Культура33

Памёр Іван Лагвіновіч

У Баранавічах памёр паэт Іван Лагвіновіч

З Іванам Лагвіновічам я сустракаўся толькі адзін раз — у Зэльве, на святкаванні угодкаў Ларысы Геніюш. Але я ведаю, што Іван Лагвіновіч — мой зямляк, што

нарадзіўся ён у 1940 годзе на хутары Запрапасць Ганцавіцкага раёна, непадалёк ад сяла Малкавічы. (Гэтага хутара цяпер няма: яго знішчыла калектывізацыя.)

Як і многія беларускія юнакі, Іван Лагвіновіч паехаў на заробкі ў Данбас і асеў там на шмат гадоў. Працаваў у шахце пад зямлёю, а потым, калі сваё пачалі браць і ўзрост, і прафесійная хвароба — на паверхні, на абагачальнай фабрыцы.

У 1990 годзе ён вярнуўся на Бацькаўшчыну. Стаў жыхаром Баранавічаў. Там далучыўся да беларускага руху.

Такое рэдка бывае, але ўсё ж бывае. На Бацькаўшчыне ў Івана Лагвіновіча, чалавека ўжо сталага, прарэзаўся паэтычны зуб. І на самым пераломе стагоддзяў ён выдаў адзін за адным два зборнікі — «Разлукі выраёвыя» і «Піліпаўка».

Першаю трапіла мне на вочы (нават не скажу, у якіх абставінах) другая кніжачка вершаў Івана Лагвіновіча, і я «праглынуў» яе за адзін раз. І не ўстрымаўся, патэлефанаваў Міхасю Скоблу, каб падзяліцца сваім адкрыццём (ёсць яшчэ адзін добры паэт) і сваёй радасцю (гэты паэт — мой зямляк). І мяне ўсцешыла, што маю радасць падзялілі і Міхась Скобла, і Леанід Галубовіч, і іншыя знаўцы паэзіі, што

вершы майго земляка трапілі ў анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Потым былі іншыя кніжкі Івана Лагвіновіча: «Ляда юдолі» (2003), «Далёкае і блізкае» (2004), «Палыновыя кветкі» (2007). Рыхтаваўся (і рыхтуецца) да друку чарговы зборнік, з гарняцкім загалоўкам — «Апошні забой». Сябры хацелі, каб ён выйшаў яшчэ пры жыцці цяжка хворага паэта. Не атрымалася: учора пасля працяглых пакутаў Іван Лагвіновіч адышоў у вечнасць.

Заўтра ў Малкавічах ва ўрочышчы Красунь, дзе спачываюць мае сваякі, сябры і знаёмыя, грэка-каталіцкі святар айцец Яўген Маліноўскі, сябры і таварышы развітаюцца з Іванам Лагвіновічам. Там, на згорку, пад векавымі хвоямі прагучыць жалобнае і разам з тым аптымістычнае Вечная памяць.

Бывай, Іване, мяккім пухам табе наша родная палеская зямелька.

Прапануем верш з апошняй кнігі Івана Лагвіновіча, якая выйдзе пасмяротна.

Іван Лагвіновіч. Малітва беларуса

Святы Божа, святы моцны,
святы несмяротны!
Пакажы нам шлях збавення –
годны, незваротны.

Абаронца справядлівы
і суддзя праўдзівы –
бездакорны, незаменны,
на ўвесь свет адзіны!

Ты – найпершы й найапошні,
Божа ўсюдыісны!
Бачыш нашага бязладдзя
выступы-крывізны.

Знаеш нашых змрочных думак
хібы і заганы,
як вакол няшчасцяў-бедаў
ходзім мы кругамі.

Заблудзіліся ў грахоўных
лабірынтах цемры:
кветку-папараць шукалі
ў зарасніках церняў.

Прымушалі нас маліцца
ідалам вар’яцкім,
зневажалі, выганялі
з цэркваў уніяцкіх.

Міласэрны, добры Божа!
Дай надзею – грэшным,
выведзі з палону здзекаў,
ацалі, суцеш нас;

бо Ты ведаеш, якія
мы панеслі страты
на шляху да лепшай долі,
да святла і праўды.

Уладару ўсёмагутны!
Будзь заўсёды з намі,
памажы на землях продкаў
стаць гаспадарамі.

Навучы на роднай мове
гаварыць і слухаць.
у імя Айца, і Сына,
і Святога Духа.

Амін.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам

Усе навіны →
Усе навіны

Хто зможа двойчы зрабіць ЭКА бясплатна? Расказаў міністр аховы здароўя7

Першае ФОТА вызваленай Валерыі Касцюговай2

Некаторым вызваленым 19 сакавіка палітвязням, якім дазволілі застацца ў Беларусі, забаранілі афармляць сімкі і карыстацца банкаўскімі карткамі24

СМІ расказалі пра расійскі сцэнар імітацыі замаху на Віктара Орбана перад выбарамі7

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце8

Тром мінчанкам далі па 8‑9 гадоў па справе дваровых чатаў7

Трамп абвінаваціў Зяленскага ў піяры: Украіна нічога не зрабіла на Блізкім Усходзе11

Tesla выводзіць на рынак свой рэвалюцыйны электрычны грузавік Semi. Асабліва здзіўляе кабіна

«Гнюсь пануе над краем». Уладзімір Някляеў прысвяціў верш Кацярыне Андрэевай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць