У Чачні ў 18‑гадовага сына кіраўніка рэспублікі Адама Кадырава з'явілася ўласнае сілавое падраздзяленне, якое атрымала назву «Дустум К-13», піша «Вёрстка».

Паводле звестак выдання, байцы гэтага падраздзялення базуюцца на аб'екце спецыяльнага атрада хуткага рэагавання «Ахмат» у родным сяле старэйшага Кадырава — Ахмат-Юрце. У канцы 2025 — пачатку 2026 года ў чачэнскіх медыя сталі з'яўляцца паведамленні пра тое, што супрацоўнікі «гарадской групы Цэнтральнай базы Дустум К-13» праводзяць рэйды на дарогах — спыняюць кіроўцаў і правяраюць іх аўтамабілі.
Пры гэтым у «Дустум К-13» ёсць канал у Instagram, дзе публікуюцца відэа дзейнасці «супрацоўнікаў цэнтра». Так, на адным з ролікаў мужчыны ў кепках з надпісам «Дустум» вучацца збіваць дроны і кіраваць беспілотнікамі. Таксама ёсць відэа страявой падрыхтоўкі, трэніровак па стральбе і эвакуацыі параненых.
Адам Кадыраў атрымаў шырокую вядомасць у верасні 2023 года, калі збіў арыштаванага за спаленне Карана Мікіту Журавеля ў СІЗА Грознага, піша Moscow Times.
Пасля гэтага ён двойчы стаў Героем Чачні і атрымаў некалькі высокіх пасад у рэспубліцы, у тым ліку пасады сакратара Савета бяспекі і куратара МУС. Акрамя таго, Кадыраў-малодшы быў прызначаны начальнікам службы бяспекі бацькі. У кастрычніку 2024 года яго імя ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Расіі як імя самага маладога начальніка службы бяспекі кіраўніка суб'екта — тады яму было 16 гадоў.
За гэты час Кадыраў-малодшы атрымаў больш за 20 узнагарод.
Каментары