Грамадства44

Праваабаронца Васіль Завадскі пайшоў вучыцца на гештальт-тэрапеўта

Ён завяршыў першы этап навучання гештальт-тэрапіі ў Лодзінскай школе гештальту. І адразу перайшоў на наступны этап, але ўжо ў Еўрапейскі інстытут сучаснай псіхатэрапіі. Вучыцца трэба каля двух гадоў.

Васіль Завадскі. Фота: Макс Морысан

Васіль Завадскі прызнаецца, што цікавіцца псіхалогіяй пачаў амаль з дзяцінства. Пасля школы пайшоў вучыцца ў медыцынскі інстытут, спецыялізацыяй абраў псіхіятрыю. У нейкі момант думаў, што, можа, варта сысці ўсё ж у псіхалогію — і нават цікавіўся, ці можна перавесціся ў іншую ВНУ. Але жыццё склалася так, што Васіль выпусціўся як псіхіятр-нарколаг.

А па размеркаванні паехаў у Горацкую калонію.

— Я пачаў працаваць у пенітэнцыярнай сістэме ў 1986 годзе, і тады псіхолагаў у турмах увогуле не было. Яны з'явіліся толькі ў 1990‑х гадах. Шчыра кажучы, і ў грамадстве ў той час пра псіхалагічную дапамогу ведалі не надта шмат.

Сёння псіхолагі ў пенітэнцыярнай сістэме ёсць. І нават існуюць спецыялісты, якія імкнуцца аказваць менавіта псіхалагічную дапамогу. Не хочацца казаць, што астатнія проста фармальна выконваюць свае абавязкі, але ў большасці выпадкаў сітуацыя такая, што супрацоўнікі-псіхолагі фактычна выконваюць рэжымныя функцыі.

Таму вязні вельмі часта не давяраюць ім. Мне неаднаразова расказвалі, што турэмныя псіхолагі, па-першае, могуць пагражаць нейкімі пакараннямі. А па-другое, калі чалавек адкрыецца, раскажа пра свае перажыванні такому, скажам, «сістэмнаму» спецыялісту, то ёсць вялікая імавернасць, што ён толькі пагоршыць сваё становішча або ўмовы адбывання пакарання. Таму людзі не ўспрымаюць такіх псіхолагаў як тых, да каго можна звярнуцца па дапамогу.

Дарэчы, менавіта досвед працы псіхіятрам у калоніі падштурхнуў Васіля да таго, каб стаць праваабаронцам. У 2010 годзе, пасля звальнення, ён перайшоў працаваць у грамадскі сектар. А прыблізна праз пяць гадоў канчаткова перайшоў у праваабарону.

— Бо яшчэ падчас працы ў сістэме я добра разумеў, што адбываецца. Я нават напісаў артыкул, які тады апублікавала «Белгазета». Загаловак я прыдумаў сам: «Больш бяспраўнага чалавека, чым зняволены, у нашай краіне проста не існуе». На жаль, сёння гэта яшчэ больш адпавядае рэчаіснасці. Нягледзячы на тое, што ўсё грамадства цяпер знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы з пункту гледжання захавання правоў чалавека, зняволеныя па-ранейшаму застаюцца ў яшчэ горшай сітуацыі.

Пры гэтым, агулам на сітуацыю Васіль глядзіць не без пазітыву. Маўляў, сёння праблема палітычнай дапамогі палітзняволеным выклікае значна больш грамадскую цікавасць, чым раней.

— Яшчэ ў 2014‑2015 гадах мы з калегамі заснавалі праваабарончую арганізацыю і казалі пра жорсткія і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, пра артыкул 411, пра іншыя парушэнні правоў чалавека. Мы спрабавалі прыцягнуць да гэтага ўвагу. Але такой грамадскай рэакцыі, як цяпер, тады не было. Прытым што многія жахлівыя рэчы адбываліся і раней, проста не ў такіх маштабах і не ў такой колькасці.

І сённяшняя ўвага грамадства да гэтай праблемы дае мне не проста надзею, а ўпэўненасць, што пасля дэмакратычных змен у Беларусі рэформа пенітэнцыярнай сістэмы стане непазбежнай. І, безумоўна, яна закране таксама сферу псіхалагічнай дапамогі.

Менавіта гэта вера ў змены прывяла да таго, што Васіль два гады таму вырашыў атрымаць прафесійную псіхалагічную адукацыю. На пачатку гэтага года ён завяршыў першы этап навучання гештальт-тэрапіі ў Лодзінскай школе гештальта. І адразу перайшоў на наступны этап, але ўжо ў Еўрапейскі інстытут сучаснай псіхатэрапіі.

— Калі ўлічваць мой, як цяпер модна казаць, бэкграўнд — хоць я не вельмі люблю гэтае слова, лепш сказаць досвед і кампетэнцыі, — то ўжо сёння я гатовы працаваць. Вядома, пакуль не ў якасці псіхолага-тэрапеўта, а хутчэй як чалавек з адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкай. Да мяне ўжо цяпер звяртаюцца людзі, мы размаўляем, і элементы той працы, якой вучуся, ужо выкарыстоўваю ў сваёй камунікацыі, абапіраючыся на свае лекарскія псіхіятрычныя кампетэнцыі

І я бачу, што гэта працуе. Больш за тое, мы заснавалі і зарэгістравалі ў Літве арганізацыю «Лекары за праўду і справядлівасць». Мы працуем у некалькіх кірунках. Па-першае, дапамагаем былым вязням і займаемся пытаннямі рэфармавання беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Працуем як эксперты, праводзім даследаванні, арганізуем канферэнцыі.

Васіль тлумачыць: складанасці ўзнікаюць перш за ўсё таму, што практычна няма спецыялістаў менавіта ў галіне пенітэнцыярнай і постпенітэнцыярнай псіхалогіі. Яны толькі пачынаюць з'яўляцца, людзі праяўляюць цікавасць да гэтай сферы. Але патрэба ўжо цяпер вельмі вялікая, і ўсе выпадкі вельмі спецыфічныя, вельмі індывідуальныя.

— Дарэчы, гэта яшчэ адна прычына, чаму мяне так прывабіла менавіта псіхалогія. Калі параўноўваць яе з медыцынай, то, на жаль, сучасная медыцына ў значнай ступені стала працаваць паводле пратаколаў. Індывідуальнага падыходу становіцца ўсё менш.

І ў гэтым я бачу вельмі сур'ёзную праблему. А вось псіхалогія патрабуе менавіта індывідуальнага падыходу. Без яго, на мой погляд, немагчыма казаць пра сапраўдную дапамогу чалавеку. Дарэчы, гэта тычыцца і медыцыны — яна таксама патрабуе індывідуальнага падыходу, але, на жаль, сучасная сістэма не заўсёды гэта дазваляе.

Менавіта гештальт-тэрапію Васіль вырашыў абраць, бо яго вабіць тое, што яна выкарыстоўвае халістычны падыход.

— Яна не разглядае асобныя праблемы чалавека паасобку, а ўспрымае чалавека як цэласную асобу. Улічваецца ўсё: характар, жыццёвы досвед, выхаванне, светапогляд, асаблівасці асобы — усё гэта вельмі важна. І гэта мне вельмі блізка.

Яшчэ адна рэч, якая мяне вельмі прывабіла, — гэта тое, што гештальт накіраваны на раскрыццё ўнутранага патэнцыялу чалавека.

Я пакуль не магу называць сябе гештальт-тэрапеўтам. Але, па вялікім рахунку, задача тэрапеўта — не вырашаць праблемы за чалавека, а дапамагчы яму знайсці ўласныя рэсурсы, падтрымаць яго і правесці праз працэс раскрыцця яго ўласнага патэнцыялу. А гэты патэнцыял ёсць у кожнага чалавека. Абсалютна ў кожнага. Проста розныя жыццёвыя абставіны перашкаджаюць яму раскрыцца.

Мы ж звычайна ідзём да доктара і чакаем, што ён выпіша лекі і скажа, што трэба рабіць. Але з пункту гледжання гештальт-псіхалогіі гэта немагчыма. Я не магу, нават калі бачу чалавека ўжо дваццаты раз, проста сказаць яму: «Рабі так, так і так». Толькі пасля таго, як мы разам разбяромся ў асаблівасцях яго жыцця, у тым, як ён жыве, як успрымае свет, што для яго важна, толькі тады мы можам разам шукаць магчымыя шляхі вырашэння тых праблем, якія перад ім стаяць.

Калі казаць пра фармальнае навучанне ў гештальце, то Васілю яшчэ трэба вучыцца каля двух гадоў. Але ён падкрэслівае: у псіхолагаў навучанне ніколі не заканчваецца.

Каментары4

  • Пытанне
    20.07.2026
    Ці можа хтосці патлумачыць розніцу паміж праваабаронцай і гештамт-тэрапеўтам?
  • туз
    20.07.2026
    будет так же пудрить мозги, только вид в профиль
  • вавёрка
    20.07.2026
    Посьпехаў добраму чалавеку!

Цяпер чытаюць

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца10

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца

Усе навіны →
Усе навіны

Кватэры ў Мінску на другасным рынку падаражэлі на 27% з пачатку года1

Беларусцы на рахунак прыйшло дзевяць мільярдаў рублёў2

Арыштавалі Аркашу — галоўнага падазраванага ў збіцці да смерці навукоўца ў Екацярынбургу14

Wildberries пачаў шукаць складскія памяшканні ў Казахстане праз атакі ўкраінскіх беспілотнікаў4

Беларуска ўцякла ў ЗША ад службы ў Ізраілі — і цяпер сядзіць у Мінску без пашпарта20

ФСБ абвяшчае стваральніка Telegram Паўла Дурава ў міжнародны вышук6

Самы дарагі дом у чэрвені ў Беларусі купілі за 630 тысяч даляраў

«Тэмпы наступлення Расіі знізіліся ў разы». Ваенныя аналітыкі — пра тое, як за лета змяніўся ход вайны ва Украіне3

У расійскім Екацярынбургу да смерці збілі навукоўца Акадэміі навук, які перашкодзіў дзецям катацца на квадрацыклах па доследных палях16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца10

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць