Навукоўцы нарэшце высветлілі, чаму астранаўты пакутуюць ад запораў
Дзякуючы новаму аналізу крыві навукоўцы нарэшце змаглі дакапацца да сутнасці прычын, праз якія астранаўтам цяжка схадзіць па вялікай патрэбе ў космасе. Даследаванне таксама выявіла нечаканы пабочны эфект «касмічнага запору», з якім давядзецца навучыцца змагацца, перш чым людзі адправяцца ў працяглыя касмічныя падарожжы, у тым ліку да Марса.

Як толькі людзі пачалі надоўга заставацца ў космасе, высветлілася, што схадзіць там «па-вялікаму» цяжэй, чым на Зямлі. І справа не толькі ў тым, што карыстацца касмічнай прыбіральняй даволі складана. Для большасці астранаўтаў такія змены ў працы страўнікава-кішачнага тракту — гэта проста нязручнасць, аднак некаторым даводзіцца прымаць паслабляльныя сродкі, каб даць рады праблеме. Гэтыя прэпараты рэгулярна ўключаюцца ў аптэчкі большасці касмічных місій.
Паводле звестак NASA, запор — гэта толькі адна з некалькіх праблем са страўнікам, з якімі змагаюцца астранаўты; сярод іншых — уздуцце жывата, нястраўнасць і пякотка. Як і ў выпадку з большасцю іншых праблем са здароўем у космасе, даследчыкі даўно падазравалі, што галоўнай прычынай з’яўляецца мікрагравітацыя.
Аднак даказаць гэтую гіпотэзу ці зразумець іншыя наступствы, якія хранічны запор можа аказаць на агульны стан здароўя астранаўтаў, было вельмі складана.
Падчас новага даследавання, праведзенага пры падтрымцы NASA, на вынікі якога звяртае ўвагу Live Science, навукоўцы прааналізавалі больш за 400 узораў крыві 52 астранаўтаў, якія правялі на Міжнароднай касмічнай станцыі больш за два месяцы кожны. Гаворка ідзе пра місіі ў перыяд з 2006 па 2018 год.
Ва ўзорах крыві каманда шукала спецыфічныя метабаліты — пабочныя прадукты метабалічных працэсаў, якія ўзнікаюць пры расшчапленні ежы, лекаў і тканак у арганізме. Яны ідэнтыфікавалі 40 такіх злучэнняў, але найбольш паказальнымі аказаліся тыя, што выпрацоўваюцца кішачнымі бактэрыямі, якія дапамагаюць расшчапляць бялкі ў кішэчніку.
Ферментацыя бялкоў адбываецца тады, калі кішачныя бактэрыі пачынаюць расшчапляць бялкі замест больш звыклых для іх складаных вугляводаў, напрыклад, клятчаткі. Такое пераключэнне можа адбывацца і на Зямлі — праз асаблівасці харчавання або праблемы са страваваннем. Аднак у космасе, як мяркуюць навукоўцы, прычына іншая.

Праз адсутнасць гравітацыі ежа павольней рухаецца па кішэчніку. У выніку бактэрыі паспяваюць расшчапіць даступную клятчатку і затым пераключаюцца на бялкі. Гэтае ж запаволенае прасоўванне ежы па кішэчніку можа тлумачыць і запоры ў астранаўтаў.
Даследчыкі таксама выявілі, што на запоры могуць уплываць змены ў дыеце астранаўтаў. Падчас касмічных місій змяняецца, напрыклад, спажыванне кафеіну, рыбы і тлушчаў. Але, паводле даследчыкаў, адрозненнямі ў рацыёне можна растлумачыць менш за траціну выяўленых змяненняў метабалітаў. Таму галоўным фактарам яны лічаць умовы знаходжання ў космасе.

Чаму гэта можа быць важна для палёту на Марс
Ферментацыя бялкоў сама па сабе не азначае, што здароўю астранаўта абавязкова нешта пагражае. Аднак падчас гэтага працэсу ўтвараюцца рэчывы, сярод якіх аміяк і серавадарод.
Некаторыя прадукты бялковай ферментацыі ў папярэдніх даследаваннях звязвалі з неспрыяльнымі наступствамі для здароўя, у тым ліку з пашкоджаннем нырак, магчымым уплывам на настрой і здольнасць канцэнтравацца. Што тычыцца здароўя кішэчніка, даследаванні звязваюць прадукты распаду бялкоў з развіццём запалення і аслабленнем яго слізістай абалонкі.
Падчас адносна кароткіх касмічных місій колькасць такіх рэчываў, імаверна, не стварае істотнай небяспекі. Але даследчыкі звяртаюць увагу, што сітуацыя можа быць іншай пры палётах працягласцю ў шмат месяцаў.
Менавіта таму пытанне становіцца актуальным у кантэксце будучых экспедыцый да Марса і працяглага знаходжання людзей па-за Зямлёй.
Пры гэтым аўтары даследавання не сцвярджаюць, што працяглы касмічны палёт абавязкова прывядзе да небяспечнай канцэнтрацыі такіх рэчываў. Гэта пакуль гіпотэза, якую неабходна праверыць. Даследаванне ахоплівала знаходжанне людзей на МКС, а наступствы значна больш працяглых місій або жыцця ва ўмовах частковай гравітацыі, напрыклад на Месяцы, застаюцца недастаткова вывучанымі.
У будучыні праблему, магчыма, можна будзе змякчыць пры дапамозе рацыёну з большай колькасцю клятчаткі, прабіётыкаў або сродкаў, якія стымулююць перыстальтыку кішэчніка. Але эфектыўнасць такіх мер для працяглых касмічных місій яшчэ трэба даследаваць.
Аўтары працы адзначаюць, што вынікі могуць аказацца карыснымі і на Зямлі. Падобныя праблемы з перыстальтыкай і запорамі ўзнікаюць, напрыклад, у людзей, якія доўгі час вымушаныя пільнавацца пасцельнага рэжыму.
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары