Праўнук Беніта Мусаліні дэбютаваў у гульнях за рымскі «Лацыа» на стадыёне, які адкрываў ягоны прадзед
23‑гадовы абаронца Рамана Фларыяні Мусаліні, праўнук італьянскага дыктатара Беніта Мусаліні, дэбютаваў за асноўную каманду рымскага «Лацыа» ў матчы чэмпіянату Італіі супраць «Балоньі», піша Бі-бі-сі.

Фларыяні Мусаліні з'яўляецца выхаванцам акадэміі «Лацыа», але апошнія два гады гуляў у арэндзе за іншыя італьянскія клубы. У сустрэчы з «Балоньяй» ён выйшаў на поле ўжо на 19‑й хвіліне пасля замены партнёра і пазней атрымаў жоўтую картку.
Яго дэбют атрымаўся сімвалічным: матч праходзіў на стадыёне «Рэната Даль'Ара» ў Балоньі, будаўніцтва якога сто гадоў таму падтрымліваў Беніта Мусаліні. У 1926 годзе дыктатар асабіста прысутнічаў на ўрачыстасцях, звязаных з будаўніцтвам арэны, а першы афіцыйны матч тут адбыўся ў маі 1927 года.
Першапачаткова стадыён называўся «Літарыяле» і быў часткай маштабнай спартыўнай палітыкі фашысцкага ўрада. Пасля падзення рэжыму яго перайменавалі, а ў 1983 годзе арэна атрымала цяперашнюю назву ў гонар шматгадовага прэзідэнта «Балоньі» Рэната Даль'Ара.
Рамана Фларыяні Мусаліні раней падкрэсліваў, што яго цікавіць выключна футбол. Пасля аднаго з матчаў у 2024 годзе ў СМІ з'явіліся паведамленні пра фашысцкія прывітанні сярод заўзятараў пасля яго гола, але клуб гэтыя абвінавачанні рашуча адхіліў.
Беніта Мусаліні кіраваў фашысцкай Італіяй з 1922 да 1943 года і падчас Другой сусветнай вайны быў саюзнікам Адольфа Гітлера. У 1945 годзе італьянскія партызаны схапілі яго і пакаралі смерцю.
Мяч, якім Марадона забіў на чэмпіянаце свету гол рукой, прадалі за 3,3 мільёна даляраў
У Польшчы жорстка забілі 36‑гадовага футбольнага фаната
У беларускай вышэйшай лізе ўпершыню футбольны матч судзіла цалкам жаночая брыгада — гістарычная падзея
УЕФА і КАНКАКАФ абмяркоўваюць стварэнне сумеснай Лігі нацый
Стала вядома, дзе зборная Беларусі правядзе хатнія матчы Лігі нацый
Каментары
[Зрэдагавана]