Гісторыя22

Якім маршрутам Ганібал перайшоў на сланах Альпы? Навукоўцы прапанавалі адказ

Пераход Ганібала праз Альпы з дзясяткамі тысяч воінаў і баявымі сланамі працягвае заставацца адной з галоўных загадак антычнай гісторыі. Нямецкія вучоныя прапанавалі падысці да яе вырашэння не з пункту гледжання гістарычных крыніц, а праз разлік энергетычных патрэб людзей і жывёл.

Пераход Ганібала праз Альпы. Фрэска сярэдзіны XVIII стагоддзя. Крыніца: Photo12 / UIG / Getty Images

Увосень 218 года да нашай эры, у пачатку Другой Пунічнай вайны карфагенскі палкаводзец Ганібал правёў праз Альпы каля 46 тысяч воінаў, прыблізна 8 тысяч коней і 37 баявых сланоў, каб уварвацца ў Італію. Аднак да гэтага часу няма адзінага меркавання, якім менавіта шляхам яго войска перайшло праз горы.

Як піша Tagesspiegel, даследчыкі Эміліа Берці з Нямецкага цэнтра інтэгратыўных даследаванняў біяразнастайнасці і Фрыц Фольрат з Універсітэта Ены прапанавалі новы спосаб ацаніць магчымыя маршруты. Яны разлічылі энергазатраты салдат, коней і сланоў на розных маршрутах, што вядуць з тэрыторыі сучаснай Францыі праз Альпы ў Італію.

На думку аўтараў, шматлікія дыскусій пра пераход Ганібала праз Альпы не ўлічваюць біялагічныя патрэбы войска і жывёл. Калі салдаты і часткова коні маглі несці частку запасаў самастойна, то для жывёл масай да трох тон гэта было немагчыма.

Паводле разлікаў, даросламу слану неабходна да 200 кілаграмаў корму ў дзень. У прыродзе гэтыя жывёлы могуць праводзіць каля 14 гадзін штодня ў пошуках ежы толькі для таго, каб падтрымліваць сваю масу цела. Таму выбар маршруту быў важны не толькі з ваеннага, але і з лагістычнага пункту гледжання.

Дык які маршрут найбольш энергаэфектыўны

На аснове папярэдніх даследаванняў аўтары рэканструявалі чатыры магчымыя маршруты праз Альпы. Сярод іх шлях праз перавал Коль-дзю-Клап'е вышынёй амаль 2500 метраў, які доўгі час лічыўся найбольш верагодным, а таксама амаль трохкіламетровы перавал Коль-дэ-ла-Траверсет, які часцей згадваецца ў даследаваннях апошніх гадоў.

Разлікі паказалі, што найбольш энергаэфектыўным мог быць менавіта маршрут праз Коль-дэ-ла-Траверсет. Для ўсёй арміі ён патрабаваў каля 5,42 тэраджоўля энергіі, што прыкладна на 16% менш, чым пераход праз Коль-дзю-Клап'е. За 15 дзён паходу на гэты маршрут спатрэбілася б каля 232 тон харчавання і фуражу.

Разам з тым даследчыкі адзначаюць, што нават гэты маршрут не вырашаў усіх праблем. Каб падтрымліваць вагу, сланы павінны былі б штодня амаль бесперапынна харчавацца на працягу пяці-шасці гадзін, што ва ўмовах горнага паходу выглядае малаверагодным. Таму аўтары мяркуюць, што і людзі, і жывёлы выкарыстоўвалі ўласныя энергетычныя запасы.

Паводле разлікаў, за час пераходу салдаты страцілі б каля 19% сваіх тлушчавых запасаў, коні — каля 11%, а сланы — каля 4%.

Параўнанне магчымых маршрутаў Ганібала праз Альпы. Карта паказвае чатыры асноўныя варыянты пераходу, справа — разліковыя энергетычныя выдаткі для людзей, коней і сланоў, а ўнізе — профілі вышыні трох найбольш верагодных маршрутаў. Найбольш энергаэфектыўным, паводле даследавання, быў маршрут праз перавал Коль-дэ-ла-Траверсет (зялёны). Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Паводле гістарычных звестак, каля 30 сланоў, верагодна, яшчэ ўдзельнічалі ў бітве пры Трэбіі ў снежні 218 года да нашай эры. Аднак пасля прыбыцця ў Італію забяспечыць іх кормам аказалася значна цяжэй. На думку даследчыкаў, хутчэй за ўсё, гэтая лагістычная задача так і не была вырашана: усе сланы, акрамя асабістага слана Ганібала па імені Сурус, не перажылі зіму пасля пераходу праз Альпы.

Рашэнне Ганібала ўзяць з сабой сланоў, якое каштавала такіх намаганняў, навукоўцы тлумачаць стратэгічнымі меркаваннямі. Акрамя тактычнай перавагі на полі бою, сланы, на погляд аўтараў, маглі выконваць ролю псіхалагічнай зброі. Яны павінны былі ўразіць мясцовыя кельцкія плямёны і схіліць іх да саюзу супраць Рыма.

Пасля пераходу праз Альпы Ганібал яшчэ 14 гадоў вёў баявыя дзеянні ў Італіі і атрымаў некалькі буйных перамог над рымскім войскам. Аднак прымусіць Рым капітуляваць яму не ўдалося, і ўрэшце яго адклікалі на радзіму. У 202 годзе да нашай эры карфагенская армія пад камандаваннем Ганібала, якая мела ўжо каля 80 баявых сланоў, пацярпела паражэнне ў бітве пры Заме на тэрыторыі сучаснага Туніса. Карфаген капітуляваў, і неўзабаве пасля гэтага вайна скончылася.

Каментары2

  • .
    09.07.2026
    Інфаграфіка ў іх маніпулятыўная: шкала дыяграм не з нуля. Зялёны слупок (энергавыдаткі сланоў) не ў 7 разоў менш за блакітны, а па велічыні толькі на 10%.
    Таму аналіз цікавы, але з разуменнем, што Ганібал сам яго ўлічваў папярэдне перад пераходам, не памыліўся і выбраў менавіта аптымальны варыянт.
  • Горны слонік
    09.07.2026
    Гэта дарэчы гістарычная маці войнаў на знясіленне.

    Рым губляў легіёны і вершнікаў (арыстакратаў), але справядліва лічыў, што алігархічны рэжым у Карфагене пачне хутчэй лічыць страты грошай ад бізнэсу, чым Ганібал зможа перамагчы. Бо дагэтуль Карфаген гэтак і рабіў у войнах з грэкамі: біўся за свае гандлёвыя шляхі, але пазбягаў доўгіх канфлікатў.

    Карацей закідалі трупамі.

    І дарэчы, рымляне працягвалі пераследаваць Ганібала таксама наступныя 20 гадоў, калі ён працаваў генералам па найме ў Анатоліі. На поўдні ад Стамбула на месцы старажытных муроў Лібіссы, дзе ён меркавана выпіў атруту, каб не здавацца рымлянам, яму помнік высечены.

    Маніякальнасць нельга недаацэньваць.

Цяпер чытаюць

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Усе навіны →
Усе навіны

Як жывуць Маўшукі з Пінска — у 2020‑м мужа і жонку пасадзілі, а дзяцей збіраліся адправіць у прытулак5

Трамп можа пачаць ваенную аперацыю ў Малі, дзе знаходзіцца «Афрыканскі корпус» Пуціна4

Простае дзеянне, калі доўга седзіце, зніжае смяротнасць ад раку: новыя высновы навукоўцаў4

Студэнцкія пратэсты ў Індыі сталі праблемай для прэм'ера Модзі. Адкуль узяўся рух «тараканаў»?1

У мінскім метро з пачатку года зафіксавана 100 інцыдэнтаў з пасажырамі

Грошы на развітанне і пахаванне Святланы Курс сабраныя

Японкі скардзяцца на валасатыя ногі мужчын у офісах. Гэта называюць «харасментам валасатымі галёнкамі»25

Арнэла Муці падаецца на атрыманне грамадзянства Расіі6

Каб пераадолець створаны ўладамі кадравы голад, у правінцыю перавялі служыць ксяндза з Мінска2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць