У Мастоўскім раёне былых зняволеных цэнтралізавана адправілі ў сельгаспрадпрыемства «Імя Адама Міцкевіча» збіраць камяні і прыбіраць фермы. Міліцыя называе гэта «пераасэнсаваннем памылак», а праваабаронцы — парушэннем правоў чалавека, піша Hrodno.Life.

У Мастоўскім раёне людзей, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, накіравалі на працы ў сельгаспрадпрыемства «Імя Адама Міцкевіча», паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама. У афіцыйных паведамленнях іх называюць «падуліковымі»(«подучетными»).
Паводле звестак міліцыі, людзі займаліся ачысткай палёў ад камянёў — гэта, як сцвярджаецца, павінна знізіць рызыку паломкі тэхнікі і павысіць ураджайнасць. Таксама іх прыцягвалі да навядзення парадку на ферме, дзе жывуць цяляты.
Што кажуць у міліцыі
Падобныя «акцыі» праводзяцца рэгулярна. У ведамстве іх падаюць як элемент сацыялізацыі: праца на зямлі, паводле версіі праваахоўнікаў, павінна спрыяць «выпраўленню» і вяртанню да нармальнага жыцця.
«Праца, у тым ліку на свежым паветры і ў сельскай мясцовасці, дысцыплінуе чалавека, дае магчымасць пераасэнсаваць памылкі мінулага і адчуць прыналежнасць да жыцця раёна. Са свайго боку праваахоўнікі працягнуць спрыяць у працаўладкаванні і сацыялізацыі грамадзян, якія раней аступіліся, арыентуючы іх на пошук стабільнай крыніцы даходу, бо гэта залог законапаслухмянага ладу жыцця», — упэўнены ў міліцыі.
Пра тое, ці заплацілі людзям за працу, не ўдакладняецца.

Што кажуць праваабаронцы
Праваабаронцы адносяць такія працы ў сельскай гаспадарцы да катэгорыі прымусовай працы.
Практыка мабілізацыі людзей на абавязковыя працы ў мэтах эканамічнага развіцця супярэчыць Канвенцыі МАП №105, якая забараняе выкарыстанне прымусовай працы нават у выключных выпадках.
Міжнародныя структуры, уключаючы органы ААН, раней крытыкавалі падобныя практыкі, напрыклад, у Туркменістане, дзе дзяржаўных службоўцаў, студэнтаў і работнікаў прыцягваюць да сельгаспрац пад пагрозай санкцый. У Беларусі падобную ролю адыгрываюць сезонныя кампаніі: вясной — збор камянёў з палёў, восенню — збор ураджаю.
Акрамя людзей, якія знаходзяцца на ўліку, да такіх прац у Беларусі прыцягваюцца студэнты, бюджэтнікі, вайскоўцы і нават школьнікі.

-
Шрайбман: Ад адных чую, што Мінск стаў пустым і ўсе чакаюць вяртання людзей. А іншая пазіцыя: усё нармальна, з’ехалі — на здароўе
-
Святлана Шаціліна патлумачыла, чаму пакінула пасаду кіраўніцы Місіі дэмсіл Беларусі ва Украіне
-
Паездка на самакаце абышлася мінчанцы ў 16 тысяч даляраў — столькі давядзецца патраціць на зубы
Цяпер чытаюць
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
Каментары
«Arbeit macht frei»
Агульныя скрэпы таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя.