Грамадства1717

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

Адназначнага меркавання, ці варта вяртаць дзяўчынку роднай маці, няма нават сярод валанцёраў, якія дапамагаюць сям’і.

Ксюша з мамай. Скрыншот відэа, якасць палепшаная з дапамогай ШІ

Судовае пасяджэнне аб пазбаўленні Ніны Саньковай бацькоўскіх правоў мусіла адбыцца яшчэ ў красавіку — але ж тады працэс афіцыйна паставілі на паўзу, каб Ксюша змагла спакойна атрымаць выратавальны ўкол Zolgensma. Маці была з ёй у РНПЦ «Маці і дзіця» ў той складаны момант.

Цяпер Ксюша зноў знаходзіцца ў дзіцячым доме, а працэдура пазбаўлення бацькоўскіх правоў запушчаная — новае судовае пасяджэнне прызначана на 8 верасня.

Ніна шукае дапамогі і запісала відэазварот. Яна прызнаецца, што вельмі баіцца дня ікс, але ж адзначае, што не здаецца. Запэўнівае, што дом і сельскагаспадарчыя пабудовы прыведзеныя ў парадак. Пры гэтым адзначае, што ўсё гэта дзякуючы дапамозе валанцёраў.

Кажа, што збірала неабходнае для дзяцей у школу. У жніўні Ніну пусцілі да старэйшай дачкі, каб маці павіншавала яе з днём нараджэння — усяго на 20 хвілін, пры гэтым забаранілі фатаграфаваць дзіця.

Жанчына распавядае, што з яе і без таго невялікіх заробкаў утрымліваюць амаль 90% на ўтрыманне дзяцей. Ніна шчыра прызнаецца, што ведае: грамадства яе асуджае і лічыць жудаснай маці, але просіць паразумення.

У Саньковай было не самае простае жыццё. Яна вырасла ў дзіцячым доме, нарадзіла першы раз у 17 гадоў. Ніну з немаўлём пасялілі да роднай маці, але тая, акрамя таго, што мела псіхіятрычныя праблемы, яшчэ і моцна піла.

«Цяпер мама ў рэмісіі, але я баюся, што яна сарвецца. Часам я думаю: гэта мне такое пакаранне ці дапамога? Але я не скарджуся, я проста спрабую выжыць і вярнуць дзяцей. Я не п’ю. І я не кідала сваіх дзяцей — я прасіла дапамогі, калі не давала рады. Мой былы муж піў, біў мяне, праз гэта мы стаялі на ўліку. Пасля смерці бацькі Ксюшы (ён скончыў жыццё самагубствам. — НН) і яе дыягназу мне прапанавалі часова ўладкаваць Ксюшу ў дзіцячы дом. Я была цяжарная, пагадзілася, думаючы, што гэта ненадоўга, але забралі ўсіх. У мяне не было грошай і сіл, а цяпер мяне хочуць назаўсёды пазбавіць бацькоўскіх правоў».

Ніна просіць паглядзець на яе не як на нядобранадзейную маці, а як на жанчыну, якая змагаецца. Кажа, што ёй патрэбны не жаль, а справядлівасць.

Жанчына дзякуе супрацоўнікам дзіцячага дома за клопат пра Ксюшу, але падкрэслівае, што марыць сама займацца дачкой, вазіць яе на рэабілітацыі і бачыць, як тая ўсміхаецца.

«Я не святая, але ў мяне не было падтрымкі і надзейнага пляча побач. У мяне не было такога прыкладу, але я вучуся. Я слухаю парады людзей, якія мне дапамагаюць, падтрымліваюць… І я вельмі хачу навучыцца жыць правільна».

Ніна распавядае, што спрабавала дагрукацца і да чыноўнікаў, і да Беларускага саюза жанчын — але пакуль без асаблівых вынікаў.

Яна апублікавала мілыя відэа, як гуляе з Ксюшай, як віншуе дачку з днём нараджэння — а дзяўчынка шчаслівая.

Ксюша з мамай. Скрыншоты відэа, якасць палепшана з дапамогай ШІ

Але ж нават сярод валанцёраў няма адназначнага бачання таго, як лепш зрабіць у такой складанай сітуацыі. Меркаванні падзяліліся прыблізна 50 на 50.

Адны лічаць, што вяртаць Ксюшу маці нельга катэгарычна. Яны ўпэўнены, што побытавыя ўмовы ў Ніны далёка не самыя лепшыя, а сама яна не вельмі гатова карэктаваць свой лад жыцця. А гаворка ідзе ў першую чаргу пра цяжкахворае дзіця, якому патрэбна добрае харчаванне і катэгарычна не пасуюць антысанітарныя ўмовы.

Прыхільнікі жорсткіх мераў пытаюцца: ці сапраўды нехта гатовы ўвесь час знаходзіцца побач з Нінай і кантраляваць яе паводзіны? Яны ўпэўнены, што варта было б знайсці для Ксюшы новую сям’ю, якая б клапацілася пра дзяўчынку.

Другая частка валанцёраў усё ж хоча верыць, што Ніна зможа нарэшце стаць добрай маці. Яны апелююць да таго, што негуманна было даваць жанчыне і Ксюшы надзею, дапамагаць навесці дома парадак, каб потым пазбавіць Санькову бацькоўскіх правоў.

Нагадаем, сёлета гісторыя маленькай дзяўчынкі Ксюшы Маісеенка аб’яднала ўсю Беларусь. Дзякуючы неабыякавым валанцёрам, краіна даведалася пра трохгадовую дзяўчынку з СМА, якая жыве ў дзіцячым доме ў Магілёве. Яна была амаль пазбаўленая шансаў на выратаванне — у адрозненне ад іншых дзяцей з такой цяжкай хваробай за Ксюшу не было каму змагацца.

Сабраць $1,8 мільёна на выратавальны ўкол самых дарагіх лекаў у свеце — вельмі складаная задача для любой беларускай сям’і. А што казаць пра дзіця, якое засталося сам-насам з праблемай?..

Але неабыякавыя людзі пачалі піярыць збор на Ксюшу. У выніку касмічную суму ўдалося сабраць за рэкордны час — за месяц. Ніводзін падобны збор у гісторыі Беларусі не адбываўся настолькі хутка.

У гісторыі з'явілася і мама дзяўчынкі — Ніна Санькова, якая распавяла сваю праўду.

Ніна Санькова. Скрыншот відэа, якасць палепшаная з дапамогай ШІ

На той момант Ніне было 29 гадоў, яна жыла ў аграгарадку прыкладна за 100 кіламетраў ад Магілёва ды працавала аператаркай машыннага даення. У жанчыны чацвёра дзяцей (Ксюша з іх трэцяя), але ўсе яны жылі не з маці. Старэйшая дачка і малодшы сын знаходзіліся пад часовай апекай у іншай сям'і, другая дачка жыла са сваім татам. А Ксюша — у Доме дзіцяці, куды маці здала яе, бо не давала рады сітуацыі.

Быў яшчэ нюанс: калі Ніна спрабавала самастойна збіраць грошы на лячэнне дачкі, яе абвінавачвалі ў тым, што данаты жанчына часткова траціла на сябе.

У выніку ўсё ж Ніна заявіла, што хоча аднавіцца ў бацькоўскіх правах і самастойна гадаваць сваіх дзяцей. Сёлета ў сакавіку ў інтэрв’ю «Анлайнеру» жанчына запэўнівала, што ў яе дома ўжо амаль усё зроблена для таго, каб вярнуць дзяцей — у тым ліку і Ксюшу. Жанчына казала, што праз месяц усе будуць з ёй.

Але насамрэч сітуацыя была далёка не такая аптымістычная. Сведкі казалі, што за апошнія паўгода маці не зрабіла нічога, каб давесці дом да ладу. У выніку тое, што было зроблена, рабілася ў асноўным валанцёрамі.

Каментары17

  • фядора
    31.08.2026
    без мужыка яна дзіця не пацягне, хаця па хітрым твары бачна, что пасобіе па даглядзе ніхто не адмяняў.
  • Ружовы поні
    31.08.2026
    фядора, а то чарга з мужыкоў стаіць, якія мараць гадаваць 4 чужых дзяцей, у аднаго з якіх сма
  • /
    31.08.2026
    Если бы мать хотела - давно бы уже создала условия для жизни детей, а так создает видимость и клянчит денег, ничему она не научится, умеет только паразитировать на болезни, жаль деток.

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі2

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Вызвалены Алесь Чумакоў расказаў пра абвінавачванне: «Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро»14

Мінчанцы, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за трох народжаных дачок, пакуль падарылі трохмесную каляску26

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця13

Беларуска за два дні прайграла ў анлайн-казіно амаль 70 тысяч рублёў і цяпер спрабуе вярнуць іх ад банка14

Дачка міністра Маркава запусціла новы праект на тэлебачанні — будзе расказваць пра гісторыю Беларусі18

Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе12

Як у Польшчы працуюць бацькоўскія камітэты ў школах і колькі збіраюць грошай

25 гадоў таму нарвежац атрымаў часнок ад манаха ў Беларусі. Цяпер гэты сорт хочуць усе7

Марына Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі2

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць