Палаючы знішчальнік паралізаваў працу аэрапорта на востраве Закінф у Грэцыі
Паводле даных ВПС Грэцыі, 9 ліпеня знішчальнік F-16 выконваў навучальны палёт, калі ўзнікла тэхнічная няспраўнасць. Пілот накіраваў знішчальнік на аэрапорт Закінфа.

Там а 13:45 самалёт сеў на ўзлётна-пасадачную паласу і загарэўся. Пілот змог выбрацца з кабіны і не пацярпеў. Пажарныя патушылі агонь, піша Bild.
Паколькі абломкі F-16 заблакавалі ўзлётна-пасадачную паласу, аэрапорту давялося спыніць працу. Некалькі самалётаў не змаглі прызямліцца або ўзляцець, некаторыя былі перанакіраваныя ў іншыя аэрадромы. Адпачывальнікі сутыкнуліся з шматгадзіннымі затрымкамі. Толькі пасля эвакуацыі знішчальніка аэрапорт аднавіў сваю працу.
Cамалёт належаў 335‑й эскадрыллі, якая месціцца на авіябазе Араксас у Заходняй Грэцыі. Што стала прычынай аварыйнай сітуацыі, пакуль незразумела.
Паводле газеты Kathimerini, магла ўзнікнуць праблема з шасі. Спецыялісты ВПС прыбылі на Закінф, каб даследаваць пашкоджаны самалёт.
Каментары