Кіно99

У расійскай франшызе пра халопаў выйшаў новы фільм — яго глядзяць і ў Беларусі

Камедыя «Халоп» з'явілася на экранах у 2019‑м і на некалькі гадоў стала самым касавым расійскім фільмам. Цяпер у беларускія кінатэатры завезлі ажно «Халопа-3».

Фота: кадр з трэйлера

У канцы 2019‑га расійскі рэжысёр Клім Шыпенка выпусціў камедыю «Халоп». У галоўныя героі ён паклікаў серба Мілаша Бікавіча. Той сыграў мажора Грышу, сына алігарха, якому яўна не хапіла бацькоўскага выхавання. Каб хоць трохі навучыць дарослага сына розуму, бацька арганізуе яму падарожжа ў жорсткія рэаліі прыгоннай Расіі, дзе хлопец знаходзіць каханне і стымул змяняцца ў лепшы бок. Каханую Бікавіча, дарэчы, грае Аляксандра Борціч — і гэта адна з зорных роляў беларускі.

«Халоп» сабраў у пракаце каля 62 мільёнаў даляраў і аказаўся адным з самых касавых фільмаў у расійскай гісторыі. Зрэшты, ці магло быць інакш? Тут вам і сямейныя каштоўнасці, і імкненне наставіць на розум ды пакараць багацеяў, і перамога справядлівасці — усё, што так важна расійскаму гледачу. Не кажучы пра тое, што гэта простая для разумення камедыя з добра прапісанай рамантычнай лініяй, прадстаўленая пад Новы год, калі глядзець складанае захоча не кожны.

Стваральнікі «Халопа» выпусцілі з таго часу сіквэл «Халоп-2», а таксама прадалі замежнікам правы на здымкі адаптацый. Свае «Халопы» ўжо выйшлі ў Манголіі, Францыі, Турцыі і Казахстане.

І вось цяпер — «Халоп-3». Экс-мажор Грыша кіруе праектам па перавыхаванні мажораў, дзе іх змяшчаюць у рэаліі мінулага гэтак жа, як некалі туды змясцілі самога Грышу. Працуе ён разам з эксцэнтрычным псіхолагам Львом Арнольдавічам (Іван Ахлабысцін), у іх шыкоўны офіс і касмічныя амбіцыі.

Фота: кадр з трэйлера

У той офіс прыходзяць дзеці буйных бізнэсменаў Вяземскіх. Іх бацькам вельмі трэба перавыхаванне: тыя так захапіліся эгаізмам і разбуральнымі паводзінамі, што ладзяць скандальны развод і заадно знішчаюць сямейную кампанію. Іх дзеці выкарыстоўваюць прызапашаныя 10 біткойнаў, каб зладзіць бацькам тое перавыхаванне.

На яго Вяземскіх адпраўляюць у дэкарацыі эпохі Пятра І — маўляў, у мажораў знайшліся сувязі з будаваннем караблёў, вось іх і змяшчаюць у часы імператара, дзякуючы якому ў Расіі з'явіўся флот. Іранічна, што расійскага імператара грае серб Бікавіч. Былы мажор Грыша перамог канкурэнтаў у барацьбе за гэтую ганаровую ролю.

Фота: кадр з трэйлера

Стваральнікі «Халопа-3» не сталі адмаўляцца ад традыцыйных метадаў мажорнага перавыхавання. Барыса Вяземскага (Павел Прылучны) адпраўляюць у тыя самыя халопы і ладзяць яму працатэрапію, а ягоную яшчэ пакуль жонку Алену (Крысціна Асмус) робяць багачкай.

У Барыса новая жонка — пышнацелая руская сялянка, у Алены новы муж — князь, нашмат старэйшы за яе. Новыя паловы, відавочна, мусяць падацца Вяземскім больш брыдкімі за стары варыянт з 21‑га стагоддзя, а заадно і зматываваць іх перагледзець стаўленне да свайго шлюбу. Шкада, што псіхолагу Ахлабысціну невядомыя іншыя метады барацьбы за каханне.

Фота: кадр з трэйлера

Вядома, «Халоп-3» атрымаўся наскрозь стэрэатыпным, і за гэта ў стужцы адказваюць сапсаваныя мажоры Вяземскія. Барыс лёгка прадае сямейную кампанію, звальняе шматгадовага супрацоўніка і патрабуе рабіць яму масаж проста ў офісе, Алена ж проста пры дзецях сварыцца з мужам настолькі, каб разбіць экран у дарагім тэлевізары. І як у такіх людзей атрымаліся разумныя і выхаваныя дзеці?

Гэта не адзіныя дзіркі ў сцэнарыі. Вяземскія — нагадаем, буйныя бізнэсмены! — аказваюцца настолькі дурнымі, што рэканструктары ад Ахлабысціна падсоўваюць ім турэцкага султана, які не размаўляе па-турэцку, і акцёраў, якія неаднаразова выдаюць сябе сучаснымі фразамі накшталт «ад усмешкі ўсім стане святлей».

І гэтыя ж людзі магічным чынам перавыхоўваюцца ад метадаў Грышы і Льва Арнольдавіча. Тое, што эксперымент удаўся — не спойлер, бо з самага пачатку ясна, якім будзе фінал.

Нягледзячы на прадказальнасць, глядзець «Халопа-3» можа быць цікава. Ахлабысцін, што і не дзіўна, спраўляецца з задачай паказаць псіхолага, якому самому трэба дапамога, Бікавіч і дзіцячыя акцёры таксама адпрацоўваюць на ўзроўні. Ад Прылучнага і Асмус патрабавалася толькі паказаць стэрэатыпных мажораў і іх магічнае перавыхаванне, гэтаму яны цалкам даюць рады.

Фота: кадр з трэйлера

Ды і сцэнар, хаця і дзіравы, атрымаўся дынамічным. Тут вам і сучасная Расія, і пятроўскія часы, і сам Пётр, а на дэсерт чакайце падарожжа ў Турцыю. Ёсць і шматлікія пасхалкі, напрыклад, да «Брудных танцаў».

Трэці з «Халопаў» відавочна прапагандуе сямейныя каштоўнасці. Вяземскія-старэйшыя, можа, і не гатовыя пазабіваць адно аднаго, але не надта супраць, калі гэта зробяць іншыя. Складана паверыць, што працатэрапія і пагрозы смерці могуць вярнуць у такую сям'ю любоў, а жорсткасць — перавыхаваць дзіцё ў целе дарослага чалавека. Але кожнаму пакаленню патрэбныя свае казкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Крынж
    21.06.2026
    С.. а! нават куры ў індыйскім Балівудзе перасталі несці яйкі ад смеху.)
    Ардынскія халопы гэта самая нізкая форма жыцця на Зямлі.
  • Хлоп хлоп
    21.06.2026
    Пра важнасць перамогі справядлівасці для расейскага гледача - гэта тут вы насмяшылі канешне ))
  • .
    21.06.2026
    "Каб хоць трохі навучыць дарослага сына розуму, бацька арганізуе яму падарожжа ў жорсткія рэаліі прыгоннай Расіі, дзе хлопец знаходзіць каханне і стымул змяняцца ў лепшы бок."

    Адвечная хітрая ідэя: каб зрабіць лепш, трэба зрабіць горш.
    Цяжка дадумацца да простага "каб зрабіць лепш, рабі лепш".
    У рускім свеце рабі дрэнна, жорстка, пасля растлумач, што насамрэч жадаеш добрага і так "навучаеш жыццю" (пераклікаецца з мараллю пра "настаўнікаў" булінгу-антыбулінгу ў карэйскім серыяле).

    Няма сэнсу глядзець гэта ўсё, нават калі з элементамі добрай акцёрскай гульні. Не марнуйце час на тупіковыя танныя ідэі, якія падмацоўваюць цемрашальства і барацьбу за "скрэпы", пошук ісціны ў жорсткім мінулым, якое яшчэ больш жорсткае за сучаснасць.
    З улікам і таго, што сусветны кінематограф столькі добрага і якаснага паздымаў, што жыцця не хопіць паглядзець найлепшае.

Цяпер чытаюць

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю5

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю

Усе навіны →
Усе навіны

Пакуль УСУ наносяць удары па НПЗ, Расія атакуе ўкраінскія АЗС. Якія наступствы гэтых атак?2

«У нас яны вельмі салодкія». Беларуска пахвалілася ўраджаем гіганцкіх кавуноў1

70‑гадовую пенсіянерку асудзілі на 15 гадоў за данаты на УСУ. Пасля прысуду яна заспявала «Рідна мати моя»27

Беларуская дызайнерка стварыла модную сукенку для індыйскай мадэлі. А ў Індыі вырашылі, што тая проста абгарнулася ў сцяг1

Колькі Крэмль плаціць прапагандыстам і ваенкарам, якія агітуюць людзей за вайну11

Хэдлайнерам на Дні горада ў Гродне будзе расійскі рэпер МОТ2

Маладая мінская грумерка пакінула дзяцей у бабулі і паехала ў Чалябінск у лабараторыю па вырабе наркотыкаў6

Мінчанка сцвярджае, што выхавацелька дзіцячага садка збіла яе сына4

Паэтка Наста Кудасава: Калі б засталася ў Беларусі, я б таксама маўчала4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю5

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць