імперыяй.

«НН»: Вы часта бываеце ў Беларусі, а сям’ю сюды прывозілі?

ПП: Так, і не адзін раз мы былі з жонкай і сынам. Год таму мы спрабавалі нават сплавіцца па Прыпяці. Але вельмі не пашанцавала з надвор’ем: былі моцныя залевы. Але былі ў Берасці, Міры, Нясвіжы…

З сынам Антонам.

«НН»: Родным даводзіцца тлумачыць сваю вялікую любоў да краіны альбо яны ўсё зразумелі?

ПП: Для мяне гэты шлях быў абумоўлены жыццёвымі, гістарычнымі абставінамі. А для Вольгі гэта стала нечаканасцю. Цяпер яна разумее, што для мяне значыць Беларусь. Гледзячы на колькасць беларускіх кніжак на паліцы, яна ўсведамляе, якую частку краіна займае ў маіх жыцці і думках.

Антона паціху прыцягваю да беларускасці. Глядзім разам беларускія мульцікі, слухаем музыку. Часам я гавару з ім па-беларуску, да мяне прыязджаюць беларускамоўныя сябры. Ён прызвычаіўся, каб не бачыць у гэтым нейкія дзівосы. Для яго павінна быць натуральным, што бацька мае беларускія карані, інтарэсы ў Беларусі. І беларус, як я яму цяпер кажу.

«Арыштавалі, а пасля прапанавалі адкупіцца»

«НН»: Павел, пяць гадоў вы знаходзіліся ў ізалятары, дзе і далучыліся да беларушчыны. За што Вас аршытавалі?

ПП: Была спроба рэйдарскага захопу нашага бізнэсу, які стварылі некалькі чалавек. І адзін з нас, наш партнёр, з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу больш магутнай эканамічнай групы спрабаваў адсунуць ад кіравання. Тады былі задзейнічаны ўсе магчымыя афіцыйныя сродкі, якімі могуць кіраваць магутныя бізнэс-групы.

Робіцца захоп кіраўнікоў кампаніі, яны змяшчаюцца за краты. А затым робяць прапанову, ад якой, як кажуць, немагчыма адмовіцца. Калі адмаўляешся, рызыкуеш частку жыцця правесці ў турме. У нашым выпадку так і было.

Патрабавалі адмовіцца ад бізнэсу і прызнаць сваю віну ў пэўных эканамічных злачынствах. Бо машына рэпрэсій запрацавала і не магла спыніцца так, каб нас апраўдаць і выпусціць. Натуральна, мы не маглі прызнаць віну, бо не рабілі нічога з таго, што нам прыпісвалі. За пяць гадоў нашы апаненты зразумелі, што ў іх нічога не атрымаецца. Тады паступіла іншая прапанова: не трэба прызнаваць віну, бо мы правялі працяглы тэрмін за кратамі, але давялося пагадзіцца з пэўнымі эканамічнымі ўмовамі.

«НН»: Той бізнэс захаваць атрымалася?

ПП: Так, ён захаваўся і пашырыўся нават за межы Расіі. Мы захавалі ўсё, але павінны былі адкупіцца ад рэйдараў.

Цяпер з мяне і судзімасць знятая.

«НН»: Які ў Вас бізнэс?

ПП: Гэта група кампаній, якая займаецца пераважна абсталяваннем і паслугамі для энергетыкі: будаўніцтва ліній электраперадач, падстанцый і гэтак далей.

«НН»: Я разумею, што Беларусь  не краіна-мара для замежнікаў. Але ці не задумваліся пра беларускае грамадзянства?

ПП: Я маю права на беларускае грамадзянства як нашчадак беларусаў. Цяпер для мяне ў выбары паміж беларускім і расійскім грамадзянствам няма юрыдычнай розніцы. І калі законам «Аб беларусах замежжа» будзе вызначаны больш просты і зразумелы парадак атрымання беларускага грамадзянства, я яго атрымаю.

***

Павел Падкарытаў прапануе чытачам «Нашай Нівы» выказаць сваі ідэі адносна будучага Музея беларускай шляхты. «Вітаюцца самые неверагодныя ідэі. Перашкод палёту фантазіі няма. Перашкоды потым будуць ставіць грошы». Дзяліцеся ў каментах.

Каментары20

Цяпер чытаюць

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»17

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

Усе навіны →
Усе навіны

Вызвалены эстонец: У турме ў Беларусі да мяне ставіліся вельмі дрэнна. У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах4

Дзярждэп заявіў пра павышаную рызыку для амерыканцаў за мяжой

Кіраўнік МЗС Ірана прыбыў у Маскву для перамоваў з Пуціным5

Краіны НАТА дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% ад ВУП. Раней на гэтым настойваў Трамп8

Ціханоўскі расказаў, як за дапамогу яму асудзілі іншага вязня, што сядзеў не за палітыку3

Іран пагражае перакрыць Армузскі праліў пасля ўдараў ЗША па ядзерных аб'ектах7

«Калеснікаву перад сустрэчай з бацькам спрабавалі прывесці ў парадак — яна была на ўзмоцненым харчаванні»4

Львы задралі дырэктара сафары-парку ў Крыме7

Карыстальнікі Discord прымушалі дзяцей забіваць сябе на камеру3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»17

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць